Забарона летувіскага друку

Забаро́на жамо́йцкага (летуві́скага) дру́ку лаці́нскімі («польскімі») лі́тарамі (лет. spaudos draudimas) — частковы захад, які выкарыстоўвалі ўлады Расейскай імпэрыі дзеля зьмяншэньня ўплыву польскай і літоўскай шляхты (і, увогуле, усякага нерасейскага ўплыву) на Жамойці ў другой палове XIX стагодзьдзя.

Афіцыйны загад Аляксандра II на летувіскай мове, але кірылічным альфабэтам (налева) і загад Мураўёва-вешальніка аб забароне друкаваць летувіскія кнігі «польскімі літарамі» (направа)
Летувіскія кнігі, афіцыйна (з дазволу расейскай цэнзуры) надрукаваная летувіскай лацінкай у Казані (1882 год) і Вільні (1895 год)

У час здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскі начальнік «Паўночна-Заходняга краю» Мураўёў-вешальнік ужыў захады да падтрымкі і прапаганды жамойцкай (летувіскай) мовы: 1 лютага 1864 году ў сваім цыркуляры ён дазволіў «незалежна ад расейскай мовы навучаньне мове жамойцкай як мясцовай гаворцы, а таксама і катэхізму на гэтай мове»[a], а 5 лютага 1865 году выдаў загад «прапанаваць біскупу Валанчэўскаму, пад асабістым яго назіраньнем неадкладна распарадзіцца складаньнем зборніка або перакладу на жамойцкую мову пропаведзяў Бялабрэскага і Філіпецкага»[b][1]. Напярэдадні паўстаньня ў 1862 годзе ў прадстаўленьні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксандра Шырынскага-Шыхматава(ru) да кіраўніка Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі Аляксандра Галаўніна(ru) адзначалася, што адной з мэтаў адкрыцьця школаў на Жамойці (пад якой найперш разумелася этнічна летувіская Ковенская губэрня) мусіць быць умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці[c] зь бесьперапынным пераконваньнем тамтэйшых сялянаў, што яны жамойты і літоўцы (ліцьвіны) і што ўлады Расейскай імпэрыі жадаюць не русіфікаваць іх, а наблізіць іхныя інтарэсы да інтарэсаў Расеі[3]:

« На Жамойці — умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці, зусім не варожай Расеі і ўраду ў ніжэйшых пластах насельніцтва, і бесьперапыннае ўнушэньне сялянам, што яны не палякі, а жамойты і літоўцы, і што Расея не жадае зусім русіфікаваць іх, а хоча толькі зблізіць іх інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы. »
«Расейскі лемантар зь перакладам словаў і фразаў на жамойцкую мову» (1861 год) і «Жамойцка-літоўскі буквар», выдадзены ў 1864 годзе на загад Мураўёва-вешальніка

Раней, у 1861 годзе Аляксандар Шырынскі-Шыхматаў афіцыйна паведамляў генэрал-губэрнатару Ўладзімеру Назімаву(ru), што большасьць сельскага насельніцтва Ковенскай губэрні размаўляюць па-жамойцку, а большасьць сельскага насельніцтва Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрніяў — па-беларуску. Адпаведна, у народных вучэльнях дзеля першых прапаноўвалася выкладаць па-жамойцку, а дзеля другіх — толькі па-расейску. Тым часам літоўская і летувіская мовы (рас. литовский язык) у гэтым дакумэнце не ўпаміналіся[4]:

Так, у большай частцы Ковенскай губэрні, населенай жамойтамі, якія маюць сваю пісьменнасьць, хоць яшчэ і нязначную, але якая прадстаўляе ўжо для народу малітоўнікі, календары і некаторыя іншыя карысныя кнігі на жамойцкай мове, на якой народ слухае пропаведзі ў касьцёлах і спавядаецца ў гэтай губэрні, навучаньне ў пачатковых вучэльнях жамойцкай грамаце варта дазволіць, выкладаньне ж польскай мовы, на якой гавораць абшарнікі і чыноўнікі, у гэтыя вучэльні ня ўводзіць, пакінуўшы яе толькі ў гімназіях і прагімназіях. У губэрнях жа Віленскай, Гарадзенскай і Менскай вялікая частка сельскага насельніцтва размаўляе беларускай гаворкай, таму і народныя вучэльні ў гэтых мясцовасьцях маюць быць чыста расейскімі.

