Чарлі Чаплін
Ча́рлз Спэ́нсэр Ча́плін (па-ангельску: Charles Spencer Chaplin; 16 красавіка 1889 — 25 сьнежня 1977) — выбітны ангельскі кінаактор, сцэнарыст, кампазытар і рэжысэр, унівэрсальны майстар кінэматографу, стваральнік аднаго з самых знакамітых вобразаў сусьветнага кіно — вобраза валацужкі Чарлі, які зьявіўся ў кароткамэтражных камэдыях, пастаўленых на паток у 1910-я гады на кінастудыі Кістоўна[3]. Чаплін актыўна выкарыстоўваў прыёмы мімікі і буфанады, хоць пачынаючы з 1920 году ў яго творчасьці сталі праходзіць значна больш сур’ёзныя сацыяльныя тэмы, чым гэта было ў раньнім пэрыядзе кароткамэтражнага кіно. Пачынаючы з красавіка 1914 году Чаплін стаў выступаць у якасьці рэжысэра і аўтара сцэнару большасьці фільмаў з уласным удзелам, з 1916 году ён таксама прадусаваў фільмы, а з 1918 — пісаў музыку.
Разам з Мэры Пікфард, Дугласам Фэрбэнксам і Дэйвідам Грыфітам Чарлз Чаплін заснаваў знакамітую кінастудыю United Artists у 1919 годзе[4].
Ляўрэат прэміі Амэрыканскай Кінаакадэміі 1973 і двойчы ўладальнік пазаконкурснага ганаровага Оскара 1929 і 1972. Ганаровую прэмію Оскар 1972 году Чаплін атрымаў з наступнай фармулёўкай заслугі артыста — за неацэнны ўнёсак у тое, што ў гэтым стагодзьдзі кінэматограф стаў мастацтвам[5]. Малодшы брат актора Сыдні Чапліна.
Чаплін быў адным з самых крэатыўных і ўплывовых людзей у эпоху нямога кіно. На творчасьць Чапліна вялікі ўплыў аказаў францускі комік Макс Ліндэр, якому ён прысьвяціў адзін са сваіх фільмаў[6]. Яго кар’ера пачалася яшчэ ў віктарыянскую эпоху, калі маленькі Чарлі ўпершыню выйшаў на сцэну Music Hall у Вялікабрытаніі і, расьцягнуўшыся на 75 гадоў, працягвалася практычна да самой сьмерці артыста ва ўзросьце 88 гадоў. Пасьля аглушальнага посьпеху ў Галівудзе, Чаплін быў вымушаны пакінуць ЗША пад націскам гучных скандалаў, выкрыцьцяў падрабязнасьцей яго асабістага жыцьця і абвінавачваньняў у спачуваньні камунізму ў эпоху макартызму напачатку 1950-х гг.
У 1999 годзе Амэрыканскі інстытут кінамастацтва паставіў Чарлі Чапліна на 10-е месца ў сьпісе 100 найвялікшых зор кіно за 100 гадоў пасярод мужчынаў. У 2008 годзе Мартын Сыф у рэцэнзіі на кнігу Чаплін: жыцьцё напісаў : «Чаплін быў ня проста вялікім чалавекам, ён быў гігантам. У 1915 годзе ён уварваўся ў сьвет быццам прывід са сваім дарам камэдыі, сьмеху і дапамогі, у той час, калі ўсё разрывалася на часткі ў Першай сусьветнай вайне, і цягам наступных 25 гадоў — і падчас Вялікай дэпрэсіі, і падчас узвышэньня Адольфа Гітлера, — ён працягваў ствараць… Наўрадці які-небудзь іншы чалавек калі-небудзь здолее прынесьці болей радасьці, задавальненьні і палёгкі у той момант, калі ў іх так маюць патрэбу большасьць людзей». Джордж Бэрнард Шоў назваў Чапліна «адзіным геніем, які выйшаў з кінаіндустрыі».
Біяграфія
рэдагавацьЧарлі Чаплін нарадзіўся 16 красавіка 1889 году ў Лёндане, у сям’і артыстаў мюзік-хола. Неўзабаве пасьля нараджэньня Чарлі яго бацькі разышліся; дзеці засталіся на апецы маці, Ханны Хэрыет Хіл, якая працягвала выступаць у вар’етэ. Празь некалькі гадоў яна страціла голас і ў 1896 годзе была вымушаная пакінуць сцэну. Браты Сыд і Чарлі (разам з маці) апынуліся ў работнай хаце ў Ламбэце, а затым былі аддадзеныя ў школу для сірот і бедных дзяцей.
