Карэлія (гістарычная вобласьць)

гістарычная вобласьць у Паўночнай Эўропе

Карэ́лія (карэльск. і фін. Karjala; па-расейску: Карелия; па-швэдзку: Karelen) — тэрыторыя ў Паўночнай Эўропе, спрадвечная зямля карэлаў. Тэрытарыяльна падзеленая між Расеяй (фэдэральныя суб’екты Рэспубліка Карэлія ды Ленінградзкая вобласьць) і Фінляндыяй (вобласьці Паўднёвая ды Паўночная Карэлія). Плошча — каля 200 000 км². Насельніцтва — расейцы, фіны, карэлы, беларусы, вэпсы.

Прыкладная тэрыторыя Карэліі на сучаснай мапе

Каардынаты: 63° пн. ш. 32° у. д. / 63° пн. ш. 32° у. д. / 63; 32

Карэльскі нацыянальны сьцяг Карэльскі дзяржаўны сьцяг
Сьцягі Карэліі. Зьлева — нацыянальны, справа — дзяржаўны ў складзе Расеі
Карэльскі гістарычны герб Карэльскі дзяржаўны герб
Гербы Карэліі. Зьлева — фінляндзкі, справа — дзяржаўны ў складзе Расеі

Тэрмінам «Карэлія» называюцца розныя рэгіёны. Правінцыя гістарычнай Фінляндыі — Фінская Карэлія — цяпер падзеленая між Фінляндыяй ды Расеяй і часта па-фінску называецца Кар’яла. У сёньняшняй Фінляндыі Кар’ялай называюцца вобласьці Паўднёвая ды Паўночная Карэліі, хоць частка гістарычнай Карэліі ўваходзіць яшчэ ў Кюменляяакса, Паўночнае ды Паўднёвае Сава.

Усходняя лютэранская частка гістарычнай Карэліі, якая адышла да РСФСР пасьля Зімовай вайны 1939—1940 рокаў, цяпер зьяўляецца фэдэральным суб’ектам у складзе Расейскай Фэдэрацыі; у яго ўключаная і так званая Ўсходняя Карэлія зь пераважна праваслаўным насельніцтвам.

У гістарычных тэкстах сустракаецца падзел Карэліі на Ўсходнюю ды Заходнюю, ці інакш Расейскую ды Фінскую адпаведна. Тэрыторыя на поўнач ад Ладагі, якая да Другой сусьветнай вайны належала Фінляндыі, называецца Ладаскай Карэліяй, у склад якой уваходзіць Карэльскі пярэсмык. Паўночная частка Ўсходняй Карэліі між Белым морам і расейска-фінляндзкай граніцай называецца Белай Карэліяй, паўднёвая, разьмешчаная між Анескім і Ладаскім азёрамі — Алонецкай.

Геаграфія

рэдагаваць

Карэлія распасьціраецца ад Белага да Балтыйскага мора. З поўдня на поўнач працягваецца з 60° паўночнай шыраты да палярнага круга. З усходу абмежаваная Белым морам, Анескім ды Ладаскім азёрамі; з поўдню — Фінскім залівам; заходнюю граніцу ўтварае возера Саймаа.

Граніцай між Карэліяй ды Інгрыяй, зямлёй блізкіх да карэльцаў інгрыйцаў, пачаткова была рака Нява; пазьней яна зьмясьцілася паўночней да Карэльскага пярэсмыку ўздоўж ракі Сястры.

На тэрыторыі Карэліі разьмешчаныя два найвялікшыя возеры Эўропы: Ладага ды Анега.

Расейская Карэлія

рэдагаваць

80% карэльскай тэрыторыі ўваходзіць у аўтаномную Рэспубліку Карэлія ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. Ейная плошча складае 180,5 тыс. км², насельніцтва — 703 080 чалавек (2005), пераважна расейцаў (76,6%) і карэлаў (9,2%). Найбольшыя месты — Петразаводзк, Кондапага, Сягежа і Кастамукша.

Карэльскі пярэсмык — вузкі пас зямлі паміж Балтыйскім морам і возерам Ладагай, які адышоў да РСФСР у 1940 року, фінскае насельніцтва выселенае, цяпер пераважна тут пражываюць расейцы. Тэрыторыя пярэсмыку ўваходзіць у Выбарскі, Прыазёрскі і часткова Ўсеваласкі раёны Ленінградзкай вобласьці. Найбольшыя месты: Выбарг, Прыазёрск.

Фінская Карэлія

рэдагаваць

Фінскай Карэліяй называюцца тэрыторыі, прылеглыя да расейскай часткі. Яны былі пастаянным прадметам спрэчак між Швэцыяй, Фінляндыяй ды Расеяй. Мясцовае насельніцтва размаўляе карэльскімі дыялектамі фінскай мовы, вызнае часткова праваслаўе, часткова лютэранства.

Паўднёвая ды Паўночная Карэліі ўваходзяць у склад фінскіх правінцыяў Паўднёвая ды Ўсходняя Фінляндыя адпаведна. Найбольшыя месты — Лапээнранта ды Ёэнсуў.

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Мапа Інгрыі ды Карэліі (1740-я)

У IX—X стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Карэліі зьявіліся першыя дзяржаўныя ўтварэньні. Галоўны гаспадарча-культурны цэнтар знаходзіўся на Ладазе, дзе паўстала сталіца Кякісалмі. У гэты час Карэлія трапіла ў сфэру ўплыву Кіеўскай Русі. Гандлявалі карэлы ня толькі з славянамі, а таксама з нарманамі ды надвалжанскімі баўгарамі.

У XII стагодзьдзі Карэлія стала часткаю Наўгародзкай рэспублікі. У 1227 року Карэлія прыняла праваслаўе.

Неўзабаве між Швэцыяй ды Ноўгарадам за тэрыторыю Карэліі пачаліся войны. У канцы XIII стагодзьдзя швэды авалодалі землямі ў раёне Карэльскага пярэсмыку, дзе ў 1293 року заснавалі цьвердзь Вібарг. Частка карэлаў была навернутая ў каталіцтва. Пасьля Арэхаўскай мірнай дамовы 1323 року сталіцай швэдзкай часткі Карэліі стаў Вібарг.

У 1478 року Ноўгарадзкая зямля ўлучаная ў склад Маскоўскага княства. Швэды ўзнавілі барацьбу за гэтыя землі ў канцы XVI стагодзьдзя. У 1581 року яны занялі ўвесь Карэльскі пярэсмык, адваяваны Расеяй у 1595 року. Пасьля шэрагу канфліктаў у 1617 року паводле Сталбоўскага міру большая частка расейскай Карэліі адышла да Швэцыі, што пацягнула за сабой перасяленьне тысячаў карэлаў у Масковію.

У 1649 року расейцы заснавалі ля швэдзкай мяжы новы адміністрацыйна-гандлёвы цэнтар — цьвердзь Алонец. У пачатку XVIII стагодзьдзя Пётар I пачаў адваёву швэдзкай Карэліі. У 1721 року большасьць ейнай тэрыторыі адышла да Расеі паводле Ніштадзкага міру, а ў 1743 пасьля Абаскага міру пад уладу Расеі трапіла і паўднёвая Карэлія. Пасьля Фінскай вайны тэрыторыя Фінляндыі разам з Карэліяй былі ўключаныя ў склад Вялікага княства Фінляндзкага. У 1917 року Фінляндыя абвясьціла незалежнасьць.

У 1918—1920 роках фінскія партызаны намагаліся скінуць бальшавіцкую ўладу ва Ўсходняй Карэліі, каб далучыць яе да Фінляндыі. Гэтыя пераважна беспасьпяховыя наезды спыніліся пасьля заключэньня Тартускай мірнай дамовы, якая вызначыла граніцу РСФСР зь Фінляндыяй. Па ўтварэньні СССР (1922) расейская частка Карэліі стала аўтаномнай рэспублікай РСФСР (1923).

У 1939 СССР напаў на Фінляндыю. У 1940 у Маскве была падпісаная мірная дамова, паводле якой да Савецкага Саюзу адышла большая частка Фінскай Карэліі. Амаль усё насельніцтва, 400 000 чалавек, вымушанае было зьехаць у Фінляндыю. У 1941 року вайна ўзнавілася, і да 1944 року Карэлія належала Фінляндыі. Пасьля мірнай дамовы 1944 року Фінляндыя пазбавілася свайго другога паводле велічыні места — Війпуры; прамысловага рэгіёну ўздоўж ракі Вуаксі; Сайменскага каналу, які злучаў цэнтральную Фінляндыю зь Фінскім залівам; доступу да рыбалоўнага возера Лаатака; восьмая частка насельніцтва сталі бежанцамі.

Пасьля Другой сусьветнай вайны Карэльская АССР была ўключаная ў склад Карэла-Фінскай ССР, у 1956 ізноў пераўтворанай у АССР. Пасьля распаду СССР Карэлія стала рэспублікай у складзе Расейскай Фэдэрацыі.

Насельніцтва

рэдагаваць

Расейская частка населеная пераважна маскальскамоўнымі, якія насяляліся сюды замест высланых карэнных народаў. У апошнія гады існаваньня СССР налічвалася ўсяго каля 12% карэлаў, а пасьля ягонага распаду частка карэлаў выехала ў Фінляндыю. Існуюць фінскамоўная меншасьць і некалькі роднасных меншасьцяў. Карэльская мова распаўсюджаная ў Карэліі і карэльскіх вёсках Цьвярской вобласьці. Уздоўж ракі Сьвір жывуць носьбіты больш аддаленай вэпскай мовы.

Тэрыторыя на фінскай частцы населеная фінскамоўнымі жыхарамі. У Паўднёвай Карэліі сустракаюцца так званыя карэльскія дыялекты, якія ўтвараюць паўднёва-ўсходнія гаворкі фінскай мовы. Гаворкі Паўночнай Карэліі належаць вялікай групе саванскіх дыялектаў.

У Інгрыі (ваколіцы Санкт-Пецярбургу між эстонскай граніцай і Ладаскім возерам) ужываюцца інгерманляндзкія гаворкі.

Карэлія — папулярная турыстычная мясьцовасьць як у Расеі, так і ў Фінляндыі дзякуючы ўнікальным архітэктурным, культурным і гістарычным помнікам. Кіскі пагост — адзін з найстарэйшых музэяў на вольным паветры, аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў Расеі.

Узімку тут можна пакатацца на сабачых запрэжках ці папарыцца ў лазьні з акунаньнем у палонку.

Глядзіце таксама

рэдагаваць