Валеры Гапееў
Валеры Мікалаевіч Гапееў (нар. 1963, Восаў, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі пісьменьнік і журналіст.
Валеры Гапееў | |
На 25-й Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы (2018 год) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Валеры Мікалаевіч Гапееў |
Нарадзіўся | 6 лютага 1963 (61 год) Восаў, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналістыка |
Гады творчасьці | з 1995 году |
Жанр | апавяданьне, аповесьць, гумарэска, казка, п'еса[1], раман |
Мова | беларуская |
Дэбют | апавяданьне «Абсалютнае жаданьне» // часопіс «Маладосьць», 1995 г. |
Значныя творы | аповесьць «Пастка на рыцара» (2002), раманы «Праклён» (2013), «Ноч цмока» (2016), «Мая мілая ведзьма» (2017) і «Пазл» (2019) |
Прэміі | прэмія Калесьніка (2007), «Залаты апостраф» (2016), Мядовая прэмія (2017), прэмія Цёткі (2018) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Аўтар 12 кніг, у тым ліку 4-х раманаў. Ляўрэат 4 літаратурных прэміяў: прэміі Калесьніка (2007) за кнігу апавяданьняў «Пастка на рыцара» (2002), «Залаты апостраф» (2016), Мядовай прэміі (2017) і прэміі Цёткі (2018) за раман «Мая мілая ведзьма».
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Балатнянскай сярэдняй школе Рагачоўскага раёну (Беларуская ССР). Скончыў Менскі электратэхнікум сувязі па спэцыяльнасьці «радыёсувязь і радыёвяшчаньне». Працаваў майстрам у Балхаскай вучэльні ў Казаcкай ССР (Карагандзінская вобласьць). У 1982—1984 гадох служыў у Савецкім войску. Пазьней працаваў наладнікам на менскім заводзе «Інтэграл». У 1989 годзе ў шлюбе нарадзіўся сын. У 1992 годзе пераехаў зь сям’ёй у Івацэвічы (Берасьцейская вобласьць), дзе працаваў токарам, апэратарам станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) і інжынэрам на заводзе. Адначасна пачаў пісаць прозу. У газэтах друкаваў сатырычных гумарэскі. Працаваў пазаштатным карэспандэнтам у раённай газэце «Івацэвіцкі весьнік». У 1995 годзе выдаў апавяданьне «Абсалютнае жаданьне» у часопісе «Маладосьць» і быў запрошаны на працу карэспандэнтам у новаствораную «Газэту Ўладзімера Кудзінава»[2].
У 1997 годзе перайшоў на штатную працу ў раённую газэту «Івацэвіцкі весьнік», дзе стаў загаднікам аддзелу, а затым адказным сакратаром рэдакцыі. У 1998 годзе ў шлюбе нарадзілася дачка. Уступіў у Саюз журналістаў Беларусі. У 2002 годзе падрыхтаваў кнігу апавяданьняў для падлеткаў «Пастка на рыцара», якая выйшла ў выдавецтве «Юнацтва» і была ўганараваная ў 2007 годзе Берасьцейская абласной літаратурнай прэміяй імя Ўладзімера Калесьніка. Частка апавяданьняў пабачыла сьвет раней у часопісах «Бярозка» і «Першацьвет». Друкаваўся ў часопісе «Полымя». У 2006 годзе стварыў сайт «Івацэвіцкі край», які штодня наведвала звыш 300 чалавек[2].
У сьнежні 2006 году ўступіў у Саюз пісьменьнікаў Беларусі (СПБ). У 2007 годзе ў часопісе «Маладосьць» пабачыла сьвет аповесьць «Ведзьміна тоня», якая ў 2012 годзе выйшла асобнай кнігай. У 2010 годзе выйшла 2-я кніга прозы «Ўрокі першага каханьня». У 2010 годзе ягоныя творы выйшлі ў супольным зборніку «Самая чароўная кветка», а ў 2012 годзе ў зборніках «Самотная зорка Вэнэра» і «Закаханы ў Сьнягурку». У 2012 годзе з удзелам Гапеева выйшлі кніга краязнаўца Алеся Зайкі «Населеныя пункты Івацэвіччыны» і кніга вершаў і эсэ мастака Анатоля Галушкі «Сьляды на пяску», якога прынялі ў СПБ у 2013 годзе. У 2013 годзе выдаў адразу 3 кнігі: раман «Праклён», зборнік прозы «Я размалюю для цябе неба» і казку «Сонечная паляна» на 70 старонак, а таксама ўзяў удзел у 2-х зборніках «Пакуль б’ецца сэрца» і «Цьвёрды арэшак»[2].
У чэрвені 2015 году перайшоў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У 2016 годзе выдаў асобнай кнігай раман «Ноч цмока» і друкаваўся ў супольных зборніках «Адзін кот і адзін год» і «Ева ў пошуках Адама». У 2016 годзе атрымаў прэмію «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў»[2]. У 2017 годзе выдаў раман «Мая мілая ведзьма», за якую ў 2018 годзе атрымаў прэмію Цёткі, узяў удзел у зборніку «Вясёлка» і атрымаў Мядовую прэмію. У 2019 годзе выдаў раман «Пазл». У 2020 годзе выпусьціў кнігу прыгодаў «Зьніч ваўкалака» і зборнік прозы «І хай ніхто ня пойдзе пакрыўджаным». У 2021 выйшла кніга аповедаў «Жэнька — каралева мышак».
Кнігі
рэдагаваць- «Пастка на рыцара»: Аповесць, апавяданні / Валерый Гапееў. — Мн.: Юнацтва, 2002. — 189,[2] с.: іл. — ISBN 985-05-0365-3.
- «Урокі першага кахання»: аповесці / Валерый Гапееў. — Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2010. — 187, [2] с.: іл. — ISBN 978-985-6941-28-6.
- «Урокі першага кахання»: аповесці / Валерый Гапееў. — Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 187, [2] с.: іл. — ISBN 978-985-6994-11-4.
- «Ведзьміна тоня»: аповесць / Валерый Гапееў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2012. — 293, [1] с.: іл. — ISBN 978-985-02-1388-4.
- «Праклён»: раман / Валеры Гапееў. — Мн.: Галіяфы, 2013. — 542, [3] с. — ISBN 978-985-7021-17-8.
- «Я размалюю для цябе неба»: аповесць, п'еса, апавяданні: рэальнасць, містыка, фантастыка / Валеры Гапееў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2013. — 220, [2] с. — ISBN 978-985-02-1377-8.
- «Сонечная паляна»: казка / Валеры Гапееў; мастак М. Міцкевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2013. — 66, [4] с.: каляр. іл. — ISBN 978-985-02-1468-3.
- «Ноч цмока»: раман / Валеры Гапееў. — Мн.: Галіяфы, 2016. — 353, [1] с. — ISBN 978-985-7140-18-3.
- «Мая мілая ведзьма»: Школьны раман / Валеры Гапееў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2017. — 257 с. — ISBN 978-985-02-1791-2.
- «Пазл»: раман / Валерый Гапееў. — Мн.: Галіяфы, 2019. — 330, с.: іл. — ISBN 978-985-7209-05-7.
- «Зніч ваўкалака»: прыгоды / Валерый Гапееў; — Мн.: — Мастацкая літаратура, 2020. —222 с.— ISBN 978-985-02-2031-8
- «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік»: чытво / Валеры Гапееў. — Мн.: Электронная кнігарня, 2020. — 236 с. — ISBN 978-985-7210-42-8
- «Жэнька — каралева мышак: гісторыі з жыцця адной беларускай дзяўчынкі» / Валеры Гапееў; мастачка Элеанора Ляхновіч. — Мінск: Кнігазбор, 2021. — 112 с.
- «Вольнеры. Прадвесце»: фэнтэзі / Валеры Гапееў. — «Янушкевіч», 2023.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Марына Весялуха. Зазірнуць за гарызонт // Зьвязда : газэта. — 13 сакавіка 2014. — № 46 (27656). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г 6 лютага 2018 года — 55 гадоў з дня нараджэння Валерыя Мікалаевіча Гапеева (1963), пісьменніка, журналіста // Берасьцейская абласная бібліятэка, 3 сьнежня 2020 г. Праверана 18 кастрычніка 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |