Гісторыя Улы
Ула — даўняе места Полацкага ваяводзтва, пры ўтоку ракі Ула ў Дзьвіну.
Храналёгія
рэдагаваць- XIV ст.: першыя згадкі пра невялікае паселішча з назвай Ула ў Полацкім княстве.
- XVІ ст.: у Полацкім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага існавала мястэчка Ула, якое належала С. Саковічу (1440) і яго жонцы, Я. Гальшанскаму (1546), М. Радзівілу (1551), Кішкам, Жабам.
- 1563: згодна з загадам Жыгімонта II Аўгуста за 35 км на поўнач ад мястэчка Ула[1] пачалося будаўніцтва Вульскага замка; але работы, якімі кіраваў вэнэцыянскі інжынэр, спыніў напад атраду маскоўскіх войскаў, будаўнікі загінулі.
- 1568: адбудова Вульскага замка.
- 1570-я: пад сьценамі замка ўзьнікла места Ула.[1]
- 26 студзеня 1577: атрымала пэўныя мескія правы, а 27 студзеня[1] — уласны герб «у чырвоным полі замак зь вежай пасярэдзіне»[2] («замок и вежу одну»[1]).
- 1580: паводле загаду Стэфана Баторыя вакол Вульскага замка быў насыпаны магутны вал (6 м вышынёй).
- 31 сакавіка 1648: атрымала Магдэбурскае права.[1]
- 1669: у Вуле збудавалі драўляны касьцёл Сьв. Духа.
- 1764: у месьце 8 вуліцаў і 2 слабады, 187 двароў.[1]
- 1793: у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, гандлёвае мястэчка Лепельскага павету Полацкай (1793—1796), а з 1802 — Віцебскай губэрняў.
- 1861: цэнтар воласьці.
- 1881: у мястэчку знаходзіліся валасное праўленьне, 3 царквы, касьцёл, сынагога, школа, 4 габрэйскія школы, прыстань, 2 гарбарні, 48 крамаў, 6 заезных дамоў. Побач з Вулой (1 км), у маёнтку Аўгустбэрг, працавалі бровар і вадзяны млын. Частка местачкоўцаў у якасьці лоцманаў нанімаліся на баркі і плыты, праводзілі іх па Дзьвіне ў Рыгу.
- 1924—1930: цэнтар Вульскага раёну Полацкай акругі.
- 1931: у Бешанковіцкім раёне.
- 1938: атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку.
- 1946—1956: зноў цэнтар аднайменнага раёну.
- 8 красавіка 2004: статус паселішча паніжаны да пасёлку, адначасова скасаваны Ульскі пасялковы савет і створаны Ульскі сельсавет.
Інфлянцкая вайна
рэдагавацьУ час панаваньня вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста ў 1566 годзе стасункі з Маскоўскім княствам усё больш ускладняліся.Маскоўскі цар Іван IV Жахлівы у дыпляматычных лістах і прамовах дэкляраваў мір, аднак у рэчаіснасьці яго не хацеў; нягледзячы на замірэньне, рабаўнічыя аддзелы з Масковіі пляжылі памежныя літоўскія правінцыі. А тым часам цар Іван IV, рыхтуючыся да вайны, загадаў закласьці на захопленых землях некалькі абарончых замкаў, у іх ліку зьявіўся замак каля старажытнага мястэчка пры ўпадзеньні Улы да Дзьвіны на мысе — доўгім і вузкім кавалку зямлі, які далёка ўваходзіў паміж імі і праз гэта быў рэкамі абаронены. Замак у Уле праз геаграфічнае становішча мусіў утвараць для цара пункт стратэгічна важны; таму таго ж году на сойм у Вільню былі ён накіраваў сваіх паслоў. За абавязковую ўмову ставілі яны захаваньне за Масквою Полацкіх правінцыяў з усімі замкамі, у тым ліку і Улы, жадаючы адступленьня Рэчы Паспалітай да мяжы Віленскага ваяводзтва, а таксама патрабавалі ўсе Інфлянты аж да Дзьвіны. Вядома, вялікі князь адкінуў гэтыя ганебныя ўмовы, і вайна зрабілася непазьбежным вынікам няўдалых перамоваў.
У 1568 годзе Жыгімонт II Аўгуст зрабіў вялікую вайсковую падрыхтоўку, сканцэнтраваўшы да 100 000 войска, як падлічваюць нашы храністы, у Радашкавічах, куды і прыехаў з вайсковым аглядам, прабыўшы ў лягеры два месяцы, якія выкарыстаў для навукі і падрыхтоўкі жаўнераў. Калі ж дзяржаўная справа, а менавіта перамовы з інфлянцкімі пасламі ў Горадні, змусілі яго пакінуць лягер, распусьціўшы значную частку сабранага войска і перадаўшы камандаваньне Яну Гераніму Хадкевічу, жамойцкаму старосту, і паслаўшы яго здабываць расейскую крэпасьць Улу. Сам жа вярнуўся ў Горадню. Гэта выправа мела перадусім палітычную мэту; а менавіта падтрымаць меркаваны бунт баяраў, якіх мусіў падбухторыць нейкі шляхціч Казлоў, жанаты з Карсакоўнай. Казлоў быў таемна пасланы ад Літоўскіх сэнатараў да Масквы дзеля сувязі з тамтэйшымі баярамі, мусіў пераказаць ім сакрэтны плян, згодна зь якім баяры мелі выдаць Івана IV каралю, а князя Ўладзімера Андрэевіча пасадзіць на царскі трон. Калі Казлова другі раз паслалі з той сакрэтнай місіяй, ён быў злоўлены і пасаджаны на палю. Калі вайсковыя падрыхтоўкі, зробленыя Жыгімонтам II Аўгустам у такім вялікім маштабе і з такім вялікім розгаласам, праз каралеўскую непасьлядоўнасьць, былі скончаныя, тую нягеглую вайну з гумарам назвалі «Курынай». Ян Геранім Хадкевіч спрабаваў узяць Улу, але беспасьпяхова. Пазьней яго замяніў Раман Сангушка, які ў выніку дзёрзкага прыступу здолеў захапіць адну з наймацнейшых маскоўскіх фартэцыяў на Полаччыне.
У далейшым Ула з замкам зрабілася памежнай цьвярдыняй супраць нападаў Масквы. У 1580 годзе Стэфан Баторы рыхтаваўся да паходу на Вялікія Лукі. У Чашніках ён зьбіраў войскі, а пасьля прыняцьця там маскоўскага пасла асабіста выехаў да замка ў Вуле з мэтай яго ўзмацненьня для абароны краю, які заставаўся бяз войска, што рушыла на Вялікія Лукі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Максім Макараў. Ула // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 685
- ^ Ула(недаступная спасылка) // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004.
- Ула // Князева, В. Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. — Мн., 2005.— 303 с. ISBN 985-01-0549-6. — С. 91.
- Ула // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Uła // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 789
- З гісторыі Улы // Зара (Бешанковічы). — 2001. — 13 сак.
- Кавалеўскі, С. Ула // Народнае слова. — 2004. — 6 лістап.
- Крачкоўскі, А. Ула і магдэбургскае права // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 8 чэрв.
- Крачкоўскі, А. Надаў Уле герб — «замак і вежу адну» // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 14 жн.