Іван Фёдараў

кнігавыдавец, асьветнік, заснавальнік кнігадрукаваньня ў Расеі і ва Ўкраіне
(Перанакіравана з «Іван Федаровіч»)

Іва́н Фёдараў (Іван Федаровіч[3]; рас. Иван Фёдоров, укр. Іван Федорович, каля 1510—1583) — кнігавыдавец, асьветнік, заснавальнік кнігадрукаваньня ў Расеі і ва Ўкраіне.

Іван Фёдараў
Дата нараджэньня каля 1510
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 5 (15) сьнежня 1583[1]
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак друкар, друкар, выдавец
Подпіс Выява аўтографу
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Фёдараў.

Біяграфія

рэдагаваць

Паходжаньне

рэдагаваць

Месца яго нараджэньня невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць зь беларускага роду Рагозаў. Паводле некаторых зьвестак, навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце, дзе ў 1532 годзе атрымаў ступень бакаляўра. Існуе гіпотэза пра нараджэньне Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вялейскага раёну[4].

Друкарская дзейнасьць у Маскве

рэдагаваць

У 1550-я гады працаваў у г. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. Зь 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 разам з Пятром Мсьціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расейскую друкаваную кнігу «Апостал» (захаваўся 61 асобнік). Рыхтуючы яе да выданьня, першадрукары правялі вялікую тэксталягічную і рэдактарскую работу, аб чым сьведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленьні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнамэнтальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнамэнтальныя прыёмы гэтай школы, Фёдараў і Мсьціславец стварылі г. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэньне ў мастацкім аздабленьні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала», які выкарыстоўваў Фёдараў і ў іншых сваіх выданьнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў.

29 верасьня і 29 кастрычніка 1565 Фёдараў і Мсьціславец выпусьцілі ў Маскве 2 выданьні «Часоўніка» (зьберагліся 6 асобнікаў) — кнігі для пачатковага навучаньня грамаце.

Выгнаньне з Масквы. Кнігадрукарства ў Беларусі

рэдагаваць

У 1566 годзе з прычыны ганеньняў з боку рэакцыйных расейскіх сьвецкіх і царкоўных колаў Фёдараў і Мсьціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве каля Беластоку (зараз Падляскае ваяводзтва ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага Княства Літоўскага Рыгора Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 1568—1569 імі надрукавана «Эвангельле вучыцельнае» (захаваліся 44 экз.) — зборнік гутарак і павучаньняў з тлумачэньнем эвангельскіх тэкстаў. У ім зьмешчана таксама «Слова на Ўшэсьце» Кірылы Тураўскага — першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага аркуша кнігі ў тэхніцы ксыляграфіі зьмешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася ў Беларусі. Пасьля ад’езду Мсьціслаўца ў Вільню Фёдараў надрукаваў у Заблудаве ў 1569—1570 Псалтыр з Часаслоўцам (зьберагліся 3 асобнікі). У канцы гэтай кнігі зьмешчаная Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Фёдараў, відаць, выкарыстаў Пасхалію з «Малой падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.

Пераезд у Львоў

рэдагаваць
 
Памятная манэта Ўкраіны

Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасьць, Фёдараў у канцы 1572 — пачатку 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Ўкраіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал» (захавалася 97 асобнікаў, што сьведчыць пра вялікі першапачатковы наклад кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выданьня 1564 з даданьнем некаторых уступных тэкстаў і пасьляслоўяў «Повесть… откуду начася и како сверится друкарня сия». Гэта пасьляслоўе — першы друкаваны твор рускай мэмуарнай літаратуры. У кнізе зьмешчаныя 3 гравюры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукаша, геральдычная кампазыцыя з гербам г. Львова і друкарскім знакам Фёдарава.

У тым жа 1574 Фёдараў надрукаваў у Львове «Азбуку» («Буквар») — першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваньнямі для навучаньня грамаце, прыкладамі спражэньня дзеясловаў, скланеньня назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстаньня «прасодый» (узоры выкарыстаньня над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацаваньня і разьвіцьця навыкаў чытаньня і пісьма, г. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі зь біблейскіх кніг у «Азбуцы» падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардзкага унівэрсытэта, ЗША, другі — у Лёндане).

На службе Канстанціна Астроскага

рэдагаваць

У 1575 князь Канстанцін Астроскі запрасіў Фёдарава на службу да сябе, дзе той выконваў абавязкі аканома Дзерманскага кляштара. Каля 1578 Астроскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18 чэрвеня 1578 выйшла новае выданьне «Азбукі», дапоўненае ў параўнаньні з выданьнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэцкай мовай (захаваліся 2 асобнікі: у Капэнгагене і Гоце, Нямеччына; невялікі яе фрагмэнт — у Дзяржаўнай Расейскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданьні ўпершыню надрукаваны помнік старажытнабаўгарскай літаратуры «Аб писменах» Чарнарызца Храбра пад назвай «Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску». У 1580 Фёдараў надрукаваў у Астрогу Псальтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у «васьмёрку»; зьбераглося 68 асобнікаў). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны аркуш, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. У тым жа годзе Фёдараў выдаў паказальнік да гэтых кніг: «Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных…» — першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакумэнталістыкі альфабэтна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых словаў (зьбераглося 16 асобнікаў).

5 траўня 1581 у Астрогу лістоўкай Фёдараў надрукаваў «Храналёгію» Андрэя Рымшы — першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зьберагаецца ў Санкт-Пецярбургу). Да 12 жніўня 1581 надрукаваў 1-е поўнае выданьне славянскай Бібліі кірыліцкага шрыфту, г. зв. «Астроскую Біблію» (захавалася 275 экз.). У яе зьмесьце і аздабленьні адчуваецца ўплыў выданьняў Скарыны. Арнамэнтальнае аздабленьне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнамэнтыкі скарынінскіх выданьняў. Прасочваецца тоеснасьць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расейскай бібліятэцы зьберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасьляслоўяў Бібліі Скарыны).

З 1582 Фёдараў зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыцьцё новай друкарні, Фёдараў адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.

У 1583 ён пабываў у Кракаве, Вене і, магчыма, у Дрэздэне. Захаваўся ліст Фёдарава да саксонскага курфюрста Аўгуста, напісаны зь Вены 23 ліпеня 1583. У канцы 1583 Фёдараў вернуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры(uk). На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: «Друкар кніг дагэтуль нябачаных».

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць