Белару́сы ў Швэ́цыі — беларуская дыяспара ў Швэцыі. На 2016 рок інтарэсы дыяспары прадстаўляе арганізацыя «Згуртаваньне беларусаў у Швэцыі» (па-швэдзку: Sveriges Belarusier). Устаноўчы сход Згуртаваньня адбыўся 24 кастрычніка 2009 ў Стакгольме, гэты дзень лічыцца афіцыйным Днём стварэньня Згуртаваньня. Сход абмеркаваў і прыняў Статут, сымболіку, а таксама абраў Раду Згуртаваньня.

23 лістапада 2009 року «Згуртаваньне беларусаў Швэцыі» было афіцыйна зарэгістравана ў падатковай інспэкцыі Швэцыі.

Мінуўшчына рэдагаваць

 
Беларусы Швэцыі ладзяць пікет у цэнтры Стакгольму з заклікам зьмяніць у швэдзкай мове назву «Беларасея» на «Беларусь», 15 кастрычніка 2019

У жніўні 1948 року ў Стакгольме на зьезьдзе мясцовых беларусаў заснаваная першая арганізацыя «Беларуская Грамада» (па-швэдзку: Vitryssland societet). Ініцыятары стварэньня — Васіль Лукашык і Язэп Федарчук. Суполка атрымала юрыдычную рэгістрацыю, выдала статут па-беларуску і па-швэдзку, публікавала свае адозвы ў СМІ.

У 1949 року «Беларуская Грамада» дапамагла зладзіць у Мальмё выставу Алексантэры Ахола-Вало.

Праца суполкі ішла цяжка. Моцная польская суполка перацягвала ўсіх беластоцкіх беларусаў да сябе на падставе іхняга былога польскага грамадзянства. Расейская суполка цягнула да сябе, выкарыстоўваючы тое, што беларусы былі парафіянамі Расейскай праваслаўнай царквы ў Стакгольме. Але нягледзячы на цяжкасьці, арганізатары захавалі арганізацыйную структуру. Сябры суполкі ладзілі рэгулярныя сустрэчы, штогадовыя вечары, прысьвечаныя Дню Волі. Грамада падтрымлівала сувязі з дыяспарамі ЗША і Аўстраліі. Лукашык асабіста супрацоўнічаў з газэтай «Беларус» (Нью-Ёрк) і ейным галоўным рэдактарам Станіславам Станкевічам. У 1975 годзе суполка спыніла сваё існаваньне з-за сьмерці заснавальніка.

У 1995 годзе была заснаваная суполка «Беларусь» (па-швэдзку: Vitryssland). Штогод арганізацыя абірае новую раду. Чарговы штогадовы сход Згуртаваньня Беларусаў Швэцыі адбыўся 30-га сакавіка 2019 году[1].

З 1997 року ў Швэцыі жыве беларускі пісьменьнік і перакладнік Зьміцер Плакс.

Зь 2009 року Беларусы Швэцыі змагаюцца за скасаваньне ў афіцыйным ужытку ў швэдзкай мове назвы «Беларасея» (па-швэдзку: Vitryssland) і заменай гэтае назвы на «Беларусь» (па-швэдзку: Belarus). Чарговы пікет з падобным заклікам да Міністэрства замежных справаў Швэцыі быў праведзены ў Стакгольме 15 кастрычніка 2019 року[2][3][4]. 24 лістапада 2019 году міністарка замежных справаў Швэцыі Ан Ліндэ паведаміла, што міністэрствам было прынятае рашэньне задаволіць гэтае патрабаваньне: ад гэтага часу ўрад Швэцыі ў афіцыйных зносінах будзе называць Беларусь па-швэдзку «Belarus»[5].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць