Гісторыя Ішкальдзі
Ішкальдзь — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны. Да нашага часу тут захаваўся гатычны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, адзін з найбольш старажытных у краіне.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Ішкальдзь упамінаецца ў 1-й палове XV ст. як маёнтак у Наваградзкім павеце, уладаньне Неміровічаў. У 1449 годзе смаленскі намесьнік М. Неміровіч заснаваў тут касьцёл, у 1472 годзе зь ягонай фундацыі збудавалі мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. М. Неміровіч запісаў маёнтак сваёй жонцы Альжбеце, па сьмерці якой гэты двор мусіў перайсьці пад юрысдыкцыю Віленскага біскупства.
У 1502 і 1506 гадах Ішкальдзь пацярпела ад набегаў крымскіх татараў. На 1579 год паселішча мела статус мястэчка і знаходзілася ў валоданьні Кацярыны Тэньчынскай, тут было 82 сядзібы, 2 карчмы. На 1598 год — Рынак, 2 вуліцы, 69 двароў, уладаньне К. Радзівіла Перуна. Пазьней маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ільлінічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў. На 1755 год — 89 двароў, на 1787 год — 100 двароў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ішкальдзь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзейскай воласьці Наваградзкага павету[1]. На 1862 год тут было 108 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1868 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1879 год прыход налічваў каля 2 тысячаў прыхаджанаў, сярод якіх пісьменныя складалі толькі 4%.
У 1-й палове 1880-х у Ішкальдзі было 108 двароў. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 120 двароў, дзейнічала царква, працавалі магазын, крама і карчма, штогод праводзіўся 1 кірмаш. У пачатку XX ст. — 143 двары. Сумежна зь мястэчкам знаходзіўся засьценак Новая Ішкальдзь (4 двары).
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ішкальдзь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Баранавіцкі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Ішкальдзь апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Паланэчкаўскай гміне Баранавіцкага павету. У гэты час тут было 136 дамоў; каля мястэчка існавала вёска Ішкальдзь (13 дамоў). На 1923 год — 136 двароў.
У 1939 годзе Ішкальдзь увайшла ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету (існаваў да 16 ліпеня 1954 году). Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1994 год тут было 154 двары, на 1 студзеня 1998 году — 138 двароў. У Другую сусьветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
На 1994 год у Ішкальдзі было 154 двары, на 1998 год — 159, на 1 студзеня 1998 году — 138, на 2005 год — 123. Да 26 чэрвеня 2013 году вёска ўваходзіла ў склад Петкавіцкага сельсавету.
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл, 1900 год
-
Касьцёл. В. Дамейка, 1920
-
Касьцёл. А. Віслоцкі, 1923 год
-
Касьцёл, 1930-я
-
Інтэр’ер касьцёла. А. Віслоцкі, 1923 год
-
Партал у касьцёле. А. Віслоцкі, 1923 год
-
Дзьверы ў касьцёле. А. Віслоцкі, 1923 год
-
У мястэчку. Ю. Клос, да 1939 году
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 308.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. ISBN 985-6302-28-5.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГісторыя Ішкальдзі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў