Гісторыя Сапоцкіна

Сапоцкін — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і дзьве капліцы-пахавальні. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Прачыстай Багародзіцы, збудаваная ў 1780 годзе і зруйнаваная савецкімі ўладамі ў 1970-я.

Лямус каля Сапоцкіна, 1909 год

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню Сапоцкін упамінаецца ў XVI ст. як мястэчка Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. У Вялікую Паўночную вайну ў красавіку 1703 году мястэчка занялі швэдзкія войскі пад камандаю Карла XII.

У 1786 годзе Сапоцкін атрымаў права на штогадовых кірмашы. У 1793 годзе мястэчка ўвайшло ў Гарадзенскае ваяводзтва. У гэты час Сапоцкін меў уласны герб: «у блакітным полі срэбны вол з залатымі рагамі»[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Лямус

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Сапоцкін апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 году — у Варшаўскім герцагстве. У 1815 годзе мястэчка далучылі да Царства Польскага Расейскай імпэрыі (спачатку ў Аўгустоўскай губэрні, а з 1867 году — у Аўгустоўскім павеце Сувальскай губэрні).

На 1827 год у Сапоцкіне было 98 дамоў. У 1858 годзе колькасьць будынкаў узрасла да 160, зь іх 3 мураваныя. У 1900 годзе тут працавалі маслабойныя і шкляныя заводы.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сапоцкін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Сапоцкін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Валавічоўцы ў Аўгустоўскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 294 дамы.

У 1939 годзе Сапоцкін увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай, з 1944 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 чэрвеня 1941 да 18 ліпеня 1944 году Сапоцкін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

У 1959 годзе Сапоцкінскі раён скасавалі, а мястэчка ўвайшло ў склад Гарадзенскага раёну. У 1978 годзе ўтварыўся Сапоцкінскі батанічны заказьнік.

  1. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 230.
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя Сапоцкінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў