Жорж Мэльес
Мары-Жорж-Жан Мэльес (па-француску: Marie-Georges-Jean Méliès, [meljɛs]; 8 сьнежня 1861, Парыж, Францыя — 21 студзеня 1938, Парыж, Францыя) — францускі ілюзіяніст і кінарэжысэр, які ўвёў у кінэматограф мноства тэхнічных і сюжэтных навінак. Ягоныя фільмы вылучаюцца выкарыстаньнем спэцэфэктаў, такіх тэхнік, як накладаньне кадраў(en), шматкротная экспазыцыя, запаволеная кіназдымка, пераплыў(en), ручное падфарбоўваньне. Аднымі з найбольш вядомых ягоных твораў зьяўляюцца «Падарожжа на Месяц» (1902) і «Неверагоднае падарожжа» (1904), якія апісваюць неймаверна дзіўныя падарожжы ў стылі Жуля Вэрна і лічацца аднымі з найзначнейшых раньніх навукова-фантастычных фільмаў, хоць яны бліжэй да фэнтэзі.
Жорж Мэльес | |
Georges Méliès | |
Жорж Мэльес к. 1890 року | |
Імя пры нараджэньні | Мары-Жорж-Жан Мэльес |
---|---|
Дата нараджэньня | 8 сьнежня 1861 |
Месца нараджэньня | Парыж |
Дата сьмерці | 21 студзеня 1938 (76 гадоў) |
Месца сьмерці | Парыж |
Прычына сьмерці | рак |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | кінарэжысэр, актор, ілюзіяніст |
Гады дзейнасьці | 1888—1923 |
Дзеці | Georgette Méliès[d] |
Узнагароды | |
IMDb | ID nm0617588 |
Сайт | melies.eu |
Подпіс | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьМары-Жорж-Жан Мэльес нарадзіўся ў сям’і шаўца Жана-Люі-Станісьляса Мэльеса і нідэрляндкі Яганы-Кацярыны Шурынг. Бацька Яганы-Кацярыны таксама быў шаўцом; яна дапамагла Жану-Люісу-Станісьлясу заснаваць у Парыжы абутковую фабрыку, і да часу нараджэньня трэцяга ў сям’і Жоржа сям’я стала заможнаю.
Жорж зь сямігадовага веку навучаўся ў Ліцэі Мішле, а пасьля ягонага разбурэньня ў франка-прускай вайне быў пераведзены ў прэстыжны Ліцэй Людовіка Вялікага. Зь дзесяці гадоў захапіўся стварэньнем папяровых лялечных тэатраў, а падлеткам стаў рабіць і марыянэтак. У 1880 року скончыў ліцэй у званьні бакаляўра.
Пасьля навучаньня дапамагаў братам весьці абутковы бізнэс, дзе навучыўся шыць. Бацька накіраваў Жоржа ў Лёндан на службу да сябра сям’і. У Ангельшчыне Жорж Мэльес стаў наведваць Эгіпецкую залю, дзе выступаў лёнданскі ілюзіяніст Джон Нэвіл Маскелайн, і тут захапіўся ілюзіянізмам. У 1885 року Мэльес вярнуўся ў Парыж з намерам вывучаць малярства ў Школе прыгожых мастацтваў, аднак бацька адмовіўся аплачваць адукацыю, і Жорж уладкаваўся на сямейную фабрыку. Тады ж ажаніўся з Эжэні Жэнэн, дачкой сябра сям’і. Яны мелі дачку Жаржэту і сына Андрэ.
Працуючы на абутковай фабрыцы, Мэльес працягваў наведваць выступы ілюзіяністаў у Тэатры Рабэра-Удына, пачаў браць заняткі па сцэнічнай магіі, некалькі разоў выступаў на сцэне. У 1888 року, пасьля адыходу бацькі ад справаў, Жорж Мэльес прадаў сваю дзелю ў прадпрыемстве братам і за выручаныя грошы ды за жонкаў пасаг набыў тэатар Рабэра-Удына, заняўшыся яго мадэрнізацыяй.
Цягам дзевяці гадоў Мэльес уласна стварыў больш за 30 новых нумароў кшталту тых, якія бачыў у Лёндане, і значна павысіў наведвальнасьць тэатра. Адной з найвядомейшых ягоных ілюзіяў стаў Упарты абезгалоўлены чалавек, калі пасярод прамовы прафэсару адразалі галаву, але яна працягвала гаварыць, пакуль не злучалася зь целам наноў. Усё болей Жорж стаў выконваць у тэатры адміністратарскія функцыі, чым выступаць на сцэне. Быў рэжысэрам, прадусэрам, сцэнарыстам, майстрам сцэны і касьцюмаў, прыдумляў мноства штукаў. Пры пакупцы з тэатрам да яго перайшоў галоўны мэханік і артыстка Жана Д’Альсі, якая пазьней стане ягонай другой жонкай. З узростам папулярнасьці тэатру Жорж Мэльес прыцягнуў да сябе ілюзіяністаў Буат’ер Дэ Кальту, Дзюпэрэя і Райналі. У тэатры зьявіліся пантамімы, аўтаматоны, чароўныя ліхтары, спэцэфэкты (сьнегапад, маланка).
28 сьнежня 1895 року Мэльес наведаў прыватны паказ фільмаў братоў Люм’ер, зладжаны для ўласьнікаў парыскіх дамоў відовішчаў. Пасьля гэтага ён паспрабаваў набыць адзін зь іхніх кінапраектараў для свайго тэатру, аднак атрымаў адмову. У гэты час у Эўропе існавалі ўжо некалькі майстроў-кінэматаграфістаў, якія мелі ўласныя падобныя машыны, хоць і не такія тэхнічна дасканалыя; Мэльес паехаў у Лёндан з прапановай да Робэрта Ўільяма Пола. Той прадаў яму свой «Аніматограф» і некалькі фільмаў. У красавіку 1896 року ў тэатры Рабэра-Удына фільмы ўжо дэманстраваліся штодзённа.
Мэльес дапрацаваў Аніматограф, каб той мог здымаць фільмы на стужку. У верасьні 1896 року ён разам зь Люсьенам Карстэнам і Люсьенам Рэўлёсам запатэнтаваў чыгунную камэру-праектар. Але ў 1897 року ў продажы зьявіліся лепшыя камэры, тады ён набыў іх для свайго шоў.
Фільмы пачаў здымаць у траўні 1896 року, у канцы таго ж году з Рэўлёсам заснаваў кінакампанію. З 1896 па 1913 рок Мэльес зрэжысаваў каля 500 фільмаў працягласьцю ад 1 да 40 хвілінаў. Найчасьцей гэтыя фільмы былі падобныя да ягоных магічных шоў: без асаблівага сюжэту, але напоўненыя штукарствамі і ўнікальнымі спэцэфэктамі, напрыклад зьнікненьнямі прадметаў ці зьмяненьнем памераў.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная бачына
- Жорж Мэльес (анг.) на сайце IMDb