Эрых Фром

нямецкі філёзаф, псыхоляг, псыхааналітык

Эрых Фром (па-нямецку: Erich Fromm; 23 сакавіка 1900,Франкфурт-на-Майне — 18 сакавіка 1980, Лякарна) — нямецка-амэрыканскі філёзаф, сацыяльны псыхоляг, прадстаўнік нэафрайдызму. Скончыў Гайдэльбэрскі ўнівэрсытэт, атрымаў ступень доктара філязофіі (1922). Вучыўся ў Бэрлінскім псыхааналітычным інстытуце (1923—1924). У 1929—1932 супрацоўнік Інстытуту сацыяльных досьледаў у Франкфурце-на-Майне. Пасьля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў эміграваў у ЗША. Выкладаў у Інстытуце псыхааналізу ў Чыкага, у Калюмбійскім, Ельскім, Мічыганскім унівэрсытэтах. У 1951—1967 жыў у Мэксыцы, быў прафэсарам псыхіятрыі Нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Мэхіка. У 1974 перасяліўся ў Швайцарыю.

Эрых Фром
Erich Fromm
Дата нараджэньня 23 сакавіка 1900(1900-03-23)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня Франкфурт-на-Майне, вобласьць Гэсэн-Насаў, Каралеўства Прусія, Нямецкая Імпэрыя
Дата сьмерці 18 сакавіка 1980(1980-03-18)[1][2][3][…] (79 гадоў)
Месца сьмерці Муральта, Лякарнскі раён, кантон Тычына, Швайцарыя
Месца вучобы Гайдэльбэрскі ўнівэрсытэт (акруга Карлсруэ, Рэспубліка Бадэн, Нямеччына)
Занятак прафэсар унівэрсытэту, сацыёляг, псіхааналітык, пісьменьнік, псыхоляг, філёзаф, эканаміст
Навуковая сфэра грамадазнаўства, псыхалёгія
Месца працы Нью-Ёрскі ўнівэрсытэт (1962—1974)
Сябра ў William Alanson White Institute[d]
Навуковая ступень доктар філязофіі (1922)
Навуковы кіраўнік Альфрэд Вэбэр
Вучні Эліяс Портэр
Узнагароды
Сайт www.erich-fromm.de
Erich Fromm (1974)

Філязофія Эрыха Фрома

рэдагаваць

Паводле Фрома, асоба зьяўляецца прадуктам дынамічнага ўзаемадзеяньня паміж прыроджанымі патрэбамі і ўплывам культуры, сацыяльных нормаў і прадпісаньняў. Лічыў, што ў кожнага чалавека ёсьць свая нязьменная сутнасьць, якая захоўваецца як ядро ва ўсіх культурах і гістарычных абставінах. Адзначаў, што неад’емнай рысай чалавечага існаваньня ў сучасным «хворым» грамадзтве зьяўляюцца адзінота, ізаляцыя і адчужэньне, якія спадарожнічаюць дасягнутаму ўзроўню свабоды. Фром расчыніў некалькі шляхоў, якія выкарыстоўваюцца людзьмі дзеля пераадоленьня гэтых пачуцьцяў, «уцёкаў ад свабоды»: аўтарытарызм (празьмерная залежнасьць ад зьнешняй моцы і бездапаможнасьць альбо дамінаваньне і кантроль над другімі людзьмі), дэструктыўнасьць (пераадоленьне пачуцьця непаўнавартасьці празь зьнішчэньне або пакарэньне іншых), аўтаматызаваны канфармізм (страта індывідуальнасьці, абсалютнае падпарадкаваньне сацыяльным нормам і правілам). На ягоную думку, шлях да пабудовы «здаровага» грамадзтва ляжыць праз маральную абнову, творчую працу, духоўнае ачышчэньне чалавека, паглыбленьне ягонай здольнасьці да любові ў шырокім сэнсе слова. Распрацаваў канцэпцыю «сацыяльнага характару», пад якім разумеў ядро структуры характару, уласьцівае большасьці прадстаўнікоў пэўнай культуры. Адрозьніваў асноўныя сацыяльныя тыпы характару: 1) рэцэптыўны (пасіўнасьць, спадзяваньне на дапамогу іншых людзей, даверлівасьць); 2) эксплюатуючы (эгацэнтрызм, выжываньне за кошт іншых, агрэсіўнасьць); 3) назапашвальны (жаданьне авалодаць як мага большай колькасьцю матэрыяльных дабротаў, улады і любові, кансэрватыўнасьць, падазронасьць); 4) рыначны (уяўленьне пра асобу як тавар, неразборлівасьць у сродках дасягненьня мэты, духоўная спустошанасьць); 5) прадуктыўны (незалежнасьць, здольнасьць да творчага мысьленьня, да шчырай любові, адказнай працы). Людзі з прадуктыўнай арыентацыяй маглі б скласьці ў будучым дасканалае грамадзтва, якое Фром называў «гуманістычным абшчынным сацыялізмам». Асноўныя працы — «Уцёкі ад свабоды» (1941), «Чалавек для сябе» (1947), «Псіхааналіз і рэлігія» (1950), «Забытая мова (1951), «Здаровае грамадства» (1955), «Мастацтва любові» (1956), «Анатомія чалавечай дэструктыўнасьці» (1973) і інш. У 1986 у ФРН (г. Тубінген) заснавана Міжнароднае таварыства Фрома.

  1. ^ а б Erich Fromm // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
  2. ^ а б Erich Fromm // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б Erich Fromm // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць