Дэвулінскае замірэньне
Дэву́лінскае замірэ́ньне (па-польску: Rozejm w Dywilinie, па-расейску: Деулинское перемирие) — мірнае пагадненьне між Рэччу Паспалітай ды Маскоўскай дзяржавай, падпісанае 11 сьнежня 1618 року (або 3 студзеня 1619) ў вёсцы Дэвуліна пад Масквой. Скончыла вайну між гэтымі дзяржавамі, пачатую ў 1609 року. Вялікае Княства Літоўскае па ўмовах трактату атрымала Смаленшчыну, а Карона Каралеўства Польскага — Чарнігава-Северскую зямлю.
Дывілінскае замірэньне | |
Рэч Паспалітая пасьля падпісаньня Дэвулінскай мірнай дамовы. Аранжавым колерам пазначаныя атрыманыя паводле вынікаў вайны тэрыторыі. | |
Падпісаная | 11 сьнежня 1618 (406 гадоў таму) |
---|---|
· месца | Дэвуліна |
Набыла моц | 3 студзеня 1619 |
· умовы |
|
Тэрмін дзеяньня | 14,5 гадоў |
Страціла моц | 1632 |
Бакі |
Перадгісторыя
рэдагавацьУ 1609 року была абвешчаная вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй, хоць фактычна вайсковыя дзеяньні ішлі з 1605 року. У часе кампаніі Рэч Паспалітая акупавала значную частку Маскоўскай дзяржавы; у 1610 року Сямібаяршчына абрала на маскоўскі сталец царом польскага каралевіча Ўладыслава, а ў Маскве стаў гарнізон Рэчы Паспалітай. Аднак пасьля народных паўстаньняў у 1611—1612 роках палякі былі выгнаныя з сталіцы Маскоўскага царства, а таксама страцілі большасьць заваяваных местаў, акрамя Смаленску. У 1616 року літоўска-польскае войска пачала новы наступ, у ходзе якога пачало беспасьпяховую аблогу Масквы.
Зьнясіленьне ад шматгадовых забурэньняў у часе «Дзімітрыяды», набліжэньне літоўска-польскага ды казацкага войскаў гетмана Пятра Сагайдачнага, унутраная нестабільнасьць змусілі маскоўскі бок пагадзіцца на мірныя перамовы.
Перамовы
рэдагавацьПерамовы пачаліся яшчэ ў часе знаходжаньня войска Ўладыслава пад Масквой — на рацэ Прэсьні 31 кастрычніка 1618 року. З боку Рэчі Паспалітай іх вялі «камісары» — прысутныя з войскам шляхцічы, якія кантралявалі дзеяньні Ўладыслава і вялікалітоўскага гетмана Яна Караля Хадкевіча ды падпарадкоўваліся непасрэдна каралю і Сэнату:
- Леў Сапега — канцлер вялікі літоўскі;
- Адам Навадворскі — біскуп камянецкі;
- Канстантын Пліхта — кашталян сахачаўскі;
- Аляксандар Гансеўскі — рэфэрэндар літоўскі.
З маскоўскага боку на перамовах прысутнічалі:
- Баярын Фёдар Шарамецеў;
- Баярын князь Данііл Мезяцкі;
- Акольнічы Арцемі Ізмайлаў;
- Дзякі Іван Балотнікаў ды Іван Сомаў.
Літоўска-польскі бок на перамовах настойваў на прызнаньні Ўладыслава маскоўскім царом і на перадачы Пскову, Ноўгараду і Цьверы, маскоўскі бок — на вяртаньні ўсіх забраных земляў, вывадзе войскаў з маскоўскай тэрыторыі і вяртаньні палонных. На другой сустрэчы 2 лістапада маскоўская дэлегацыя пагадзілася наўзамен на 20-гадовае замірэньне саступіць Смаленск і Рослаў. Літоўска-польскі бок у сваю чаргу дапускаў магчымасьць адмовы Ўладыслава ад тытулу цара ў абмен на Пскоў, вяртаньне ўсіх літоўскіх земляў, страчаных у канцы XV—XVI стагодзьдзях, і кампэнсацыі ваенных выдаткаў.
Другі этап перамоваў адбываўся ў Маскве і ў ваколіцах Троіца-Сергіева манастыру, куды прыйшло літоўска-польскае войска. Становішча абодвух бакоў горшала. Войска Рэчы Паспалітай пакутавала ад халадоў і нястачы харчаваньня. Зь іншага боку, маскоўскі ўрад турбавалі няспынныя рабаваньні з боку праціўніка, у асаблівасьці казакоў.
Асноўныя пункты мірнай дамовы ўзгаднілі ў Маскве прадстаўнікі Рэчы Паспалітай Ян Грыдыч і Крыштап Сапега. Працягваліся спрэчкі датычна сьпісу перадаваных Рэчы Паспалітай гарадоў, тэрміну замірэньня і тытулаў Міхаіла Раманава ды Ўладыслава Вазы. 20 лістапада пад манастыр прыбыло маскоўскае пасольства, якое настойвала на сваім варыянце замірэньня без аніякіх выпраўленьняў. 6 сьнежня дайшло да пагрозаў аднавіць ваенныя дзеяньні і Лжэдымітрыяду, пасьля чаго маскоўскі бок пагадзіўся на прапанаваныя ўмовы.
Умовы пагадненьня
рэдагавацьПадпісаньне мірнае дамовы адбылося 11 сьнежня.
- Замірэньне мела дзейнічаць 14,5 гадоў ад 3 студзеня 1619 да 3 ліпеня 1633 року.
- Масковія аддавала Рэчы Паспалітай наступныя месты: Смаленск, Рослаў, Дарагабуж, Белую, Сярпейск, Трубчэўск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, Манастырскі з вакольнымі землямі.
- Рэч Паспалітая вяртала месты: Казельск, Вязьма, Мяшчоўск, Масальск замест местаў Почапу, Старадубу, Невелю, Себежу, Краснага і Паповай Гары з вакольнымі землямі.
- Азначаныя тэрыторыі мелі быць перададзеныя да 25 лютага 1619 року разам з жыхарамі і маёмасьцю. Вярнуцца ў Масковію дазвалялася толькі купцам, дваранам і праваслаўным сьвятарам.
- Да 25 лютага 1619 року з тэрыторыі Масковіі мелі выйсьці як літоўска-польскія войскі, так і ўкраінскія казакі.
- Маскоўскі цар Міхаіл I Раманаў пазбаўляўся тытулаў князя чарнігаўскага, северскага, смаленскага ды інфлянцкага.
- 25 лютага меў адбыцца абмен ваеннапалоннымі.
- Маскоўскаму боку меў вярнуцца абраз сьвятога Мікалая, захоплены ў Мажайску.
- Маскоўскі і літоўска-польскі бакі мелі ўлетку 1619 року выслаць на новую граніцу камісараў дзеля межаваньня земляў.
- Уладыслаў Ваза захаваў права называцца царом маскоўскім у дакумэнтах Рэчы Паспалітай.
Значэньне
рэдагавацьДывілінскае замірэньне стала найбуйнейшым посьпехам Рэчы Паспалітай у барацьбе з Маскоўскай дзяржавай. Граніца між двума краінамі перасунулася далёка на ўсход, амаль вярнуўшыся да стану часоў Івана III. Да 1621 року, калі Рэч Паспалітая вымушаная была аддаць Інфлянты Швэцыі, ейная тэрыторыя ўпершыню ў гісторыі перавысіла 1 мільён км². Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ўпершыню стаў афіцыйна прэтэндаваць на маскоўскі сталец.
Тым ня менш, Рэч Паспалітая аказалася ня здольная на далейшую экспансію на ўсход, а Масковія скончыла шматгадовае ўнутранае ліхалецьце ды спыніла пагрозу страты незалежнасьці.
Мірная дамова не пратрывала абумоўленых тэрмінаў. Увосені 1632 року, па сьмерці Жыгімонта III Вазы, Масковія пачала ваенныя дзеяньні з мэтай вярнуць Смаленшчыну. Вайна скончылася праз два гады мірнай дамовай, якая пацьвердзіла ўмовы Дэвулінскага замірэньня. Аднак Уладыслаў Ваза адмовіўся ад прэтэнзіяў на маскоўскі сталец.