Бітва пад Палонкай

бітваў 1660 року ў часе Трынаццацігадовай вайны (1654—1667)

Бітва пад Палонкай, Палонкаўская бітва (28 чэрвеня 1660) — адна зь пераломных бітваў Трынаццацігадовай вайны (1654—1667). Адбылася каля мястэчка Палонка на Наваградчыне. Скончылася перамогай аб’яднаных сілаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над войскам Маскоўскай дзяржавы. З гэтае бітвы пачалося вызваленьне Беларусі ад маскоўскіх захопнікаў.

Бітва пад Палонкай
Дата: 28 чэрвеня 1660
Месца: ваколіцы мястэчка Палонка, Наваградзкі павет
Вынік: вырашальная перамога войска РП
Супернікі
Рэч Паспалітая Маскоўская дзяржава
Камандуючыя
Павал Ян Сапега
Стэфан Чарнецкі
Самуэль Кміціч
Аляксандар Палубінскі
Іван Хаванскі
Колькасьць
8 тыс. літоўскіх і 4 тыс. польскіх ваяроў[1]болей 20 тыс.[2]
Страты
300 забітымі2[1]—3,5[3] тыс. забітымі, 700 палонных

Палонкаўская бітва — першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызваленьня земляў Вялікага Княства Літоўскага па Дняпро на ўсходзе і Дзьвіну на поўначы.

Перадумовы

рэдагаваць

Па паразе абаронцаў Вялікага Княства Літоўскага ў бітве пад Шапялевічамі (1654) войска Маскоўскай дзяржавы, не сустракаючы супраціву, на працягу 1654—1655 заняло амаль усе землі дзяржавы. Захопнікі ўзялі нават сталіцу Вільню. Далейшы наступ спыніла ў 1655 годзе войска Швэцыі, якая склала Кейданскую унію з часткай шляхты ВКЛ (пераважна Радзівіламі, а таксама ўраднікамі паўночнага захаду краіны) і распачала вайну з Польшчай. 3 лістапада 1656 у Нямежы пад Вільняю Рэчы Паспалітая склала замірэньне з Маскоўскай дзяржавай. За царом прызнаваўся тытул вялікага князя літоўскага, а польская шляхта пагаджалася зь ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі ды забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Маскоўскае войска распачала вайну са швэдамі.

У 1658 годзе, аднак, казакі перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. Вайна паміж РП і Масквою аднавілася, аднак польска-літоўскае войска атрымала шэраг паразаў. Да таго ж цар напрыканцы 1658 году падпісаў замірэньне са Швэцыяй і накіраваў войскі на землі Рэчы Паспалітай, якая працягвала зь ёй ваяваць.

Напрыканцы 1659 РП распачала новыя перамовы з царом. Кароль спрабаваў адцягнуць час, каб таксама пасьпець замірыцца са швэдамі. Гэта разумелі і расейцы, якія ў часе перамоваў распачалі з Полацку новы наступ на ВКЛ. На чале маскоўскага войска быў князь Іван Хаванскі.

Празь Вільню, узяўшы Горадню, захапіўшы Падляшша і выразаўшы абаронцаў Берасьця, Хаванскі зьбіраўся рушыць на Варшаву. Але аб’яднаньне харугваў ВКЛ на чале з гетманам вялікім Паўлам Янам Сапегам і войскаў Кароны на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім прымусілі захопнікаў у лютым 1660 адыйсьці да Наваградку. Маскоўскае войска распачало амаль паўгадавую аблогу Ляхавіцкага замку.

Берасьця праз Слонім сілы Рэчы Паспалітай рушылі на дапамогу абаронцам Ляхавічаў. Па атрыманьні адпаведных зьвестак Хаванскі з большай часткай свайго войска (8 тыс. чал.) выступіў ім насустрач.

Войскі сустрэліся пад Палонкай. Хаванскі з коньніцай стаў на правым флянгу, на левым — князь В. Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога шыхту войска Рэчы Паспалітай разьмясьцілася дывізія С. Чарнецкага (4 тыс. чал.), а на флянгах — харугвы П. Я. Сапегі, А. Г. Палубінскага і С. Кміціча (6 тыс. чал.).

Ход бітвы

рэдагаваць

Гусары Рэчы Паспалітай распачалі імклівую атаку, у выніку якой зьмялі, пасеклі і патапілі маскоўскую пяхоту. Непрыяцель, што стаяў перад пераправай, змог зрабіць толькі адзіны залп.

Пасьпяховай была атака гусараў і панцырных, якія прымусілі маскоўскую коньніцу ўцякаць. Па гэтым абаронцы Рэчы Паспалітай нанесьлі супольны ўдар па астатняй пяхоце захопнікаў.

Бітва скончылася поўным разгромам войскаў Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коньнікаў. Мноства ратнікаў, у тым ліку Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да Ляхавічаў, зьняў аблогу замку і пачаў імклівы адыход на Полацак. Абаронцы Рэчы Паспалітай здабылі вялізныя трафэі, мноства гарматаў, харчу.

Бітва засьведчыла пераход да Рэчы Паспалітай стратэгічнай ініцыятывы ў вайне[1].

2 лістапада 1994 на месцы бітвы каля ўскрайку дарогі ля вёскі Палонка быў урачыста ўсталяваны памятны камень. Праваслаўны і каталіцкі сьвятары асьвяцілі гэты памятны знак. Празь нейкі час памятны знак зруйнавалі невядомыя[4].

У 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак яна прастаяла нядоўга і таксама была зьнішчаная невядомымі.

На 350-я ўгодкі 28 чэрвеня 2010 на месцы бітвы быў зладжаны невялікі фэст з удзелам прадстаўнікоў рыцарскага клюбаў[5].

  1. ^ а б в Бітва пад Палонкай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 392.
  2. ^ Арлоў У., Герасімовіч З. КРАІНА БЕЛАРУСЬ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. ІЛЮСТРАВАНАЯ ГІСТОРЫЯ. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.
  3. ^ Kurbatow O. A. Połonka 1660 — spojrzrnie z Moskwy // Mowią wieki. Magazyn historiczny. № 10/00 (490). 2000. S. 27—36.
  4. ^ Віктар Сырыца. Сталінград XVII стагоддзя // «Наша Ніва», 26 чэрвеня 2010.
  5. ^ Віктар Сырыца. Адсвяткавалі ўгодкі Палонкаўскай бітвы // Intex-Press, 30 чэрвеня 2010.

Літаратура

рэдагаваць