Аляксандар Антоні Сапега
Аляксандар Антоні Сапега (3 верасьня 1773, Страсбург, Францыя — 8 верасьня 1812, Дзярэчын) — навуковец, дасьледнік, дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай. Кавалер Залатога арла Ганаровага легіёну.
Аляксандар Антоні Сапега | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 3 верасьня 1773 Страсбург, Францыя |
Памёр | 8 верасьня 1812 |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Юзэф Сапега Тэафіля зь Ябланоўскіх |
Жонка | Ганна з Замойскіх |
Дзеці | Лявон Ганна Сафія |
Дзейнасьць | падарожнік-дасьледнік, хімік, геоляг, палітык, мінэроляг |
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік коданскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Юзэфа (1737—1792), крайчага вялікага літоўскага, і Тэафілі зь Ябланоўскіх(pl) (1743—1816). Дзяцінства правёў у Францыі, куды сям’я пераехала па паразе Барскай канфэдэрацыі. З 1777 году жыў у цёткі Ганны Ябланоўскай з Сапегаў (1728—1800) на Падляшшы (Сямяцічы, Коцк), дзе атрымаў хатнюю адукацыю і зацікавіўся навукай.
У 1792 годзе пазнаёміўся са Станіславам Сташыцам, разам зь якім пачаў цікавіцца геалёгіяй усходняй часткі Рэчы Паспалатіай. Улетку 1794 году разам з Замойскімі, сваякамі жонкі, выехаў у Вену. Там завязаў кантакты зь Юзэфам Максымільянам Асалінскім.
У 1800 годзе з рэкамэндацыі С. Сташыца стаў сябрам варшаўскага Таварыства аматараў навук(pl). Ажыцьцявіў мінэралягічныя экспэдыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінэралёгія» (1800—1801), падручніка з неарганічнай хіміі (1801—1802), нарысу з крышталяграфіі. Падарожнічаў па Адрыятычным узьбярэжжы, вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, басьнійцаў, герцагавінцаў. Вынікі дасьледаваньняў апублікаваў у выглядзе лістоў да Ж.-Э. Жылібэра «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гадоў» (Уроцлаў, 1811, пад псэўданімам X***S***").
У 1804 годзе ўзышоў на гару Мон-Сэні (~3000 м)[3], стаўшыся такім чынам першым беларускім альпіністам. 13 ліпеня паведаміў пра гэты факт на паседжаньні Ліёнскай акадэміі навук(fr)[4].
У 1807 годзе зладзіў знаходжаньне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камэргерам. Браў удзел у аблозе Гданьску (1807 год), па чым зіму правёў у Парыжы, пры двары Напалеона. У 1808—1809 гадох займаўся навуковымі дасьледаваньнямі ў Францыі, потым пад выглядам дасьледаваньняў вывучаў настроі насельніцтва на анэксаваных Расеяй землях Рэчы Паспалітай(pl), дасылаючы Напалеону адпаведныя рапарты. Стварыў агентурную сетку францускай выведкі на забраных тэрыторыях. 1 ліпеня 1812 году ўвайшоў у склад Часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага і ўзначаліў вайсковы аддзел, але хутка выйшаў з ураду з прычыны непаразуменьняў з генэрал-губэрнатарам ВКЛ Д. ван Гагендорпам, які непрыхільна ставіўся да літвінаў.
У 1794 годзе ажаніўся з Ганнай (1780—1859), дачкой канцлера вялікага кароннага і ардыната замойскага Андрэя Замойскага (1716—1792) і Канстанцыі Чартарыйскай (1778—1837). У шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Ганна Соф'я (1799—1864), жонка з 1817 году князя Адама Ежы Чартарыйскага (1770—1861)
- Леў (пам. да 1801)
- Леў Людвік (1802—1878)
Памёр 8 верасьня 1812 году па ўкусе кнура, ад якога пачалося заражэньне і гангрэна. Гэта, а таксама ранейшае захворваньне і агульнае аслабленьне арганізму і сталіся прычынай сьмерці.
Галерэя
рэдагаваць-
З маці. A. Gore, 1775 г.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ www.accademiadellescienze.it (італ.)
- ^ а б Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.) — Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 103. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
- ^ Афанасенко В. (16 ліпеня 2003) Юбилей горы. Эверест белорусский (рас.) Биг-Мак-Бол. Прессбол. Праверана 28 ліпеня 2012 г.
- ^ Piotr Daszkiewicz, Radosław Tarkowski. Mało znana rozprawa Jean-Emmanuela Giliberta (1741–1814) — interesujący dokument historii polskiej geologii // Przegląd Geologiczny. — 2007. — Т. 55. — № 12/2. — С. 1124.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- J. Skowronek. Z magnackiego gniazda do napoleońskiego wywiadu. Aleksander Sapieha. — Warszawa: 1992.