Беларус на чужыне
«Беларус на чужыне» — часопіс беларускай дыяспары, які выдаваўся ў Лёндане з кастрычніка 1947 г. па красавік 1950 г. Выйшлі 42 нумары.
Першы нумар выйшаў 7 кастрычніка 1947 г. Ініцыятарамі выданьня былі Аляксандар Надсан і Якуб Амор (Кастусь Кадушка), яны ж былі найбольш актыўнымі аўтарамі. Часопіс меў палітычна-інфармацыйную скіраванасьць. Публікаваліся агляды міжнароднай палітыкі, артыкулы пра навуковыя дасягненьні брытанскай і сусьветнай навукі, аналіз згадак іншамоўнай прэсы пра беларусаў, артыкулы па праблемах беларускага арганізацыйнага жыцьця, беларуская эміграцыйная хроніка і інш.
Часопіс быў цесна зьвязаны са Згуртаваннем беларусаў Вялікабрытаніі. Друкаваўся часткова кірыліцай, часткова лацінкай. Рэдактарам найдаўжэй выступаў Аляксандар Надсан (першым рэдактарам, верагодна, быў Вінцэнт Жук-Грышкевіч). Аўтары — жыхары як Ангельшчыны, так і іншых краінаў.
Зь лютага 1949 г., з №3(27), «Беларус на Чужыне» стаў афіцыйным выданьнем Беларускага незалежніцкага народна-хрысьціянскага руху — палітычнай арганізацыі беларусаў Вялікабрытаніі. Аднак асноўныя выдаўцы не зьмяніліся. Часопіс выходзіў да красавіка 1950 г., да нумару №18(42). Прычыны спыненьня выданьня былі зьвязаныя галоўным чынам з рээміграцыяй аўтараў, якія пакінулі Вялікабрытанію.
У 2009 выданьне аднавілася ў якасьці бюлетэня аб навінах беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі.
Літаратура
рэдагаваць- Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка; пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мінск: Медысонт, 2010. — С. 203—206.