Людвік Канстантын Пацей
Людвік Канстантын Пацей (1664 — 3 студзеня 1730) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падскарбі вялікі літоўскі (1703—1707), гетман польны (1709) і вялікі літоўскі (з 1709), адначасна кашталян (1709—1722) і ваявода віленскі (з 1722).
![]() Людвік Канстантын Пацей | |
![]() Герб «Вага» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1664 |
Памёр | 3 студзеня 1730 |
Род | Пацеі |
Бацькі | Леанард Габрыель Пацей Рэгіна з Агінскіх |
Жонка | Анэлія з Загароўскіх Эмэрэнцыяна з Варшыцкіх |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Людвіка Мар'яна |
Дзейнасьць | дыплямат |
Быў старостам ваўкавыскім, воўпенскім і шарашоўскім.
Біяграфія Рэдагаваць
Прадстаўнік шляхецкага роду Пацеяў гербу «Вага», сын Леанарда Габрыеля, ваяводы віцебскага, і Рэгіны з Агінскіх. Меў брата Казімера Аляксандра, ваяводу віцебскага.
Служыў у літоўскім войску, удзельнічаў у бітвах з туркамі і крымскімі татарамі ў Вугоршчыне, Малдове і ўва Ўкраіне. Атрымаў некалькі ўрадаў, у тым ліку берасьцейскага земскага пісара (1687), падкаморыя (1689), пісара польнага літоўскага (1697), стражніка вялікага літоўскага (1698) і інш.
Абіраўся паслом на соймы, належыў да супраціўнікаў гегемоніі роду Сапегаў у Вялікім Княстве. Удзельнік канфэдэрацыі супраць Сапегаў (1696). Быў адным з ініцыятараў ураўнаваньня правоў літоўскай (беларускай) шляхты з польскай на сойме 1697 году. Камандаваў аддзелам у бітве пад Алькенікамі (18 лістапада 1700), па перамозе над Сапегамі, атрымаў значнае багацьце ад захопленых магнацкіх маёнткаў.
Усталяваў кантакты з расейскімі дыпляматамі. Вызначыўся ў Вялікай Паўночнай вайне (1700—1721), калі на чале 3-тысячнага войска адбіваў швэдзкія напады на Вільню, захапіў Тыкоцін, перамог пад Канецполем Станіслава Ляшчынскага. Пры падтрымцы маскоўскага гаспадара Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Быў адным э арганізатараў Віленскай канфэдэрацыі (1716). Падтрымліваў кантакты з Расеяй, знаходзіўся ў апазыцыі да Аўгуста Моцнага, але потым замірыўся зь ім. У канцы жыцьця выступаў супраць спробаў узмацніць каралеўскую ўладу[1].
Першы раз ажаніўся ў 1700 годзе з Анэліяй Загароўскай, другі — у 1717 годзе з Эмэрэнцыянай Варшыцкай. У другім шлюбе меў дачку Людвіку Мар’яну.
Галерэя Рэдагаваць
- Іканаграфія Людвіка Канстантына Пацея
-
Я. Купецкі, 1711
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
З касьцёла паўлінаў у Валодаве, XVIII ст.
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Грыцкевіч А. Пацеі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 420.
Літаратура Рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць
Людвік Канстантын Пацей — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў