«Ягорава гара» — музычны праект, у якім сынтэзуюцца архаіка і сучаснасьць, экспэрымэнты ў музыцы. Удзельнікі музычнага праекту імкнуцца раскрываць сучаснай моладзі глыбіню старажытнай народнай музычнай культуры праз апрацоўку традыцыйных песень Гомельшчыны (Беларусь). У праекце выкарыстоўваюцца вельмі разнастайныя музычныя стылі. Рэпэртуар складаюць акустычныя і электронныя кампазыцыі. Іх аснову ўтвараюць песьні, запісаныя ўдзельнікамі праекту ў экспэдыцыях па Гомельскай вобласьці. Музычны бок праекту характарызуецца імкненьнем перадаваць перанятую ад носьбітаў традыцыйную манеру народных сьпеваў.

Музычны фольк-праект «Ягорава гара» пачаў сваю канцэртную дзейнасьць у 2013 годзе. Яго стваральнікам зьяўляецца Ігар Архіпаў, які для творчасьці выбраў імя Ягор Палешук. Ягор зьяўляецца прадусарам, кампазытарам і аранжыроўшчыкам музычнага праекту. Назва «музычны праект» прадугледжвае пры наяўнасьці асноўнага складу ўдзельнікаў запрашэньне іншых музыкаў для выступаў і запісаў асобных кампазыцыяў і праграм. За 3 гады творчай дзейнасьці ў музычным фольк-праекце «Ягоравай гары» прынялі ўдзел больш за 10 чалавек.

Асноўнымі ўдзельнікамі праекту зьяўляюцца:

  • Ягор Паляшук
  • Ірына Глушэц
  • Зося Бабакова

Ягор заняўся музыкай у сталым узросьце і, ня маючы музычнай адукацыі, за вельмі кароткі час дасягнуў значных вынікаў як у стварэньні музыкі, так і ў сьпевах і інструмантальным выканальніцтве. Зараз Ягор іграе на гусьлях, колавай ліры, гітары, дудзе, жалеўках, флейтах, бубне, сынтэзатары. Таксама Ягор піша музыку з дапамогай мэдыястудыі.

Ірына мае прафэсійную музычную адукацыю, скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў па спэцыяльнасьці «этнафоназнаўства», магістр мастацтвазнаўства. Па сваёй дзейнасьці цесна зьвязана з народнай творчасьцю Гомельшчыны — працуе загадчыкам аддзелу народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтру народнай творчасьці, на працягу 3 гадоў кіравала сьпеўным калектывам пры Гомельскай маладзёвай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі «Талака». Іграе на ліры, гудку, цымбалах, бубне.

Зося занялася музыкай год таму. Але сёньня яна ўжо сьпявае, іграе на флейце, дудзе, жалейцы, сапёлцы, асвойвае скрыпку.

У 2016 годзе да гурта дадаліся Кацярына Магонава (сьпевы, пэркусія, гудок, сынтэзатар), Юры Яжоў — барабаны, пэркусія, Тацьцяна Яжова — бубен, джамбэ, дарбука, пэркусія.

Ірына і Кацярына выконваюць ролю вядучых вакалістак. Усе ўдзельнікі валодаюць ударнымі, шумавымі інструмантамі і акарынамі.

Песьні ў выкананьні «Ягоравай Гары» гучаць на каналах Беларускага радыё, на Гомельскім абласным радыё.

Музычны праект «Ягорава гара» двойчы намінант на прысуджэньне этнамузычнай Прэміі “МИРА” (2013, 2015 г.г.) на Міжнародным фэстывалі этнічнай музыкі і рамёстваў “МИР Сибири” (п. Шушанскае Краснаярскага краю, Расея). Ляўрэат І ступені VIII Рэспубліканскага фэстывалю фальклёрнага мастацтва "Берагіня" за захаваньне этнамузычнай спадчыны беларусаў у 2014 г. Уладальнік Дыплёма пераможцы ў намінацыі “Адраджэнне і развіццё нацыянальных традыцый” агляду-конкурсу аматарскай творчасьці сярод прадпрыемстваў, арганізацыяў, устаноў Цэнтральнага раёну г. Гомеля 2014 г.

У лютым 2016 году музычны фольк-праект «Ягорава гара» выдаў першы студыйны альбом.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць