Беларуская дуда
Дуда́ — беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмэнт, які быў шырока распаўсюджаны па тэрыторыі Беларусі са старажытнасьці да 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Сёньня дударская традыцыя адноўлена й рушыцца наперад. У традыцыйнай культуры беларусаў дуда — касмалягічны, рытуальны, актыўны, мужчынскі інструмэнт.[1]
- Запыт «Дуда» перанакіроўваецца сюды. Глядзіце таксама «Дуда (неадназначнасьць)».
Назва й гісторыя
рэдагавацьДуды пад рознымі назвамі вядомыя ў многіх народаў; напрыклад дудэльзак — у немцаў, гайта галега — у гішпаньцаў, хайлэндэр — у шатляндцаў.
На тэрыторыі Беларусі вядомыя толькі дзьве назвы гэтага інструмэнта:[1]
- Дуда
- Муцянка
Дуда на Беларусі й Літве вядомая з глыбокай старажытнасьці, і хоць гістарычныя сьведчаньні паказваюць час не раней за XIV стагодзьдзе, улучанасьць дуды ў надзвычай архаічныя касмалягічныя схемы дазваляе адсунуць час узьнікненьня дуды на нашых землях у самую раньнюю эпоху.[1]
Больш за ўсё інфармацыі і матэрыялаў захавалася пра аднагукавую канструкцыю дуды (знакамітую лепельскую дуду можна пабачыць у лепельскім музэі) і канструкцыю дуды-мацянкі, з трыма бурдонамі. Дудары сустракаюцца ў шматлікіх народных паданьнях, творах беларускіх аўтараў 19 і 20 стагодзьдзяў, такіх як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч і інш.
Да канца 19 ст. дуда была адным з асноўных інструмэнтаў народнага музычнага побыту беларусаў.
Сакральны сэнс
рэдагавацьДуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы.
Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, зьвязаных з асноўнымі момантамі жыцьця чалавека. Абавязковым была прысутнасьць дудара на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэньне), на вясельлі (рытуальнае пераўвасабленьне ў статус дарослага, сталага чалавека) і, магчыма, на пахаваньні (рытуале пераходу чалавека ў іншы сьвет). Пра сакральны статус інструмэнта сьведчаць касмаганічныя дударскія тэксты, у якіх у пэўных сымбалях апісваецца пабудова сьвету, як яе разумелі нашы прашчуры. І дуда, і дудар там прысутнічаюць і займаюць істотнае месца. Гэта ўнікальная зьява ў Эўропе, бо ні ў воднай традыцыі дуда так не міталягізаваная, як у Беларусі[2].
Гістарычныя сьведчаньні пра беларускую дуду
рэдагавацьНайранейшым гістарычным сьведчаньнем існаваньня дудаў на тэрыторыі Беларусі можна было б лічыць выяву дудара ў складзе скамарохаў з Радзівілаўскага летапісу 12 стагодзьдзя, які грае на безбурдоннай дудзе, кшталту польскай siersienki, тыпе дуды, пашыраным па ўсёй сярэднявечнай Эўропе — аднак згаданая мініятура ня можа быць цалкам імаверным сьведчаньнем праз адсутнасьць інфармацыі аб паходжаньні самога мастака (ён мог паходзіць і не зь Беларусі), адсутнасьць этнаграфічных фактаў пазьнейшых часоў.[1]
Літоўская этнакультуроляг Пране Дундулене (Prane Dunduliene), спасылаючыся на пісьмовыя крыніцы, сьцьвярджае, што дудамі й песьнямі народ сустракаў пераможныя войскі князя Альґерда ў 14—15 стагодзьдзях.[1] У 16—17 стагодзьдзях А. Бецэнбэрг пісаў пра літоўскія дуды, якія мясцовы люд называў дудрагіне (dudragine).[1]
Пісьмовыя крыніцы 15—16 стагодзьдзяў упершыню згадваюць музычны інструмэнт, які называецца дуда («Аповесьці пра трох каралёў-вешчуноў» у 15 стагодзьдзі й «Аповесьці пра Трыстана й Ізольду» 16 стагодзьдзя), у якіх мясцовыя перакладчыкі скарысталіся назвай дуда для перакладу на мясцовую мову назваў нейкіх музычных інструмэнтаў, што адпавядаюць этнаграфічным рэаліям Блізкага Ўсходу й Заходняй Эўропы, зь якімі перакладчыкі, хутчэй за ўсё, не былі знаёмы.[1]
У Слоўніку старажытнарускай мовы І. Сразьнеўскага дуда — знак крукавога пісьма, выява якога схематычна адпавядае тыпу аднабурдоннай дуды, накшталт польскай siersienki.[1]
Дакумэнты 17 стагодзьдзя (указ Віленскага сойму ад 1656 году) згадваюць: Люди людные, которые службы не мають, и теж медведъники, дудъники, скрипъки, трубачи и иншие в местех будучие музыки, и хто колвекъ не маючи певной службы…[1]
Ой, повесю я дуду на зялёному на дубу, |
Жніўная беларуская народная песьня з Палесься (в. Вялікая Гаць Івацэвіцкі раён)[3] |
У тагачасных судовых кнігах — у актавай кнізе полацкага гродзкага суду — …пан Бутько, выскочивши с пекарни свое зъ секирою, учинивши окрик, преречоного Алексанъдра Лешонъка обухом в руку левою понижей локтя подвакроть шкодливее ударыл… а другого Ивана Совостеенка, Дудара, тою жъ секирою в хрибет оберучъ ударилъ, и кгды тотъ преречоный Иванъ от него уходил, а пан Бутько оного догонить не мог, тою жъ секирою за ним кинул, и кгды бы долетела, снать бы его и на смерть забил…[1]
У актавай кнізе пінскага гродзкага суду ад 1699 году (скарга дудара на пінскага гандляра за тое, што ён зачараваў ягоную дуду) — …na…Chwedora dowodzili, ze iest takowey ze nauki oycowskiey, ktory przed wielo ludzmi w miasteczku Janowie, pod czas iarmarku, graiacemu na dudzie dude zamovił, ze grac przestała, az go tamten prosił y na głos kazdo rzecz zamawia[1]
Адзінай даўняй ілюстрацыяй, дзе выяўлена дуда, між іншым, у якасьці вайсковага інструмэнта ў Вялікім Княстве Літоўскім у 16 стагодзьдзі, ёсьць малюнак Прускай хронікі, які паказвае ўезд караля Жыгімонта Аўгуста ў Данцыг (тып дуды, прадстаўлены на малюнку, верагодны для тутэйшай традыцыі, ён уяўляе сабой двухбурдонную дуду з бурдонамі, якія тырчаць угару і маюць рагаўні, жалейка, на жаль, заслоненая постацьцю каня).[1]
З 18 стагодзьдзя вядома пакуль адна фіксацыя дудаў, якая даецца ў тэксьце камэдыі 1787 году пад аўтарствам ксяндза К. Марашэўскага (легенда, падобная на камэдыю, была зафіксаваная на Браслаўшчыне ў больш позьнія часы недалёка ад кляштара ў Забэлах.[1]
На пачатку XX ст. Ігнат Буйніцкі з Палівачоў на Глыбоччыне упершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатру. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбурзе. Тады дуду ўпершыню пабачылі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Для Буйніцкага дуда не была проста адным з трох інструмэнтаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сынонімам беларускай даўніны і народнасьці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 году (3 сьнежня, № 49) чытаем, што пасьля заканчэньня сымфанічнага канцэрта кампазытара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[4]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты беларускаму музею. Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаваньне і развіцьцё традыцыі беларускай дуды.
Традыцыйная канструкцыя
рэдагавацьСклад традыцыйнай дуды:
- Скураны мех (пузыр) — выкарыстоўваецца для ўтрыманьня пэўнага ціску, робяць са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі
- Cоска (сапель) — маленькая драўляная трубка, якая выкарыстоўваецца для напаўненьня меха паветрам
- Перабор (жалейка) — ігравая трубка з 7 адтулінамі для найгрышу мэлёдыяў
- Гук (бурдон) — трубка або некалькі трубак, якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысьцінкі ці гусінага (індычага) пяра
- Ражок (рагавень) — драўляны раструб закручаны на 180 градусаў, для наданьня гуку адмысловага тэмбру.
Для вырабу меха выкарыстоўваюць скуру казы, целяці, барсука, сабакі.[1] Для вырабу ўсіх драўляных трубак выкарыстоўваюць клён, ясень, вярбу.[1]
Тыпы беларускіх дуд
рэдагавацьВонкавыя выявы | |
---|---|
Тыпы беларускіх дудаў |
- Асноўны, найбольш пашыраны тып на абшары былога Вялікага Княства Літоўскага (паводле матэрыялаў 19—20 стагодзьдзяў) — аднабурдонная дуда, арэал якой абмяжоўваецца Віцебшчынай, поўначчу Меншчыны й Гарадзеншчыны, захадам Смаленшчыны, Віленшчынай, а таксама Латгаліяй.
Гэты тып інструмэнту складаецца зь меху, скроенага са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі ў форме, што нагадвае гусь з доўгай шыйкай, у якую сьпераду ўстаўленая мэлядычная трубка з рагаўнём (жалейка), ззаду ў мех замацавана бурдонная трубка з рагаўнём (гук), у верхняй частцы меху замацаваная трубка для ўдзіманьня паветра (сапель). Усе трубкі — драўляныя, стружаныя ці точаныя на кружале з клёну, ясеню, вярбы і ўстаўленыя альбо непасрэдна ў мех, альбо праз умацаваныя ў мех драўляныя перахаднікі вальцовай ці шарападобнай формы. Часта трубкі й рагаўні аздабляліся літым у дрэва алавяным, алюмініевым або накладным срэбным арнамэнтам, а таксама накладнымі колцамі зь медзі, алюмінію, жалеза. Пішчык звычайна рабіўся з чароту або з расшчэпленага гусінага ці йндычынага пяра.[1]
- Дуда-муцянка (мацянка, мыцьянка)[5] (генэтычна зьвязаным з папярэднім тыпам), апісаная Е. Раманавым і М. Анімэле — у цэлым захоўвае такую ж самую канструкцыю, за выняткам таго, што замест аднаго бурдона ў тое самае месца разьмяшчаюцца тры, якія ня маюць рагаўнёў.
Гэты тып дудаў (паводле М. Анімэле) быў больш пашыраны ў асяродзьдзі беларусаў-каталікоў — а адзіны інструмэнт, які захаваўся да нашага часу, паходзіць з тэрыторыі Латгаліі (былы Люцынскі павет Віцебскай губэрні, зараз гэта Лудзэнскі раён, Латвія). Паводле Е. Раманава, даўжэйшы бурдон настройваецца ў актаву да ніжэйшага гука перабору, меншыя ж даюць квінту папярэдніх. Тып дзьвюхбурдоннай дуды вядомы ў шэрагу апісаньняў і ілюстрацыйных матэрыялаў і ўяўляе сабой крыху іншы тып канструкцыйнай пабудовы. Мех тут мае выгляд бурдзюка з тонкай шыйкай, куды мацуецца жалейка, але, у адрозьненьне ад папярэдняга тыпу, ня мае шыйкі ў задняй частцы для ўмацаваньня бурдонаў і ў цэлым нагадвае форму заходнеэўрапейскіх, галяндзкіх ці нямецкіх інструмэнтаў.
Бурдоны зьвісаюць долу й замацоўваюцца:
- у адзін перахаднік, умацаваны ў дольнай частцы меху
- з аднаго месца, крыху вышэй ад ніжняй часткі меху
- у пярэднія ножкі жывёлы, бліжэй да жалейкі
- па абодва бакі меху, трохі вышэй ад ягонай ніжняй часткі
Такая дуда трымаецца пераважна перад сабой. Існуюць варыянты такіх дудаў як з рагаўнямі, гэтак і бязь іх. У дудах, якія ня маюць рагаўнёў, канцы бурдонных і мэлядычных трубак маюць варонкападобныя пашырэньні.[1]
Лепельская дуда зь вёскі Верабкі
рэдагавацьЛепельская дуда 1877 году захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музэі.
Унікальнасьць лепельскай дуды — эстэтычнае аздабленьне (рагаўні, жалейка і бурдоны).
Лепельская дуда канструкцыйна мае — скураны мех, жалейку з рагаўнём (з 7-ю адтулінамі на жалейцы й 2-мя адтулянамі на рагаўні жалейцы), соску, адзін бурдон з рагаўнём.[6]
Глыбоцкая дуда зь вёскі Верацеі
рэдагавацьГлыбоцкая дуда з вёскі Верацеі (гміна Празарокі) захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музея Літвы і датуецца 1849 годам (на 28 гадоў старэй за лепельскую). Дакладная копія Глыбоцкай дуды зробленая майстрам Сяргеем Чубрыкам захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Унікальнасць глыбоцкай дуды ў тым, што яе мех пашыты са скуры барсука, поўсцю навонкі.[7] Глыбоцкая дуда лягла ў аснову міфу пра «Лабанорскую дуду» у Літве і на працягу гадоў выступала як адзіная ілюстрацыя такой дуды. Першы раз «Глыбоцкая дуда» выступае ў якасці «Лабанора дуда» у «Вялікай Савецкай энцыкляпэдыі», дзе выдуманы тэрмін праілюстраваны глыбоцкай дудой. Глыбоцкая дуда таксама пададзеная як літоўская ў другім выданьні «Атласа музыкальных инструментов народов СССР» (1975) пад рэдакцыяй К. Вярткова. Першае выданьне выйшла ў 1964. Глыбоцкая дуда была прадстаўленая як літоўская ў серыі «Музычныя інструменты народаў СССР» на пачцы запалак, з 1982 году (Уфа). У 1983, у Пінску выйшла другая сэрыя выданьня. На ім прадстаўленая таксама і беларуская дуда (але з бранзбойтнымі-зрэзанымі рагаўнямі).
Прынцып і манэра граньня
рэдагавацьПадчас граньня дудар трымаў дуду альбо гарызантальна пад пахай, альбо вэртыкальна перад сабой.
У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў жалейку і бурдон (бурдоны) і прымушае вібрыраваць язычкі, што знаходзяцца ў сярэдзіне трубак — гэтае выклікае моцнае й рэзкае гучаньне.
На Беларусі вылучаецца дзьве манэры граньня:
- закрытая манера (традыцыйная)
- адкрытая манера (агульнасярэднявечная)
Сучасны стан
рэдагавацьУ XXI стагодзьдзі дударскі рух у Беларусі карыстаецца надзвычайнай папулярнасьцю, паступова зьяўляюцца новыя музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць дуды ў сваёй творчасьці.
Некаторыя беларускія гурты й артысты, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасьці дуды (у тым ліку і замежнай традыцыі):
- Ceilidh Ceol
- Cornu Copia
- Dzivasil
- ESSA
- Galiarda
- Irdorath[8]
- Litvintroll[9]
- Osimira[10]
- RR
- Aqua Profunda
- Testamentum Terrae[11]
- Tylos Labanoro
- PAWA[12]
- Znich[13]
- Ветах[14]
- Віталь Воранаў[15]
- Кашлаты Вох[16]
- Келіх Кола
- Кудмень
- Ліцьвінскі хмель
- Млын Сонца
- Молат
- Рада
- Рарог
- Расалія
- СтараЛітва
- Стары Ольса[17]
- Тутэйшая шляхта
- Тутэйшыя
- Яварына
- Ягорава гара
- Dzieciuki
- Osterweg
- Dzivia
- Wartha
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Літоўская дуда. Інструмэнт-міт(недаступная спасылка) // Тодар Кашкурэвіч // DRUVIS — Альманах Цэнтра Этнакасмалогіі KRYŬJA, №2, 2008
- ^ Беларускія архетыпы — дуда // Размова Анатоля Мяльгуя з Тодарам Кашкурэвічам — Kryuja centar etnakasmalogiji, 2008.
- ^ Беларуская народная песьня Ой, повешу я дуду, soundcloud.com.
- ^ https://www.svaboda.org/a/27937897.html
- ^ Ліцвінская дуда Мацянка, belduda.com
- ^ Старыя інструмэнты Беларусі // Дакумэнтальная кінастужка. — ТАА «Реплимастер», Расейская Федэрацыя. — 2007.
- ^ Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей:https://web.archive.org/web/20201116004834/http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki
- ^ Афіцыйная старонка гурту Irdorath.
- ^ Афіцыйная старонка гурту Litvintroll(недаступная спасылка).
- ^ Афіцыйная старонка гурту Osimira.
- ^ Афіцыйная старонка гурту Testamentum Terrae.
- ^ Афіцыйная старонка гурту PAWA.
- ^ Афіцыйная старонка гурту Znich.
- ^ Афіцыйная старонка гурту Ветах.
- ^ Ганна Комінч. (2019-07-30) Віталь Воранаў - папулярызатар беларускай дуды (бел.). Беларускае Радыё Рацыя. Праверана 2020-07-19 г. Архіўная копія ад 2020-07-19 г.
- ^ Афіцыйная старонка гурту Кашлаты Вох.
- ^ Афіцыйная старонка гурту Стары Ольса.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Усё пра дуды й дудароў тутэйшых» — Беларуская дударская суполка
- Дударскі Фэст
- Беларускія дуды й дудары на YouTube
- Старонка Майстра Юрася Панкевіча
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|