Гасьцініца
Гасьці́ніца (гатэ́ль) — будынак са спэцыялізаванымі памяшканьнямі для часовага пражываньня асобаў, якія прыяжджаюць у населены пункт[1].
Гасьцініцы адрозьніваюцца: паводле прызначэньня — агульнага тыпу, ведамасныя, бізнэс-гатэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кэмпінгі, курортныя, спартовыя, для транзытных пасажыраў (пры вакзалах); паводле ўмяшчальнасьці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); у залежнасьці ад узроўню камфорту (паводле колькасьці «зорак») — 1-,2-,3-,4-,5-зоркавыя; паводле рэжыму эксплюатацыі (круглагадовыя, сэзонныя); паводле разьмяшчэньня (горад, пасёлак, курорт і г.д.)[1].
У складзе гасьцініц вылучаюць памяшканьні: жылыя (нумары), прыёму, сэрвісу, грамадзкага харчаваньня (кавярня, рэстаран), адміністрацыйныя, гаспадарчыя. Пры высокакамфартабэльных гасьцініцах ёсьць памяшканьні культурна-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канфэрэнц-залі), спартова-аздараўленчыя (басэйны, саўны)[1].
Гасьцініцы ўзьніклі ў глыбокай старажытнасьці. У Заходняй Эўропе ролю гасьцініц выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Сярэдняга Ўсходу й Цэнтральнай Азіі, Закаўказьзя — караван-сараі (IX—XIV ст.). На Беларусі паходзяць ад гасьцінага двара[1].
Беларусь
рэдагавацьУ 2000 годзе Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сэртыфікацыі (БелДІСС) пачаў засьведчаньне паслугаў гасьцініцаў. У 2007 годзе ўвялі абавязковае засьведчаньне паслугаў пражываньня ў гасьцініцах і матэлях па катэгорыях ад 1 да 5 «зорак». Яго сталі ажыцьцяўляць паводле Тэхнічнага кодэксу ўсталяванай практыкі (ТКУП) 5.3.02-2012 «Нацыянальная сыстэма пацьверджаньня адпаведнасьці Рэспублікі Беларусь. Сэртыфікацыя паслугаў гасьцініцаў». У 2012 годзе адчынілі арганізацыйна-мэтадычны асяродак для засьведчаньня паслугаў гасьцініцаў. Засьведчаньне ўлучала: 1) ацэнку выкананьня патрабаваньняў бясьпекі, у якія ўваходзілі санітарна-гігіенічныя, супрацьпажарныя і экалягічныя нормы і правілы, а таксама забесьпячэньне захаванасьці маёмасьці пастаяльцаў; 2) адпаведнасьць гасьцініцы заяўленай катэгорыі; 3) бальную адзнаку аснашчэньня нумароў, мэблі, стану будынка і памяшканьняў гасьцініцы. Пасьведчаньне выдавалі гасьцініцы на 5 гадоў, пасьля чаго аўдытары зноў праводзілі інспэкцыю выкананьня патрабаваньняў. Сусьветная турысцкая арганізацыя (Гішпанія) распрацавала парады наконт клясыфікацыі гасьцініцаў ад 1 да 5 «зорак» і матэляў ад 1 да 4 «зорак». На іх аснове ў Беларусі дзейнічаў міждзяржаўны стандарт ДАСТ 28681.4-95. «Турысцка-экскурсійнае абслугоўваньне. Класыфікацыя гасьцініцаў»[2].
На красавік 2014 году 50 гасьцініцаў Беларусі мелі катэгорыю ў «зорках» пасьля праходжаньня засьведчаньня. У «трохзоркавых» гасьцініцах прадугледжваліся індывідуальныя нумары, кавярня, бізнэс-цэнтар, відэаназіраньне і кандыцыянэры. Да іх адносіліся гасьцініцы «Гарні» на Інтэрнацыянальнай вуліцы ў Менску, «Турыст» у Бабруйску, «Проня» ў Горках і «Нарач» у Мядзельскім раёне. Гасьцініцы ў 4 «зоркі» абсталёўвалі аўтаматызаванай сыстэмай кіраваньня (АСК), што дазваляла ажыцьцяўляць касавы разьлік, інтэрнэт-бронь і вядзеньне базы зьвестак кліентаў, а таксама прадугледжвала інтэрактыўнае тэлебачаньне, кіраваньне доступам у гасьцініцу, інжынэрным абсталяваньнем і праветрываньнем. Першымі такімі АСК абзавяліся сталічныя гасьцініцы «Вікторыя» на праспэкце Пераможцаў і «Эўропа». Таксама ў Менску дзейнічала сеткавая гасьцініца «Краўн Плаза» на 5 «зорак»[2].
Каля 60 % гасьцініцаў Беларусі былі без катэгорыі ў «зорках». Да іх прымянялі стандарт СТБ 1353-2005 «Сродкі разьмяшчэньня. Агульныя патрабаваньні». У асноўным гэта былі ведамасныя гасьцініцы для камандзіраваных службоўцаў. Пры гэтым старыя гасьцініцы ў малых гарадах выяўлялі найменшую адпаведнасьць патрабаваньням. Рэшту складалі моладзевыя хостэлы са шматпакаёвымі нумарамі. Усе гасьцініцы без катэгорыі мелі мяняць ложкавую бялізну штотыдзень, а ручнікі — кожныя 3 тыдні. Прадугледвалася наяўнасьць прыбіральні і душавога пакою, асьвятленьне, водазабесьпячэньне і праветрываньне, а таксама абсталяваньне для самастойнага прыгатаваньня ежы і паслуга штодзённага прыбіраньня нумара пакаёўкай і харчаваньня[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0 С. 86
- ^ а б в Дар'я Шоцік. Ці кожная гасьцініца можа атрымаць «зорку» // Зьвязда : газэта. — 25 красавіка 2014. — № 77 (27687). — С. 6. — ISSN 1990-763x.