Васі́ль Лука́шык (1905 — 17 сакавіка 1975) — беларускі палітычны і культурны дзяяч, выдавец. Бурмістар Беластоку падчас Другой Сусьветнай Вайны. Актыўны дзяяч беларускай дыяспары ў Швэцыі. Стваральнік Беларускай Грамады ў Швэцыі.[1]

Васіль Лукашык
Васіль Лукашык
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1905(1905)
Сакольскі павет, Гарадзенская губэрня, Літоўскае генэрал-губэрнатарства, Расейская імпэрыя
Памёр: 17 сакавіка 1975
Густаўсбэрг, камуна Вэрмдэ, лэн Стакгольм, Швэцыя
Партыя: Беларуская сялянска-работніцкая грамада

Беларуская Народная Грамада (1941)
Сужэнец: Яніна Лукашык
Адукацыя: Віленскі ўнівэрсытэт

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў 1905 годзе (паводле пашпарту — 11 жніўня 1911 году[2]) на Сакольшчыне каля Беластоку ў сям’і беларуса і расейкі (дзявочае прозьвішча — Цьвярдынская). Гадаваўся ў Беластоку, скончыў там расейскую гімназію. Пасьля пераехаў у Вільню, дзе браў актыўны ўдзел у беларускім руху, вывучаў паліталёгію ў Віленскім унівэрсытэце і сябраваў з Станіславам Грынкевічам. Быў актыўным сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, сябрам Таварыства беларускай школы і арганізатарам беларускіх культурна-асьветных установаў на Беласточчыне. Выкладаў гісторыю і беларускую граматыку.

Другая Сусьветная вайна

рэдагаваць

Пасьля пачатку Другой Сусьветнай вайны і акупацыі саветамі Беластоку ў пэрыяд 1939—1941 гг. Васіль Лукашык стварае сеціва беларускіх школаў у рэгіёне. Працуе загадчыкам дзіцячага дому ў Беластоку, які з часам перапаўняецца дзецьмі рэпрэсаваных камуністамі беларусаў, палякаў, габрэяў і расейцаў. У 1941 годзе з пачаткам нямецкай акупацыі немцы зачыняюць дзіцячый дом.

Восеньню 1941 г. Лукашык разам з Сяргеем Хмарам, Іванам Гелдам, Васілём Вірам і Юркам Стасевічам удзельнічае у нелегальнай канфэрэнцыі часткі даваенных актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, якую сазваў іншы сябра БСРГ Юльян Саковіч. Лукашык разам зь Юльянам Саковічам і Іванам Гелдам прапануе цесна супрацоўнічаць зь немцамі і карыстацца кожнай мажлівасьцю для рэалізацыі нацыянальных патрэбаў, але супраць гэтага выступаюць іншыя ўдзельнікі канфэрэнцыі. У выніку канфэрэнцыі была створана нелегальная Беларуская Народная Грамада. Пасьля перамоваў зь немцамі беларусам удаецца атрымаць дазвол нямецкай акупацыйнай адміністрацыі на стварэньне беларускай цывільнай адміністрацыі і Васіль Лукашык стае бурмістрам Беластоку.

Па даносе Васіль Лукашык быў арыштаваны Гестапа і адпраўлены ў канцлягер Асьвенцім. Васіль Лукашык зьбягае з Асьвенціму і едзе ў Варшаву, дзе набывае фальшывыя дакумэнты, аднак падчас чарговай апэрацыі немцаў гэта выкрываецца і яго адпраўляюць на прымусовыя працы ў Нарвэгію. Там у цяжкіх фізычных і псыхічных умовах ён разам з савецкімі палоннымі — заходнімі беларусамі і палякамі — будуе стратэгічную дарогу. У лягеры прымусовай працы Лукашык стварае беларускі гурток і ў 1944 годзе сябры гуртка вырашаюць уцячы зь лягеру. Васіль Лукашык разам зь дзясяткам беларусаў праз горы праходзіць у Швэцыю, дзе ім удаецца асталявацца на пастаяннае жыхарства.

Эміграцыя і дзейнасьць у Швэцыі

рэдагаваць

У 1948 г. Васіль Лукашык у якасьці дэлегату беларусаў Швэцыі ўдзельнічае ў Першым сусьветным зьезьдзе беларускай паваеннай эміграцыі, які праходзіў з 28 лістападу па 2 сьнежня ў Парыжы. Выконваючы рашэньне зьезду, Васіль Лукашык разам зь сябрам Язэпам Федарчуком стварае беларускую суполку ў Швэцыі — «Беларускую Грамаду» (па-швэдзку: Vitryssland societet). Праца па стварэньні суполкі ішла цяжка: расейская суполка цягнула беларусаў да сябе бо яны былі парафіянамі расейскай праваслаўнай царквы ў Стакгольме, а польская суполка — на падставе былога польскага грамадзянства беларусаў, большасьць зь якіх была з Заходняй Беларусі. Але вынік цяжкай працы ня быў марны і Васіль Лукашык разам зь Язэпам Федарчуком здолелі атрымаць юрыдычную рэгістрацыю, выдаць статут Грамады па-беларуску і па-швэдзку, а пасьля гэтага на працягу 30 гадоў арганізацыя ладзіць прысьвечаныя Дню Волі штогадовыя вячэры, робіць сталыя сустрэчы і займаецца зьяднаньнем беларускай дыяспары. Беларуская Грамада атрымлівала і распаўсюджвала беларускія часопісы і газэткі, падтрымлівала сувязь з дыяспарай Аўстраліі і ЗША. Васіль Лукашык супрацоўнічаў з газэтай «Bielarus-Беларус» беларускай дыяспары ў ЗША і яе галоўным рэдактарам Станіславам Станкевічам. Вядома, што Лукашык таксама быў сябрам Камітэту вольнай Беларусі і Фэдэрацыі вольных беларускіх журналістаў.

17 сакавіка 1975 г. Васіль Лукашык раптоўна памірае напярэдадні чарговых угодак БНР. З нагоды жальбы газэта «Беларускі голас» (№ 232 за 1975) зьмяшчае наступны нэкралёг:

Сьв. † пам.
ВАСІЛЬ ЛУКАШЫК

былы дзяяч БСР Грамады і Таварыства Беларускае Школы ў Беластоку. Былы Бурмістар Беластоку. Арганізатар «Беларускай Грамады» ў Скандынавіі. Сябра Камітэту Вольнае Беларусі, памёр раптоўна 17-га сакавіка 1975 году ў Густаўсбэргу ў Швэдыі. Паходзіў з Сакольшчыны. Хай будзе яму лёгкай чужая зямля!
Сябры

[3]

Пасьля сьмерці Лукашыка «Беларуская Грамада» ў Швэцыі фактычна перастала існаваць. У 1995 г. у Швэцыі пачала дзейнічаць новая беларуская суполка «Беларусь» (па-швэдзку: Vitryssland), якую ачольвала вядомая швэдзкая фотажурналістка Марыя Сёдэрбэрг — энтузіястка беларускага руху і беларускай культуры. У кастрычніку 2009 году была заснаваная суполка Беларусы Швэцыі, якая па стане на люты 2021 году актыўна дзейнічае дагэтуль.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць