Гісторыя Смалявічаў
Смалявічы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Смалявічы («Смальнявічы») як уладаньне крэўскага намесьніка Алехны Даргіевіча датуецца 1448 годам[1]. Існуюць зьвесткі, што ў 1508 годзе вялікі князь падараваў паселішча гетману Канстантыну Астроскаму[1]. Аднак гісторык В. Насевіч прыйшоў да высновы, што пэргамін з дадзенай згадкай трэба вызнаць фальшыўкай, зробленай недзе ў XVII або нават XVIII стст.[2]
У 2-й палове XVI ст. Смалявічы перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў, у чыіх руках заставаліся потым на працягу амаль трох стагодзьдзяў. У 1586 годзе староста барысаўскі і гетман вялікі Крыштап Радзівіл заснаваў тут мястэчка. Паводле інвэнтару на 1588 год мястэчка Смалявічы зьяўлялася цэнтрам маёнтку, у склад якога ўваходзіла сяло Смалявічы.
У пачатку XVII ст., як сьведчаць інвэнтары, у мястэчку Смалявічы было 4 вуліцы — Менская, Барысаўская, Царкоўная і Дворная; колькасьць двароў дасягнула 138. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Смалявічы трапілі пад маскоўскую акупацыю, у выніку якой у тут засталося толькі 77 двароў (1669)[2]. Паводле інвэнтару, на 1781 год у мястэчку было 5 вуліцаў — да чатырох ранейшых далучылася вуліца Прудовая; двароў налічвалася 74.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Смалявічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году сталі цэнтрам воласьці Барысаўскага павету. Сьпярша мясьціна знаходзілася ў валоданьні Вітгенштэйнаў, потым Гагенлёэ. У пачатку ХІХ ст. тут існаваў палац, які згарэў у 1819 годзе. У 1871 годзе каля Смалявічаў збудавалі чыгуначную станцыю Вітгенштэйнаўская. На 1863 год у мястэчку існавалі земская народная вучэльня, паштова-тэлеграфнае аддзяленьне, бровар, рамесныя майстэрні вытворчасьці вопраткі і абутку, кузьні.
Згодна з вынікамі перапісу (1897) у Смалявічах было 299 двароў, дзейнічалі 2 царквы, капліца, працавалі валасная ўправа, земская народная вучэльня, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, рамесныя майстэрні вырабу абутку і адзеньня, 8 кузьняў. У пачатку XX ст. працавалі наступныя прамысловыя прадпрыемствы: фабрыкі лесапільная і дрэваапрацоўчая (з 1894 году), лесапільная і мукамольная (з 1890 году), лесапільная мануфактура (з 1895 году), гута «Вікторыя» (з 1909 году). У 1918 годзе мястэчка займалі нямецкія, у 1919—1920 гадах — польскія войскі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смалявічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[3]. У 1924 годзе Смалявічы сталі цэнтрам раёну. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
7 сакавіка 1968 году Смалявічы атрымалі статус места. 5 верасьня 2000 году адбылося афіцыйнае зацьвярджэньне мескага гербу[4]. 13 верасьня 2008 году ў парку каля каталіцкай капліцы адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка сьвятому Валянтыну[5].
Галерэя
рэдагаваць-
Бакавы фасад Мікольскай царквы, да 1914 году
-
Інтэр'ер Мікольскай царквы, да 1914 году
-
Рынак, да 1914 году
-
Рынак, да 1914 году
-
Рака Пліса, да 1914 году
-
Царква-мураўёўка, да 1914 году
-
Царква-мураўёўка, 1918 год
-
Царква-мураўёўка, 1918 год
-
Станцыя Вітгенштэйнаўская, да 1918 году
-
Дом культуры, 1932 год
-
Станцыя Смалявічы, 1935 год
-
Вуліца Царкоўная. Прафэсійная тэхнічная вучэльня
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 601
- ^ а б Насевіч В. Смалявіччына ў перыяд феадалізму // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смалявіцкага р-на і г. Жодзіна. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Энцыклапедычныя звесткі горада Смалявічы(недаступная спасылка) на smaliavichy.by
- ^ Помнік святому Валянціну ў Смалявічах на Catholic.by
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смалявіцкага р-на і г. Жодзіна. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 766 с. ISBN 985-6302-26-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889.