Антыўтопія

непажаданы стан супольнасьці

Антыўто́пія (ад «анты-» й «утопія»), таксама дыстапія (па-ангельску: dystopia, літар. «Дрэннае месца» ад па-грэцку: δυσ «адмаўленьне» + па-грэцку: τόπος «месца») — выява грамадзкага ладу або супольнасьці, якія прадстаўлялі аўтару або крытыку непажаданымі, адштурхвальнымі або жыхлівымі. Зьяўляецца супрацьлегласьцю ўтопіі ці яе дэрывацыі.

Антыўтапічнае грамадзтва апісанае ў шматлікіх мастацкіх творах, дзяяньне якіх у літаратуры Новага часу адбываецца ў будучыні. Антыўтопія як жанр часьцяком выкарыстоўваецца, каб зьвярнуць увагу на рэальныя для аўтара праблемы ў навакольным асяродзьдзі, палітыцы, эканоміцы, рэлігіі, тэхналёгіях і інш. У літаратуразнаўстве XX—XXI стагодзьдзяў антыўтопіі, як і ўтопіі, разглядаюцца ў шэрагу жанраў навуковай фантастыкі. Згодна з Кенэтам Рамэрам, гэта дэталёвае апісаньне ўяўнай культуры, якая дае чытачу выяву альтэрнатыўнай рэаліі для крытыкі ўласнай сучаснасьці з інтэлектуальных і эмацыйных пазыцыяў. Калі аўтар і/або чытачы ўспрымаюць апісаную рэальнасьць як змрочную і якая значна саступае аб’ектыўнай, — гэта дыстапія, то ёсьць антыўтопія. У заходнім літаратуразнаўстве тэрміны «антыўтопія», «дыстопія», «какатопія» ды інш. лічацца сынонімамі.