Язэп Мазуркевіч

беларускі пісьменьнік, публіцыст, пэдагог

Язэ́п Ігна́тавіч Мазурке́віч (19 лістапада 1887, фальварак Падкрыжыкі Узьдзенскай воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні Расейскай імпэрыі, цяпер ва Узьдзенскім раёне Менскай вобласьці — 4 лістапада 1937, Віцебск, НКУС; псэўданім: Я. Цікавы) — беларускі пэдагог, празаік і публіцыст. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Віцебскай філіі „Маладняка“, Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў.

Язэп Мазуркевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 лістапада 1887(1887-11-19)
Памёр 4 лістапада 1937(1937-11-04) (49 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пэдагог, празаік, публіцыст
Мова беларуская мова
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мазуркевіч.

Паходжаньне

рэдагаваць

Паходзіў з роду вольных безьзямельных хлебапашцаў Менскай губэрні, праваслаўнага веравызнаньня, якія займаліся арэндай зямлі ў паноў-земляўласьнікаў і былі прылічаныя да ліку менскіх мяшчанаў. Дзед Ігнат Аляксандравіч Мазуркевіч у 1860—1880-я рокі служыў лясным наглядчыкам у маёнтку Цялякаве Ігуменскага павету, уласнасьці памешчыка Канстанціна Гартынга. Бацька Ігнат Ігнатавіч Мазуркевіч (1864—1899) таксама служыў у мясцовай лясной стражы.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і менскіх мяшчанаў Ігната Ігнатавіча і Юзэфы Фёдараўны Мазуркевічаў у фальварку Падкрыжыкі маёнтку Цялякава. Ахрышчаны 29 лістапада ў Сьвята-Пакроўскай царкве вёскі Цялякава (цяпер — вёска Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці). Меў малодшых сёстраў Эмілію і Настасьсю (памерлі ў дзяцінстве), брата Антона. Па сьмерці бацькі Язэпа аддалі на вучобу ў Багушэвіцкую настаўніцкую школу, дзе вучыўся за кошт мэцэнацкай стыпэндыі канцлера Філіпава. Скончыўшы яе, з 1904 року пачаў настаўнічаць у школе граматы на Ігуменшчыне, а з 1906, атрымаўшы экстэрнам званьне настаўніка пачатковай школы, да 1915 року працаваў у Наваградзкім павеце. У 1915—1918 роках быў загадчыкам Бежанскай франтавой перасоўнай школы № 5 каля Баранавічаў. У 1918—1919 настаўнічаў у Камышынскім павеце Саратаўскай губэрні. У 1919—1921 роках працаваў у прыватнай школе ў вёсцы Лысіцы пры станцыі Замір’е ў Наваградзкім ваяводзтве, дзе браў удзел у падпольным і партызанскім руху. У 1921 року арыштаваны дэфэнзывай і зьняволены ў Баранавіцкай турме. 1 сакавіка ўцёк з турмы, пасьля чаго настаўнічаў на Случчыне.

З пачатку 20-х рокаў Язэп Мазуркевіч актыўна ўключыўся ў працэс адраджэньня беларускай літаратурнай традыцыі. У 1924 року скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Менску і працаваў у Віцебску, займаючы пасады выкладчыка савецка-партыйнай школы ІІ ступені, вячэрняга рабфаку, супрацоўніка краязнаўчага музэю, настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў школе. У гэты час Мазуркевіч актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю: быў адным з арганізатараў, кіраўніком і актыўным удзельнікам Віцебскай філіі літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». Быў дэлегатам I-га Ўсебеларускага зьезду «Маладняка» (1925), уваходзіў у склад Цэнтральнага бюро «Маладняка».

Удзельнік І-га зьезду (1928) і сябра БелАПП. Быў кіраўніком Віцебскай філіі, уваходзіў у склад праўленьня БелАПП.

Дэлегат І-га Ўсесаюзнага зьезду пралетарскіх пісьменьнікаў (Масква, 1928).

17 верасьня 1937 быў беспадстаўна арыштаваны. На момант арышту працаваў настаўнікам СШ № 1 Віцебску, быў жанаты, меў дзіця. 20 кастрычніка 1937 асобай нарадай пры НКУС СССР як сябра «Польскай арганізацыі вайсковай» прыгавораны да найвышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляны 4 лістапада 1937 у Віцебску.

Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 16 ліпеня 1957.

Літаратурная і грамадзкая дзейнасьць

рэдагаваць

У сваёй біяграфіі Мазуркевіч згадвае, што ўпершыню пазнаёміўся зь беларускім пісьменствам у 1905 року, а з 1922 пачаў пісаць карэспандэнцыі па-беларуску. У «маладнякоўскай» анкеце называў яшчэ больш раньнюю дату пачатку пісьменьніцкай дзейнасьці — 1921 рок.

З 1923 року Мазуркевіч пачаў займацца мастацкай прозай і да 1925 напісаў дзьве п’есы («Камсамолка Галя» і «Лятучка»), апавяданьне «Зьдзекі», прысьвечаныя падзеям грамадзянскай вайны. З 1924 року друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладняк», альманахах «Пачатак», «Сьвітаньне», «Рытмы будаваньня» (у апошнім з п’есай «За калгас»), рэспубліканскіх і абласных газэтах. Выступаў з апавяданьнямі, п’есамі, нарысамі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, дзе адлюстроўваў падзеі грамадзянскай вайны, сацыялістычнага будаўніцтва на Беларусі. Ягоныя творы атрымалі крытычны водгук ад Максіма Гарэцкага за схематызм і недахоп мастацкасьці.

Мазуркевіч больш прыцягальны менавіта не як аўтар, а як крытык і літаратуразнавец, чалавек шырокага кругагляду і адзін з арганізатараў літаратурнага руху на Віцебшчыне. Пры ягоным удзеле падрыхтаваныя і выдадзеныя альманахі «Пачатак» (1926) і «Сьвітаньне» (1927), да якіх ён напісаў прадмовы і ўдзельнічаў у іх як празаік. Аглядны артыкул «Літаратурны рух на Віцебшчыне» прадставіў яго дасьведчаным краязнаўцам і філёлягам-беларусістам. Артыкул складаецца з трох частак, кожная зь якіх прысьвечаная пэўнаму этапу з гісторыі літаратуры на Віцебшчыне. Першы пэрыяд (канец ХІХ стагодзьдзя — кастрычнік 1917) аналізуе творчасьць Янкі Журбы, Міхаіла Анцава, Я. Акунёва, М. Разэнкампа; другі пэрыяд (кастрычнік 1917—1924) Мазуркевіч характарызуе надзвычайна бедным на тыя мастацкія творы, што адасабляюць мясцовае жыцьцё Віцебшчыны ў гэты час; трэці пэрыяд (1924—1928) асьвятляецца аўтарам як час шырокага разьвіцьця і росту папулярнасьці беларускай мастацкай літаратуры, у разьдзеле таксама разглядаецца літаратурная і краязнаўчая дзейнасьць Віцебскай філіі «Маладняка» ў гэты перыяд. Аб грунтоўнасьці публікацыі кажа наяўнасьць пасьля кожнага разьдзелу сьпісаў выкарыстаных аўтарам крыніц (усяго 30 найменьняў выданьняў).

Творчыя дасягненьні Мазуркевіча не атрымалі асаблівага прызнаньня ні пры ягоным жыцці, ні цяпер. Аднак сваёй выкладчыцкай дзейнасьцю ён спрыяў узгадаваньню цэлага пакаленьня беларускамоўных пісьменьнікаў 20-х рокаў ХХ стагодзьдзя.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Мазуркевіч Я. Літаратурны рух на Віцебшчыне // Маладняк. 1929. № 4, с.93-98.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1999 Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 511.
  • Язэп Мазуркевіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 159. — 524с.;іл. с. — ISBN 5-85700-153-6
  • Лаўшук С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пач.30-х гг.). Мн., 1984.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3: Карчма — Найгрыш. — 751 с. — 9500 ас.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць