Бабруйская апэрацыя

Бабруйская апэрацыя — наступ Чырвонай арміі СССР 24—29 чэрвеня 1944 году на заняты нямецкім войскам Бабруйск (Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР) падчас Другой сусьветнай вайны. Была складовай часткай апэрацыі «Багратыён». У ходзе ажыцьцяўленьня Чырвоная армія разьбіла галоўныя войскі 9-й нямецкай арміі і заняла 9 раённых цэнтраў 4 абласьцей Беларускай ССР: Качэрычы, Клічаў, Асіпавічы і Бабруйск (Магілёўская вобл.); Глуск, Карпілаўка і Парычы (Палеская вобласьць), Жлобін (Гомельская вобласьць) і Старыя Дарогі (Менская вобласьць). Чырвонаармейцы забілі каля 50 тыс. нямецкіх жаўнераў і афіцэраў, падбілі і захапілі 366 нямецкіх танкаў, больш за 5 тыс. гарматаў і мінамётаў, каля 16 тыс. аўтамашынаў. Бабруйскі наступ дазволіў Чырвонай арміі працягнуць прасоўваньне далей на Менск і Слуцак[1]. Разам з тым, страты Чырвонай арміі перавысілі страты нямецкага войска.

Бабруйская апэрацыя
Зьнішчаныя самаходы 9-й нямецкай арміі (каля в. Цітаўка, Бабруйскі раён; 28 чэрвеня 1944 г.)
Дата: 24—29 чэрвеня 1944
Месца: Захад Магілёўскай вобласьці
Вынік: Нямецкае адступленьне і акружэньне ў Бабруйску
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Чырвоная армія заняла Бабруйск і 8 іншых райцэнтраў БССР
Супернікі
Нямецкая дзяржаваСССР
Камандуючыя
Ганс Ёрдан(de)Канстанцін Ракасоўскі
Колькасьць
130 тыс. вайскоўцаў418 541 вайсковец[2]
Страты
50 тыс. забітых[1], 20 тыс. палонных70 тыс. забітых

Расклад сілаў

рэдагаваць

Нямецкае войска налічвала каля 130 тыс. жаўнераў, больш за 2500 гарматаў, больш за 370 танкаў і штурмавых гарматаў. 6-ы паветраны флёт(de) Паветранага войска Нямеччыны ажыцьцяўляў прыкрыцьцё з дапамогай каля 700 самалётаў. Склад:

Баявыя злучэньні Чырвонай арміі СССР налічвалі 418 541 вайскоўца, 1297 танкаў і самаходных гарматаў, 9758 гарматаў і мінамётаў, 2033 самалёты[2]. Склад:

Ажыцьцяўленьне

рэдагаваць

24 чэрвеня 1944 г., апоўдні, 224 савецкія бамбавікі і штурмавікі зьдзейсьнілі паветраны налёт на нямецкую абарону. У выніку на поўдзень ад пасёлка Парычы (Палеская вобласьць) савецкія 28-я і 65-я арміі прасунуліся на 10 км па правым беразе ракі Бярэзіна і занялі 50 вёсак Парыцкага раёну. 25 чэрвеня 1-ы гвардзейскі танкавы корпус(ru) (генэрал Міхаіл Паноў(ru)) паглыбіўся на 20 км у бок Бабруйска з поўдня і выйшаў у тыл нямецкаму войску ў Парычах[1]. На поўнач ад Бабруйска пачалася гарматная падрыхтоўка наступу, што ўрэшце прывяла да зьнішчэньня 134-й нямецкай пяхотнай дывізіі(de) (35-ы армейскі корпус). У выніку 26 чэрвеня 3-я савецкая армія перайшла раку Друць.

26 чэрвеня савецкая конна-мэханізаваная група выйшла да ракі Пцічы на ўсход ад Глуску (Палеская вобл.). 65-я армія выйшла да Бярэзіны на поўдзень ад Бабруйску і перарэзала шашу Бабруйск — Слуцак. Дняпроўская вайсковая флятылія зрабіла ўдалую высадку(uk) ў Здудзічах (Парыцкі раён). Чырвоная армія заняла Парычы. Пасьля бамбаваньня 16-й савецкай паветранай арміяй і ўводу танкавых войскаў, часьці 48-й арміі занялі Жлобін (Гомельская вобласьць). 9-ы савецкі танкавы корпус(ru) (генэрал-маёр Барыс Бахараў) абышоў Бабруйск з поўначы і заняў Качэрычы (Магілёўская вобл.). 27 чэрвеня 28-я армія заняла Глуск і пас. Карпілаўка (Палеская вобл.). 1-ы гвардзейскі танкавы корпус перарэзаў шляхі на захад і паўднёвы захад ад Бабруйска. 9-ы танкавы корпус закончыў акружэньне 40-тысячнага нямецкага войска ў Бабруйскім катле пры злучэньні з 1-ым гвардзейскім танкавым корпусам[1]. У акружэньні апынуліся 5 з 10 дывізіяў 9-й нямецкай арміі, у тым ліку 35-ы армейскі корпус, 20-я танкавая дывізія і часьці 41-танкавага корпусу. У выніку вярхоўны камандзір Узброеных сілаў Нямеччыны Адольф Гітлер (1935—1945) зьняў Ганса Ёрдана з пасады камандзіра 9-й арміі. Пасаду заняў Нікалаюс Форман(de).

28 чэрвеня Чырвоная армія заняла: пасёлак Цялуша (Бабруйскі раён), празь які праходзіла чыгунка з Бабруйска на Жлобін; Клічаў і Сьвіслач (Асіпавіцкі раён) на поўнач ад Бабруйска; Асіпавічы (Магілёўская вобл.) і Старыя Дарогі (Менская вобл.) на захад ад Бабруйска. 12-я нямецкая танкавая дывізія(de) прыбыла на падмацаваньне да ракі Сьвіслач на паўночны захад ад Бабруйска. Начальнік штаба 9-й арміі сустрэў камандзіра 12-й дывізіі словамі: «Рады вас бачыць. 9-я армія больш не існуе». Вярхоўнае камандаваньне войскаў Нямеччыны(de) загадала 9-й арміі адступаць. Камэндант Бабруйску Адольф Гаман атрымаў для ўтрыманьня места 383-ю пяхотную дывізію(de) (35-ы армейскі корпус). У Бабруйскай крэпасьці пакінулі некалькі тыс. параненых нямецкіх вайскоўцаў. Рэшткі 20-й танкавай дывізіі ўтварылі вастрыё для прарыву з акружэньня 41-га танкавага корпусу. У выніку 12 тыс. нямецкіх вайскоўцаў адступілі з катла на ўсход ад Бабруйска праз пазыцыі 356-й савецкай стралковай дывізіі (65-я армія) па дарозе на Менск. 29 чэрвеня Чырвоная армія заняла Бабруйск і пасёлак Халопенічы (Глускі раён). У ходзе наступу савецкія партызаны захоплівалі пераправы і вялі выведку ў тыле нямецкага войска[1].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Бабруйская апэрацыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў