Крыўча
Кры́ўча — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Малажынскага сельсавету.
Крыўча лац. Kryŭča | |
Дата заснаваньня: | перад 1574 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Малажынскі |
Насельніцтва | |
колькасьць: | 80 чал. |
колькасьць двароў: | 33 (2019) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
Паштовы індэкс: | 247629 |
СААТА: | 3203836028 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°44′21″ пн. ш. 30°25′48″ у. д. / 51.73917° пн. ш. 30.43° у. д.Каардынаты: 51°44′21″ пн. ш. 30°25′48″ у. д. / 51.73917° пн. ш. 30.43° у. д. |
± Крыўча |
Гісторыя
рэдагавацьКарона Каралеўства Польскага
рэдагавацьНайранейшая згадка пра паселішча датаваная 15-м сакавіка 1574 году, калі маёнтак Брагін быў падзелены паміж унукамі князя М. В. Збараскага князямі Аляксандрам і Міхаілам Аляксандравічамі Вішнявецкімі[1]. Тады
Село Кривча з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, с чертежами, лесами, полми и сеножатми
дасталося князю Міхаілу.
Потым Крыўча згаданая ў 1628 годзе, калі, як занатавана ў адпаведным тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з 3 дымоў (×6 — каля 18 жыхароў) sioła Krywicza мусіў плаціць па 3 злотыя[2]. Адміністрацыйна ўвесь Брагінскі маёнтак у той час і да разбораў Рэчы Паспалітай належаў да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.
У 1638 годзе князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму сваю палову Брагінскага замку і места з фальваркам Глухавічы, 22 сёламі, сярод якіх — Krzywica, ды яшчэ з 3 хутарамі[3].
28 чэрвеня 1687 года хутар Крыўча названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, якія трывалі працяглы (ад лістапада 1686 г. да самых świątek zielonych) пастой рэестравых казакоў запарозскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 1 двары (≈ 6 жыхароў) тут разьмясьціўся казак без каня. Хутарцы выдалі легуміны 3 вядры ды 5 злотых[4].
У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, засьведчана, што futor Krzywce належаў да часткі Брагінскага маёнтку, якую трымаў у заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага пан Аляксандар Антоні Бандынэлі, падкаморы дорпацкі[5]. Але ў 1733 годзе А. Бандынэлі пакінуў сьвет жывых, а князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі ці не ўпершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[6]; такім чынам, большасьць ранейшых заставаў, што да брагінскіх добраў, была спыненая.
У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) брагінскай вёскі Крыўчы, выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 24 гр.[7]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
Вёска Крыўча прысутная ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Крыўча апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[8]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, даведваемся, што вёскі Крыўча, Юркавічы, Цюцькі, Зарэчча, Сьцяжарнае, Дублін, Сьпярыжжа, якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, былі ў арэндзе ў пана Дыяніза Козела[9]. У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласьцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзыдэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў, сярод якіх быў і фальварак Крыўча з аднайменнай вёскай[10].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыўча ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[11].
Насельніцтва
рэдагаваць- 2004 год — 40 гаспадарак, 107 жыхароў
- * 2019 год — 33 двары, 80 жыхароў[12]
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. – Мінск, 2000. С. 185 – 194 Публікацыя М. Ф. Сьпірыдонава
- ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 393
- ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 154
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 284
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 188
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ^ Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016. С. 211
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Малажынскі сельсавет
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.