Юзэф Сцыпіён
Ю́зэф Сцыпіё́н (Юзэф Сцыпіё дэль Кампа; ? — да 9 чэрвеня 1743) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак дворны літоўскі (з 1739).
Герб «Сцыпіён» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1710 |
Памёр | да 9 чэрвеня 1743 |
Род | Сцыпіёны |
Бацькі | Ян Сцыпіён Тэрэза зь Юзэфовічаў-Глябіцкіх |
Жонка |
|
Дзеці |
|
Дзейнасьць | палітык |
Рэгаліі | |
У 1718 з дазволу караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага атрымаў ад бацькі вёску Горні, у 1735 — Кульбакі, у 1736 — Борці і Пуршчы ў Лідзкім павеце. Апроча таго, ад бацькі меў Шчучынак, Балотна, Палубнікі, Сукурчы ў Лідзкім павеце і Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Па сьмерці першай жонкі (1739) завалодаў усёй спадчынай Фірлеяў ў Люблінскім і Рускім ваяводзтвах, у тым ліку юрыдыкай у Любліне. Трымаў Лідзкае староства (з 1720[1]). Кавалер Ордэна Белага Арла (1742).
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік шляхецкага роду Сцыпіёнаў гербу ўласнага, сын Яна, кашталяна смаленскага, і Тэрэзы з Юзэфовічаў-Глябіцкіх. Адзіны іхны сын, што дасягнуў паўналецьця.
Быў дэпутатам Галоўнага Трыбуналу ў 1717. Неаднаразова абіраўся паслом на сойм — ад Лідзкага павету, Смаленскага ваяводзтва і Інфлянтаў. На соймах 1729, 1730 і 1733 спрабаваў атрымаць пасаду маршалка, але беспасьпяхова.
Некалькі разоў выконваў замежныя місіі. Вёў перамовы з папскім нунцыем (1724), працаваў у камісіі датычна справаў Курляндыі (1727). Ня здолеў атрымаць пасаду кашталяна троцкага, чаму перашкодзіў падканцлер Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі.
Значна палепшыў маёмасны і дынастычны стан роду. Першы раз ажаніўся ў 1728 зь Веранікай, дачкой кашталяна каменскага Андрэя Фірлея. Па сьмерці ў 1730 ейнага брата Якуба Вераніка зрабілася адзіным нашчадкам усёй маёмасьці роду, якая такім чынам трапіла да Сцыпіёнаў. Дзякуючы сваім багацьцям рабіў вялікія ахвяраваньні кляштарам піяраў у Шчучыне і Вярэнаве, дамініканаў у Канюхах. Падтрымаў сваю маці ў заснаваньні ў Шчучыне кляштару сясьцёр міласэрнасьці (1742). Другі раз узяў шлюб у 1740 з Тэрэзай Барбарай, дачкой ваяводы наваградзскага Мікалая Фаўстына Радзівіла[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пазднякоў П. Сцыпіёны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 648.
- ^ Данскіх С. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // «Герольд Litherland» № 17, 2006. С. 57—68.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Данскіх С. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // «Герольд Litherland» № 17, 2006. С. 57—68.