Аблога Масквы (1618)

аблога Масквы ў часе вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 рокаў

Аблога Масквы (па-расейску: Московское осадное сидение) — аблога места Масквы войскам Рэчы Паспалітай на чале з Уладыславам Вазам і вялікім гетманам літоўскім Янам Каралем Хадкевічам у зьвязе з запароскімі казакамі пад даводзтвам гетмана Пётры Сагайдачнага.

Аблога Масквы
Дата: верасень — кастрычнік 1618
Месца: Маскоўская дзяржава
Вынік: перамога маскоўскага войска
Супернікі
Масковія Рэч Паспалітая
Камандуючыя
  • Міхаіл I
  • Васіль Куракін
  • Іван Катыроў-Растоўскі
  • Сямён Празароўскі
Колькасьць
11 500 чал., у т. л.:
  • да 8000 чал.
  • Запароскія казакі — да 18 000 чал.
Агульныя страты
нязначныя

Апошняя буйная баявая дзея паходу Ўладыслава Вазы 1617—1618 рокаў і ўсяе вайны 1609—1618 рокаў. Цягам кароткай аблогі адбылася спроба штурму Масквы, якая не прывяла да посьпеху. Пасьля няўдалае аблогі літоўска-польскае кіраўніцтва пайшло на заключэньне Дэвулінскага замірэньня.

Перадумовы

рэдагаваць

Напрыканцы 1616 року кароль Жыгімонт III прыняў рашэньне яшчэ раз паспрабаваць захапіць Маскву. Паход быў аздоблены як выступ «законнага» цара Ўладыслава Вазы супраць «узурпатара» Міхаіла Раманава. У паходзе мелі ўзяць удзел каронныя войскі на чале з Уладыславам (6000 чал.) і літоўскія пад даводзтвам вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча (6500 чал.). Уладыслаў рушыў з Варшавы 5 красавіка 1617 року, але толькі ў верасьні прыбыў у Смаленск. Маскоўскі ўрад сьцягнуў на заходні кірунак амаль усе наяўныя сілы і ў раёне Мажайску аказаў сур’ёзны супраціў. Бітва пад Мажайскам працягвалася ўсё лета 1618 року. У выніку маскоўскія войскі вымушаныя былі адступіць, аднак затрымалі прасоўваньне літоўска-польскага войска і моцна саслабілі яго. У выніку пад Маскву дайшло толькі блізу 8000 чалавек. Адной з прычынаў адступленьня маскоўскіх войскаў стала ўварваньне запароскіх казакаў на чале з гетманам Пятром Сагайдачны. Казакі, скарыстаўшыся адсутнасьцю буйных сілаў маскоўцаў, лёгка прайшлі з паўднёвага захаду да Масквы, на шляху захапіўшы Ліўны, Ялец і шэраг іншых крэпасьцяў.

22 верасьня [ст. ст. 2 кастрычніка] 1618 літоўска-польскае войска падышло да Масквы і разьмясьцілася ў Тушыне, на месцы колішняга лягеру Ілжэдзьмітрыя II, а Сагайдачны — ля Данскога манастыру, прыкрываючы пераправу праз Маскву-раку сваіх абозаў. Уладыслаў засяродзіў усе свае сілы на вырашальныя дзеі. Агульная колькасьць войска разам з казакамі Сагайдачнага складала 25 000 чалавек.

Маскоўскі гарнізон складаў каля 11 500 чалавек. Зь іх прыкладна 5500 чалавек было сабраным па ўсім месьце апалчэньнем. Аднак Масква ня была заблякаваная, што дазваляла бесьперашкодна дасылаць папаўненьне абаронцам.

Хада аблогі

рэдагаваць

Хадкевіч прыняў рашэньне атакаваць Маскву з ходу ўжо ўночы з 10 на 11 кастрычніка, каб ня даць дайсьці маскоўскаму падмацаваньню. Паводле ягонага пляну 5000 запарожцаў мелі зладзіць падманны штурм у Замаскварэччы, каб адцягнуць частку сілаў на сябе. Галоўны ўдар быў заплянаваны з захаду і паўночнага захаду; пасьля разбурэньня Арбацкай і Цьвярской брамаў у места ўваходзілі лісоўчыкі, райтары і запарожцы.

Аднак маскоўскія ваяводы здолелі падгледзець перасоўваньні войскаў Рэчы Паспалітай, а таксама наконадні штурму на іхні бок перабеглі два францускія майстры-падрыўнікі, якія распавялі пра пляны падрыву брамаў, а самае галоўнае — пра час пачатку штурму. Маскоўцы пасьпелі прывесьці войскі ў поўную баявую гатоўнасьць. Таму атака на Цьвярскую браму была адбітая, а запарожцы ўвогуле не наважыліся пачаць бітву. Пры Арбацкай браме палякі пасьпелі замацавацца на лініі драўляных умацаваньняў і пачалі закладку пэтардаў. Аднак пасьля падыходу да абаронцаў нямецкіх наймітаў палякі былі выбітыя з умацаваньня. Хадкевіч зь невядомай прычыны не аказаў дапамогі, хоць меў дастаткова сілаў.

Няўдача штурму азначала крышэньне надзеяў Рэчы Паспалітай на здабыцьцё маскоўскага стальцу. Працяг ваенных дзеяньняў у такой сытуацыі ня меў пэрспэктываў, і польскія камісары пры Ўладыславе прынялі рашэньне ўзнавіць мірныя перамовы. А паколькі на той час літоўска-польская дзяржава і запароскія казакі заваявалі некалькі дзясяткаў местаў ды крапасьцей і працягвалі пагражаць як сталіцы, так і буйным цэнтрам (Яраслаўлю і Калузе), дык падпісаньне Дэвулінскага замірэньня адбывалася на ўмовах Рэчы Паспалітае.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць