Ян Сцыпіён
Ян Сцыпіён (? — 1738) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян смаленскі (з 1720)[1].
Герб «Сцыпіён» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Памёр | 1738 |
Род | Сцыпіёны |
Бацькі | Андрэй Сцыпіён Элеанора з Сухадольскіх |
Жонка | Тэрэза зь Юзэфовічаў-Глябіцкіх |
Дзеці | Юзэф, Ганна |
Па бацьку валодаў Сукурчамі, Шчучынам і Балотнам у Лідзкім, Сякержынцамі ў Гарадзенскім, Бебраўцамі ў Мазырскім паветах. Ад маці ўспадкаваў Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Дзякуючы дзяржаўнай службе атрымаў вёскі Горні (1708) і Пуршчы (1711) на Лідчыне. У 1710 карыстаўся маёнткам Агінскіх Яшуны Віленскага павету. Трымаў Лідзкае (з 1713) і Барцянскае (з 1719) староствы.
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік шляхецкага роду Сцыпіёнаў гербу ўласнага, сын Андрэя, падчашага гарадзенскага і харужага вендэнскага, і Элеаноры з Сухадольскіх. Меў брата Казімера.
Падтрымліваў Радзівілаў і Аўгуста Моцнага, за якога прагаласаваў на элекцыі ў 1697. У 1695 дзякуючы падтрымцы Яна Мікалая Радзівіла атрымаў урад лідзкага гродзкага пісара. У 1699 абіраўся дэпутатам у Галоўны Трыбунал (у 1703—1704 ягоны маршалак). У 1704 спрабаваў заняць пасаду лідзкага земскага пісара, але атрымаў толькі месца падстолія. Нарэшце, у 1713, дзякуючы падтрымцы Міхала Антонія Радзівіла, атырмаў Лідзкае старосты, якое дагэтуль доўгі час належала Радзівілам.
Актыўна ўдзельнічаў палітыцы: скардзіўся на злоўжываньні расейскай арміі ў Лідзкім павеце (1710), выступаў супраць «царскай пратэкцыі» Рэчы Паспалітай (1716), прапаноўваў зьняць з усіх дзяржаўных пасадаў «дысыдэнтаў» — некаталікоў (1720). У 1719 кашталян віленскі Людвік Канстантын Пацей перадаў яму Барцянскае староства ў Лідзкім павеце. 7 лістапада 1720 атрымаў пасаду кашталяна смаленскага. Спробы ў 1732 заняць пасаду ваяводы смаленскага былі беспасьпяховымі.
У 1735 заснаваў у Балотна калегіюм піяраў, а ў 1738 у Канюхах — кляштар дамініканаў[2].
Ажаніўся з Тэрэзай, дачкой падстолія віцебскага і войскага полацкага Юрыя Юзафовіча-Глябіцкага. У шлюбе меў некалькі сыноў (паўналецьця дасягнуў толькі Юзэфа) і дачку Ганну.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пазднякоў П. Сцыпіёны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 648.
- ^ Данскіх С. Шляхта італьянскага паходжаньня ў Лідскім павеце ВКЛ: пытаньні рэцэпцыі і асіміляцыі // «Герольд Litherland» № 17, 2006. С. 57—68.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Данскіх С. Шляхта італьянскага паходжаньня ў Лідскім павеце ВКЛ: пытаньні рэцэпцыі і асіміляцыі // «Герольд Litherland» № 17, 2006. С. 57—68.