Праграмы выкладаньня летувіскай мовы ў Панявескай настаўніцкай сэмінарыі: рас. «Программа преподавания жмудского языка» (налева), рас. «Программа жмудско-литовского языка» (направа)
Папулярная дзеля доваду русіфікацыі летувісаў выява табліцы з расейскім тэкстам: «Говорить по-литовски строго воспрещается», тым часам такая шыльда вісела ў Зьдзецельскай валасной управе да 1885 году і нібы тычылася ня некалькіх тысячаў беларускаймоўных жыхароў воласьці, а толькі 293 асобаў з роднай летувіскай мовай (паводле перапісу 1897 году)[5]

Па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады пачалі актыўна падтрымліваць летувіскі нацыянальны рух (усе дзеячы якога паходзілі з Жамойці, прытым у яе цяперашніх афіцыйных летувіскіх межах[6]) у супрацьвагу моцным пазыцыям польскага руху за адраджэньне Рэчы Паспалітай[7]. Імпэрскі ўрад пачаў заахвочваць жамойцкія (летувіскія) асьвету і друк[8], жамойцкую (летувіскую) мову зрабілі мовай навучаньня ў Мар’ямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. Гэтую мову таксама выкладалі ў Сейненскай і Сувалкаўскай гімназіях. Акруговы інспэктар Мікалай Новікаў, які займаўся ўладкаваньнем школаў у Ковенскай губэрні, 25 жніўня 1864 году пісаў папячыцелю Віленскай навучальнай акругі Івану Карнілаву(ru): «Гэтая сумесь гаворкі дае надзею на магчымасьць стварыць на развалінах розных гаворак расейскую і жамойцкую мовы»[d], а 11 верасьня таго ж году — «Дазволю сабе ня першы раз паўтарыць, што сапраўдны стан літоўскай мовы ў Ковенскай губэрні дапускае магчымасьць і ўзнавіць яе з развалінаў, і на гэтых развалінах стварыць хоць-якую іншую мову»[e]. 7 лютага 1869 году віленскі архіяпіскап Макары (Булгакаў)(ru) пісаў да обэр-пракурора Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) «Адны мы, расейцы, мусім клапаціцца не пра тое, каб русіфікаваць літоўцаў, а пра тое, каб захаваць і распрацоўваць іх мову, даць ім граматыку і слоўнік іх мовы і праз тое спрыяць падтрыманьню іх нацыянальнасьці…»[f][1]. Выдадзеная ў 1869 годзе кніга «Апошняе слова пра польскае пытаньне ў Расеі», якая апісвала захады дзеля абмаскаленьня колішняга Вялікага Княства Літоўскага, вызначала ў «Заходнім краі» наступныя тры «народнасьці»: жмудзінаў, якіх прапаноўвалася ніяк не русіфікаваць і ўсяляк падтрымліваць («калі яны пачнуць паважаць расейцаў, яны стануць цалкам адданымі нам і мы ўсё наступнае стагодзьдзе можам быць пэўнымі ў іх адданасьці»); беларусаў, якія «людзі чыста расейскія, але… стаяць на найніжэйшай ступені разьвіцьця, таму ў палітычных дачыненьнях абсалютна нікчэмныя; яны будуць рабіць тое, што прымусяць абставіны»; трэцяя жа «народнасьць» у кнізе не называлася паводле імя, адзначалася толькі, што яна насяляе Гарадзенскую, большую частку Віленскай і Менскай губэрняў і што, калі жмудзінаў і беларусаў можна прывязаць да Расеі, то гэтая трэцяя «народнасьць» ёсьць напраўду вельмі небясьпечнай праз сваю гістарычную варожасьць да «маскалёў»[9]. У 1885 годзе ў расейскай прэсе асьвятлялася наведваньне летувіскіх вучэльняў Ковенскай губэрні генэрал-губэрнатарам Іванам Каханавам(ru), калі той заахвочваў мясцовае насельніцта да летувіскай (жамойцкай) мовы, у тым ліку загадаў хлопчыку чытаць малітву «Ойча наш» па-летувіску: «ты ліцьвін, дык навошта молісься па-польску, а не на сваёй мове?» (рас. «ты литвин, так зачем же молишься по-польски, а не на своем языке?»)[10].

Летувіскі малітоўнік, надрукаваны лацінкай да забароны (налева) і кірыліцай па забароне (направа)

6 (18) верасьня 1865 году генэрал-губэрнатар «Паўночна-Заходняга краю» Канстанцін Каўфман забараніў друкаваньне жамойцкіх выданьняў лацінскімі літарамі. Гэты захад прывёў да ўзьнікненьня руху кніганошаў, якія перасьледаваліся расейскімі ўладамі[11]. За 1889—1904 гады было канфіскавана 234 тыс. асобнікаў перавезеных з суседняе Прусіі выданьняў лацінскімі літарамі. Агулам за час дзеяньня забароны за яе парушэньне было затрымана 3047 чалавек, частка зь іх некалькі разоў. Звыш 160 чалавек былі высланыя з месцаў пражываньня, а каля 40 чалавек былі пакараныя рознымі тэрмінамі турэмнага зьняволеньня.

7 траўня 1904 году расейскія ўлады афіцыйна скасавалі забарону на летувіскі друк лацінскім альфабэтам. Цяпер гэты дзень у Летуве адзначаецца як «Дзень вяртаньня друку, мовы й кнігі» (лет. Spaudos atgavimo, kalbos ir knygos diena).

  1. ^ рас. «независимо от русского языка обучение языку жмудскому как местному наречию, а также и катехизису на этом языке»
  2. ^ рас. «предложить епископу Волончевскому, под личным его наблюдением немедленно распорядиться составлением сборника или перевода на жмудский язык проповедей Бялобрежского и Филипецкого»
  3. ^ Сярод іншага, захавалася сьведчаньне заахвочваньня з боку расейскіх ураднікаў да зьмены славянскіх формаў прозьвішчаў летувісаў («жмогусаў») на летувіскія[2]
  4. ^ рас. «Эта смесь говора дает надежду на возможность создать на развалинах разных говоров русский и жмудский языки»
  5. ^ рас. «Позволю себе не в первый раз повторить, что настоящее состояние литовского языка в Ковенской губернии допускает возможность и воссоздать его из развалин, и на этих развалинах создать какой угодно другой язык»
  6. ^ рас. «Одни мы, русские, должны заботиться не о том, чтобы обрусить литовцев, а о том, чтобы сохранить и разрабатывать их язык, дать им грамматику и словарь их языка и чрез то содействовать поддержанию их национальности…»
  1. ^ а б Сталюнас Д. Идентификация, язык и алфавит литовцев в российской национальной политике 1860-х годов // Ab imperio. № 2, 2005. С. 225—254.
  2. ^ Русский вестник. Т. 43, 1879. С. 38.
  3. ^ Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22.
  4. ^ Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 4—5.
  5. ^ Зинкявичус З. Восточная Литва в прошлом и настоящем. — Vilnius, 1996. С. 187.
  6. ^ История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — Вильнюс, 2013. С. 124.
  7. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 348.
  8. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  9. ^ Отечественныя записки. Т. 192. — СПб., 1870. С. 53—54
  10. ^ Каблиц И. И. Интеллигенция и народ в общественной жизни России. — СПб., 1886. С. 224.
  11. ^ Книгоноши и даракторюсы литвы в 1864—1904 годах). Резюме // Kaluškevičius B., Misius K. Lietuvos knygnešiai ir daraktoriai 1864—1904. — Vilnius, 2004. P. 7—11, 667—668.