Чарлі ўпершыню выступіў на сцэне ў 1894 годзе, у веку пяці гадоў, замяніўшы ў праграме мюзік-хола сваю маці. У канцы 1898 году ён паступае ў дзіцячую танцавальную групу «Восем ланкашырскіх хлопцаў». Пазьней крытыкі звалі фільмы Чапліна «фільм-балет». На каляды 1900 году «Ланкашырскія хлопцы» ўдзельнічалі ў пантаміме «Папялушка»; Чаплін у гарнітуры коткі ўпершыню атрымаў магчымасьць расьсьмяшыць гледачоў. Увесну 1901 году Чаплін сыходзіць з «Ланкашырскіх хлопцаў». 9 траўня 1901 году ў веку 37 гадоў памірае бацька Чапліна. Чарлі рэдка наведвае школу, працуе прадаўцом газэтаў, памагатым лекара, у друкарні і г. д., але нідзе падоўгу не затрымліваецца з-за малога ўзросту.
У 1903 годзе ён (у веку 14 гадоў) атрымлівае сталую працу ў тэатры і ролю пасланца Білі ў п’есе «Шэрлак Холмс». У гэты час Чаплін быў практычна непісьменным. Калі яму ўручылі тэкст ролі, ён баяўся, што яго спытаюць прачытаць услых некалькі абзацаў. Ролю яму дапамог вывучыць брат Сыдні.
На працягу некалькіх гадоў Чарлі таксама выступае ў вар'етэ. З 16 гадоў рэгулярна граў на скрыпцы па 4—16 гадзін у дзень, браў урокі ў тэатральнага дырыжора, або яго знаёмых.
21 лютага 1908 году атрымлівае месца актора ў тэатральным прадпрыемстве Фрэда Карно, якое пастаўляла гатовыя скэтчы і пантамімы для цэлага шэрагу мюзік-холаў, і неўзабаве становіцца адным з ключавых актораў у шэрагу пастановак (некаторыя зь якіх ён пазьней адаптаваў для экрана).
Чаплін з трупай Карно быў на гастролях у ЗША зь верасьня 1910 году па па чэрвень 1912 году. У 1912 годзе ён на пяць месяцаў вяртаецца ў Ангельшчыну, а 2 кастрычніка 1912 году малады чалавек прыяжджае разам з трупай Карно ў ЗША і застаецца ў гэтай краіне. Падчас аднаго з выступаў яго заўважае кінапрадусар Мак Сэнэт. Гульня Чарлі падабаецца Маку, і ён запрашае артыста на працу ў сваю студыю «Кістоўн Філм» (Keystone Film). 23 верасьня 1913 году Чаплін заключае кантракт з «Кістоўн Філм» з зарплатай у $150 у тыдзень.
Спачатку Чаплін спрабуе імітаваць даволі грубіянскі стыль сэнэтаўскіх камэдый-экспромтаў, аднак посьпех яму прыносіць менавіта адыход ад гэтага стылю. Неўзабаве ён становіцца знакамітым кінаакторам і пачынае фармаваць і навострываць свой экранны вобраз. Спачатку яго пэрсанаж Чэз (на здымачных «лапушках» у захаваных працоўных дублях ён пазначаўся як Chas Chaplin) выглядаў нахабным жулікам і лавэласам, аднак паступова ў ім зьяўляецца ўсё больш чалавечай цеплыні і лірызму, які глядач прывык зьвязваць з вобразам Маленькага Валацугі. Паступова асвойваючы ўсе новыя аспэкты кінавытворчасьці, Чаплін перастае задавальняцца толькі акторскай працай і ўгаворвае Сэнэта дазволіць яму самому ставіць фільмы. Неўзабаве Чаплін пачынае разумець, што праца на Сэнэта абмяжоўвае яго творчыя магчымасьці, і сыходзіць з «Кістоўн».
У 1914 годзе Чаплін самастойна здымае свой першы фільм (Засьпеты дажджом), у якім ён выступае ў якасьці актора, рэжысэра, і сцэнарыста.
Заробкі Чарлі хутка растуць: калі ў 1914 годзе ў «Кістоўн» ён атрымлівае $150 у тыдзень, то ўжо ў 1915 годзе ў студыі «Эсэнэй Філм» (Essanay Film) — $1250 у тыдзень плюс бонус $10 000 за кантракт; у 1916—1917 гадох, у «Мьючуэл Філм» (Mutual Film) — $10 000 у тыдзень плюс $150 000 за кантракт. У 1917 годзе Чаплін заключае са студыяй «Фёрст Нэшнл» (First National Pictures) кантракт на $1 млн, становячыся па тых часах самым дарагім акторам у гісторыі.
З часам ён вырашае здабыць творчую самастойнасьць і ў 1919 годзе засноўвае студыю «Юнайтэд Артыстс» (United Artists) сумесна з Мэры Пікфард, Дугласам Фэрбэнксам і Дэвідам У. Грыфітам.
У 1921 годзе Чаплін зьдзяйсьняе вандраваньне ў Эўропу. У Лёндане і Парыжы пры яго зьяўленьні зьбіраюцца велізарныя натоўпы. За тры першых дня ў Лёндане Чаплін атрымаў 73000 лістоў. У Бэрліне яго ніхто ня ведаў, у пасьляваеннай Нямеччыны фільмы Чапліна не паказваліся. Другі візыт у Эўропу Чаплін зьдзейсьніў у 1931 годзе — падчас прэм’еры фільма «Агні вялікага горада». У трэці раз Чаплін пабываў у Эўропе ў 1936 годзе падчас паказу фільма «Новыя часы».
Да 1922 г. Чаплін ня меў уласнай хаты — жыў у арандаваных хатах, гасьцініцах, і клюбе. У 1922 Чаплін пабудаваў сваю хату ў Бэвэрлі-Хілз. У хаце акрамя 40 пакояў была кіназаля і арган.
Славу Чапліну прынесла нямое кіно, і хоць гук зьявіўся ў фільмах ужо ў 1927 годзе, Чарлі застаецца адданым старой кінатэхніцы яшчэ цэлае дзесяцігодзьдзе. Першай цалкам гукавой карцінай Чапліна стаў «Вялікі дыктатар» — антыгітлераўскі фільм, зьняты ў 1940 годзе. Гэта быў апошні фільм, дзе выкарыстоўваецца вобраз валанцужкі-Чарлі.
У 1952 годзе Чаплін стварае фільм «Агні рампы» — аповед аб лёсе творчага чалавека і аб творчасьці наогул. 17 верасьня 1952 году ён адпраўляецца ў Лёндан на сусьветную прэм’еру «Агнёў рампы», і кіраўнік ФБР Эдгар Гувэр дамагаецца ад іміграцыйных улад забароны на зваротны ўезд актора ў краіну. Чаплін пасяляецца ў Швайцарыі, у мястэчку Вэвэ.
У Швайцарыі Чаплін піша музыку да сваіх старых нямых фільмаў, агучвае фільм «Залатая ліхаманка».
Актор быў узнагароджаны савецкай Міжнароднай прэміяй Міру ў 1954 годзе.
У сваім фільме «Кароль у Нью-Ёрку» (1957) Чаплін усё яшчэ сам гуляе галоўную ролю.
У 1964 годзе Чаплін выдае свае мэмуары, якія леглі ў аснову біяграфічнага мастацкага фільма «Чаплін» (1992).
Апошні фільм «Графіня з Ганконга» Чаплін ставіць па сваім сцэнары ў 1967 годзе; галоўныя ролі ў фільме выканалі Сафі Ларэн і Марлон Брандо.
У 1972 годзе Чаплін у другі раз атрымаў ганаровага «Оскара». Для гэтага ён прыехаў на кароткі час у ЗША — яму далі толькі абмежаваную візу. 4 сакавіка 1975 году Чаплін быў прысьвечаны ў рыцары каралевай Лізаветай II.
Артыст сканаў 25 сьнежня 1977 году ў сваёй хаце ў Вэвэ.
2 сакавіка 1978 году труна зь целам Чапліна была выкапаная і выкрадзеная з мэтай атрыманьня выкупу. Паліцыя арыштавала злачынцаў і Чаплін быў перапахаваны 17 траўня 1978 году.
Чаплін быў жанаты чатыры разы, у яго было 11 дзяцей. Некаторыя зь іх таксама спрабавалі сябе ў якасьці актораў; найбольшую вядомасьць як акторка атрымала Джэральдына Чаплін.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Weissman S. M. Chaplin: A Life (анг.) — 1 — NYC: Arcade Publishing, 2008. — P. 10. — ISBN 978-1-55970-892-0
- ^ Weissman S. M. Chaplin: A Life (анг.) — 1 — NYC: Arcade Publishing, 2008. — P. 90. — ISBN 978-1-55970-892-0
- ^ David Blanke The 1910s. — illustrated. — Westport, CT: Greenwood Publishing Group, 2002. — ISBN 0-313-31251-6
- ^ Michael Haupert The Entertainment Industry. — Westport, CT: Greenwood Publishing Group, 2006. — ISBN 0-313-32173-6
- ^ Charlie Chaplin prepares for return to United States after two decades
- ^ Shawna Kelly Aviators in Early Hollywood. — illustrated. — Mount Pleasant, SC: Arcadia Publishing, 2008. — ISBN 0-7385-5902-4
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (анг.)
- Музэй Чапліна (анг.)
- Архіў Чарлі Чапліна (анг.)