Цівалі (Менск)

прадмесьце Менску
(Перанакіравана з «Цівалі»)

Цівалі́[1] — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места, за Кальварыйскімі могілкамі.

Паштовая дарога на Падалянку празь Цівалі, 1902 г.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Радзіна Самковічаў у маёнтку Пагулянцы (Цівалі)

На месцы цяперашняга кінатэатру «Аўрора» знаходзілася замеская рэзыдэнцыя менскіх каталіцкіх арцыбіскупаў. Па паўстаньнях 1831 і 1863 гадоў улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі гэтую маёмасьць і выслалі апошняга каталіцкага біскупа[2].

Мясцовасьць выкупіў прускі прадпрымальнік Т. Гольцбэрг. У сваім фальварку ён зрабіў першы ў Менску парк актыўных атракцыёнаў, які атрымаў назву ў гонар парку актыўнага адпачынку «Цівалі», адкрытага ў Капэнгагене знакамітым дацкім вандроўнікам Г. Карстэнсэнам у 1844 годзе. Праз папулярнасьць праекту падобныя паркі ствараліся ў многіх эўрапейскіх местах.

 
Радзіна Бяганскіх у маёнтку Пагулянцы, 1907 г.

У менскіх Цівалях збудавалі сядзібу, летні тэатар «Цівалі» і рэстарацыю. На ўзвышшы знаходзіўся адзіны ў ваколіцах вятрак. Прадмесьце стала адным з культурных куткоў Менску[3]. Аднак па кастрычніцкім перавароце бальшавікі зрабілі там калгасную жывёлагадоўчую фэрму[2].

У 1938 годзе супрацоўнікі НКУС СССР закапалі ў жывёльным могільніку вёскі Цівалі (Менскі раён; цяпер ля кінатэатру «Аўрора», вул. Прытыцкага, Менск) каля 300 целаў чыгуначнікаў. У той год іх незаконна расстралялі ў некалькіх местах Беларусі на загад камісара шляхоў зносінаў СССР(ru) Лазара Кагановіча за стачкі дзеля спыненьня высылкі жыхароў Беларусі ў Сыбір і Запаляр’е. У 1961 годзе салдаты Беларускага палка Міністэрства ўнутраных справаў БССР раскапалі могільнік. Сярод касьцей жывёлаў знайшлі скручаныя калючым дротам парэшткі людзей з прастрэленымі чарапамі. Пры гэтым замест апазнаньня і пахаваньня на загад вышэйшага камандаваньня чалавечыя парэшткі спалілі напалмам разам з жывёльнымі і потым закапалі ў лесе ля дарогі на Ракаў (Валожынскі раён, Менская вобласьць)[4].

У 1967 годзе вёску далучылі да тэрыторыі Менску[5]. У 1992—2000 гадох хакейны клюб «Дынама» Менск выступаў пад назовам «Цівалі», пад якім 4 разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі па хакеі з шайбай[6].

У наш час пра існаваньне прадмесьця напамінае аднайменны парк паміж вуліцамі Прытыцкага, П. Глебкі і Матусевіча[7], а таксама гандлёвы цэнтар з аднайменнай назвай.

У культуры

рэдагаваць

У 1994 годзе Сяргей Законьнікаў напісаў паэму «Цівалі» ў гонар чыгуначнікаў Беларусі, забітых у 1938 годзе за спыненьне цягнікоў з рэпрэсаванымі. Паэма складалася з 15 частак: «Уступ», «На Беларусі мор», «Ноч», «Раніца», «Сон Лысоні», «Сон Варанога», «Сон машыніста Калейкі», «Пекла», «Жалезны наркам», «Статак», «Наш дзень», «Мне чуецца гул грамадзянскай вайны», «Лёс», «Апошні шанц», «Эпілёг»[8].

24 кастрычніка 2012 году ў Менску адбылася прэм’ера дакумэнтальна-публіцыстычнага фільму «Цівалі» рэжысэркі Галіны Самойлавай пра расстраляных чыгуначнікаў. 29 кастрычніка фільм паказаў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» (Варшава, Польшча)[9].

У іншых краінах

рэдагаваць

Аднайменная гістарычная мясцовасьць (прадмесьце) таксама існуе і ў Вільні.

  1. ^ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с. С. 277
  2. ^ а б Раманава С. «Могілкі ёсьць пад узгоркам, дзе стаіць кінатэатар "Аўрора"». Падарожжа зь Сяргеем Харэўскім Героі. Kyky.org. Праверана 27 сьнежня 2015 г.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 231—232.
  4. ^ Гаравы М.. У Менску адбылася дэманстрацыя стужкі «Цівалі» // Газэта «Новы час», 26 кастрычніка 2012 г. Праверана 1 лістапада 2014 г.
  5. ^ Сацукевіч І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска Праверана 25 сьнежня 2015 г.
  6. ^ «Дынама» — чэмпіён // Газэта «Наша Ніва», 27 сакавіка 2007 г. Праверана 1 лістапада 2014 г.
  7. ^ Решение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-го созыва №274 от 22.12.2006: Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска(недаступная спасылка)
  8. ^ Законьнікаў С.. Гэта мы // Мы — нацыя, 13 жніўня 2009 г. Праверана 1 лістапада 2014 г.
  9. ^ Яны спрабавалі спыніць сталінскую машыну сьмерці // Белсат, 29 кастрычніка 2012 г. Праверана 1 лістапада 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць