Філ Фодэн

ангельскі футбаліст

Філ Фодэн (па-ангельску: Phil Foden; нар. 29 траўня 2000 году) — ангельскі футбаліст, нападнік клюбу «Манчэстэр Сіці» і нацыянальнай зборнай Ангельшчыны. Фодэн уварваўся ў прафэсійны футбол у 2017 годзе, калі ён здабыў узнагароду «Залаты мяч» на Кубку сьвету да 17 гадоў пасьля пасьпяховага выступу ангельскай зборнай. У гэтым жа годзе футбаліст дэбютаваў у складзе «Манчэстэр Сіці», а ў сьнежні быў прызнаны BBC самым таленавітым маладым спартоўцам году.

Філ Фодэн
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 28 траўня 2000(2000-05-28)[1] (24 гады)
Рост 171 см
Вага 71 кг
Пазыцыя паўабаронца
Клюбная інфармацыя
Клюб Манчэстэр Сіці
Нумар 47
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2017— Манчэстэр Сіці 165 (54)
Зборныя
2020— Ангельшчына 41 (4)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
18 жніўня 2024.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
14 ліпеня 2024.

Кар’ера

рэдагаваць

Нарадзіўшыся ў Стокпарце, частцы Вялікага Манчэстэру, Фодэн быў заўзятарам «Манчэстэр Сіці» зь дзяцінства[3]. Да моладзевай акадэміі клюбу далучыўся ва ўзросьце чатырох гадоў. Гулец атрымаў адукацыю ў прыватным каледжы Сьвятога Бэды, а плату за навучаньне ўносіў «Манчэстэр Сіці»[4][5]. 6 сьнежня 2016 году галоўны трэнэр Пэп Гвардыёля ўключыў Фодэна ў склад матчу групавога этапу Лігі чэмпіёнаў супраць «Сэлтыку», аднак гулец так і застаўся на лаве запасных[6].

Перад сэзонам 2017—2018 гадоў Фодэн выправіўся з клюбам у перадсэзоны тур у ЗША. Пасьля некалькіх зьяўленьняў на лаве запасных у пачатку сэзону 2017—2018 гадоў, Фодэн дэбютаваў у «Манчэстэр Сіці» 21 лістапада 2017 году ў гульні Лігі чэмпіёнаў супраць «Фэеноорду», выйшаўшы на 75-й хвіліне замест Яя Турэ. Фодэн выйшаў на пляцоўку замест Сэрхіё Агуэра ў фінале Кубка футбольнай лігі 25 лютага 2018 году, дапамогшы «Сіці» выгуляць «Арсэнал» на стадыёне Ўэмблі зь лікам 3:0[7]. 13 траўня ён стаў самым маладым гульцом у гісторыі, які атрымаў мэдаль пераможцаў Прэм’ер-лігі[8]. Гэтае дасягненьне было дададзенае ў кнігу рэкордаў Гінэса ў выданьні 2020 году[9]. Свой першы мяч у складзе «мяшчанаў» Фодэн забіў на хатнім стадыёне «Этыгад» у пераможным матчы супраць «Ротэргэм Юнайтэд» у розыгрышу Кубка Ангельшчыны 6 студзеня 2019 году[10]. Рушыў за гэтым гол Фодэна у розыгрышу Прэм’ер-лігі 20 красавіка 2019 году, калі паўабаронца ўлучыў у браму «Тотэнгэм Готспур» адзіны мяч у матчы. Паводле вынікаў сэзону «Манчэстэр Сіці» здабыў усе магчымыя ўзнагароды, поруч з гэтым Фодэн стаў гуляць усё больш важкую ролю ў клюбе[11]. У наступным сэзоне Фодэн забясьпечыў сабе месца ў асноўным складзе, не зважаючы на тое, што сэзон быў перарваны праз пандэмію COVID-19, якая ахапіла ня толькі Вялікабрытанію, але і ўвесь сьвет.

У новым сэзоне 2020—2021 гадоў Фодэн распачаў лік галоў на сваім рахунку 21 верасьня 2020 году ў матчы супраць «Ўулвэргэмптан Ўандэрэрз», зрабіўшы ўнёсак у перамогу клюбу зь лікам 3:1. Свой другі гол у сэзоне ангельскага першынства футбаліст забіў 24 кастрычніка 2020 году ў сустрэчы супраць «Ўэст Гэм Юнайтэд», якая скончылася ўнічыю зь лікам 1:1 на лёнданскім стадыёне. Першым голам Фодэн адзначыўся і ў Лізе чэмпіёнаў, пацэліўшы мяч у браму грэцкага «Алімпіякосу». 7 лютага 2021 году гулец забіў гол і адзначыўся асыстэнцкім пунктам ў гасьцявым матчы супраць «Лівэрпула», разграміўшы «чырвоных» зь лікам 4:1, што стала першай перамогай ягонай дружыны на Энфілдзе з 2003 году[12]. «Манчэстэр Сіці», дзякуючы ў тым ліку намаганьням Фодэна, здолеў выйсьці ў фінал Лігі чэмпіёнаў, але «мяшчаны» трывалі паразу ад «Чэлсі» зь лікам 0:1. Тым ня менш, гулец быў улучаны ў склад сымбалічнай зборнай Лігі чэмпіёнаў. Акрамя таго, клюб вярнуў сабе тытул чэмпіёну Ангельшчыны.

Міжнародная

рэдагаваць

Фодэн быў важнай часткай юнацкіх і моладзевых зборных Ангельшчыны. 25 жніўня 2020 году гадоўны трэнэр асноўнай зборнай Гарэт Саўтгейт упершыню выклікаў Фодэна ў складзе нацыянальнай зборнай[13]. Міжнародны дэбют маладога гульца адбыўся ў матчы супраць зборнай Ісьляндыі 5 верасьня 2020 году у розыгрышу Лігі нацыяў. Матч скончыўся перамогай ангельцаў зь лікам 1:0.

Дасягненьні

рэдагаваць

«Манчэстэр Сіці»:

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць