Дзік

(Перанакіравана з «Кабан»)

Дзік (вяпрук, дзікая сьвіньня) — сысун з атрада парнакапытных, падатрада сьвінападобных, сямейства сьвіньняў. Зьяўляецца продкам свойскай сьвіньні.

Дзік
Дарослы вяпрук (2010 г.)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ПадцарстваСапраўдныя шматвузавыя
РазьдзелДвухбакова-сымэтрычныя
НадтыпДругаснаротыя
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
НадклясаЧатырохногія
КлясаСысуны
ПадклясаЗьвяры
ІнфраклясаВышэйшыя зьвяры
НадатрадЛяўразіятэрыі
АтрадПарнакапытныя
ПадатрадНяжвачныя
СямействаСьвіньні
РодДзікі
ВідДзік
Падвіды
Бінамінальная намэнклятура
Sus scrofa Карл Лінэй
Арэал
Зялёным месцы пашыранасьці дзікоў, сінім месцы акліматызаваньня (2007 г.)

Пашыраны ў Эўразіі і Паўночнай Афрыцы. Акліматызаваны ў Амэрыцы. Трымаецца малымі статкамі. Старыя самцы (секачы) і саміцы з парасятамі — паасобку. Даўжыня да 2 мэтраў. Маса да 300 кіляграмаў. Афарбоўка ад сьветла-бурай і шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела пакрытае пругкім і доўгім шчаціньнем з падшэрсткам. Галава вялікая і клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія. Вочы маленькія. Рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вялікія, у самцоў загнутыя ўгору і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім па 4—6 парасятаў, зрэдку да 12. Прадмет промыслу[1].

Паводзіны

рэдагаваць

Увесну і ўлетку дзікі трымаецца пераважна хваёва-дубова-грабовых лясоў, алешнікаў і поплаваў рэк. Улетку таксама наведвае палі ў пошуках корму. Увосень пераважна жыве ў хваёвых лясах з дамешкам дубу і заходзіць у паплавы рэк і на ўзьлескі. Узімку трапляецца ў мяшаных і сухіх хваёвых лясах, алешніках. Часта дзікі гінуць ад бяскорміцы, эпізаотыяў і сьнежных заносаў. Прыкладам у суворую зіму 1840 году ў Белавескай пушчы знаходзілі статкі па 20—30 мёртвых дзікоў. Старыя секачы (самцы) трымаюцца асобна ад статку, да якога далучаюцца толькі на час гону. Корміцца жалудамі, сьцябламі, карэньнямі і пладамі дзікіх расьлінаў, мышападобнымі грызунамі, лічынкамі вусякоў і дажджавымі чарвякамі. Месцамі шкодзіць пасевам бульбы і аўса. Плоцевая сьпеласьць настае ў 2—3 гады. Гон у лістападзе—сьнежні. Цяжарнасьць да 120 содняў. У сакавіку—красавіку нараджае 4—8 (зрэдку 10—12 парасятаў), якія праз 1,5—2 тыдні пакідаюць логава. У 3 месяцы пераходзяць на падножны корм[2].

Даўжыня цела дзіка ў сярэднім складае каля 130—140 см. Маса 100—150 кг, зрэдку да 200 кг. Цела пакрытае доўгім, пераважна бурым шчаціньнем з падшэрсткам. Рыла доўгае. У ніжняй сківіцы 2 іклы, пры даўжыні ў самцоў 6—10 см[2].

Беларусь

рэдагаваць

Дзік быў прадметам паляваньня ў Беларусі з часоў палеаліту. У 10-м разьдзеле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў 2-і артыкул «Цана дзікім зьвярам», які прадугледжваў спагнаньне за незаконную здабычу дзіка коштам з карову: «Устанаўліваем цану дзікім зьвярам, якія былі б забітыя кім-небудзь у чужой пушчы: ... за дзіка або за сьвіньню — рубель (100) грошаў»[3]. На пачатку 20 ст. найбольш дзікоў было ў Белавескай пушчы, дзе іх налічвалася 2—3 тыс. асобінаў. На 1936 г. у Беларусі было каля 1500 дзікоў, якія пераважна жылі на поўдні краіны. У 1950 г. было каля 5000, хоць цалкам адсутнічалі ў большасьці раёнаў Магілёўскай вобласьці. З 1965 году ў Беларускай ССР увялі адстрэл дзікоў па дзяржаўных дазволах, паводле якіх штогод здабывалі 2—4 тыс. дзікоў. Частку нарыхтаванага мяса сталі прадаваць за мяжу. У 1970 годзе ўжо налічвалася 18,3 тыс. дзікоў, якія пашырыліся па ўсёй Беларусі, найбольш у Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях. На пачатку 1982 году іх лік склаў 27,9 тыс. асобінаў[2]. У 1990—1995 гадах налічвалася 26—36 тыс. дзікоў[1]. Паводле зімовага ўліку на пачатку 2012 году, у Беларусі налічвалася каля 80 000 дзікоў[4].

  1. ^ а б Леанід Кірыленка. Дзік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 113. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  2. ^ а б в Людміла Корачкіна. Дзік // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1983. — Т. 2. — С. 178. — 522 с. — 10 000 ас.
  3. ^ Разьдзел Х. Аб пушчах, аб паляваньні, аб дрэве бортным, аб азёрах і сенажацях // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 / перакл. Алена Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — С. 152. — 207 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0243-8
  4. ^ Сяргей Расолька. Распачалося паляваньне на казулю // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2012. — № 92 (27207). — С. 1. — ISSN 1990-763x.