Кубак Дэвіса
Кубак Дэвіса — міжнароднае каманднае спаборніцтва ў мужчынскім тэнісе, якое ладзіцца штогод з 1900 году.
Кубак Дэвіса | |
Актуальны сэзон: 2018 | |
Узнагарода (Прага, Чэхія, 2012 г.) | |
Дысцыпліна | Тэніс |
---|---|
Дата зьяўленьня | 8 жніўня 1900 (124 гады таму) |
Арганізатар | Міжнародны тэнісны саюз (Ангельшчына) |
Колькасьць удзельнікаў | 16 зборных |
Дзейны чэмпіён | Францыя (10) |
Найбольш тытулаў | ЗША (32) |
Кваліфікацыя | 125 зборных у 11 групах (2017 г.) |
Спонсар(ы) | «БНП Парыба» (Парыж, Францыя) |
Заснавальнік | Дўайт Дэвіс |
Узровень у пірамідах | міжнародны |
Выхад у | Сусьветную групу |
Выбываньне ў | 1-ю групу пояса |
Фармат турніру | на выбываньне |
На 4 выхадных цягам году 16 зборных гуляюць за Кубак Дэвіса ў Сусьветнай групе. Рэшта зборных гуляе ў 3-х мацерыковых паясах. Пераможцы першых гульняў у Сусьветнай групе — 8 зборных — застаюцца ў ёй на наступны год. Гэтыя зборныя гуляюць на выбываньне ў чвэрцьфінале, паўфінале і наступным фінале. Зборныя, якія прайгралі першыя гульні ў Сусьветнай групе (таксама 8), гуляюць на выбываньне за месца ў ёй на наступны год з 8 зборнымі, якія перамаглі ў 1-х групах паясоў. Паясовыя групы падзяляюцца на 3 Паясы паводле частак сьвету: 1) Амэрыка, 2) Азія і Акіянія, 3) Эўропа і Афрыка. У кожным поясе па 3-4 аддзелы, дзе 1-я група ёсьць найвышэйшай, а 4-я група — найніжэйшай[1].
Розыгрыш на выбываньне праводзіцца ў ходзе 5 сустрэчаў, якія адбываюцца цягам 3-х выхадных дзён у Сусьветнай групе і цягам 2-х дзён у 1-й і 2-й групах паясоў. У Сусьветнай групе ў пятніцу праводзяцца 2 адзіночныя сустрэчы, у суботу — 2 парныя сустрэчы, а ў нядзелю — адваротныя адзіночныя сустрэчы. Розыгрыш праводзіцца ў краіне адной са зборных па чарзе. Зборная, што правяла на Радзіме папярэдні розыгрыш зь іншай адпаведнай зборнай, мае правесьці наступны на чужыне (ў краіне іншай адпаведнай зборнай). Калі зборныя сустракаюцца ўпершыню або раней гулялі ў 3-й краіне, кідаецца жэрабя. У 3-й і 4-й групах паясоў розыгрыш праводзяць у ходзе 3-х сустрэчаў за 1 дзень. Пры такім розыгрышы пасьля 2 адзіночных сустрэчаў адбываецца адна парная. Пагатоў розыгрышы адбываюцца адзін за адным на наступны дзень[1].
Беларусь
рэдагавацьУ 1994 годзе зборная Беларусі па тэнісе ўпершыню выступіла на Кубку Дэвіса ў поясе Эўропы і Афрыкі. У 2004—2007 гадах зборная Беларусі выступала ў Сусьветнай групе Кубку Дэвіса, дзе ў 2004 годзе дайшла да паўфіналу. На 2018 год капітанам зборнай быў Уладзімер Валчкоў, які меў 24 перамогі ў адзіночных сустрэчах. За 25 гадоў беларускія тэнісісты згулялі 60 розыгрышаў, у 35 зь якіх перамаглі. Пагатоў у Сусьветнай групе згулялі 7 розыгрышаў, у 3-х зь якіх перамаглі. Найбольшы лік перамогаў меў Максім Мірны — у 60 сустрэчах, у тым ліку 36 у парных і 24 у адзіночных. Цягам 24 гадоў Максім Мірны згуляў у 55 розыгрышах. Уладзімер Валчкоў і Максім Мірны мелі найлепшы вынік у пары — 19 перамогаў[2]. Паводле стану на 2018 год зборная Беларусі гуляла ў 1-й групе пояса Эўропы і Афрыкі.
-
Паштовая марка: Максім Мірны (2013 г.)
Мінуўшчына
рэдагаваць8 жніўня 1900 году ў Бостане (штат Масачусэтс, ЗША) пачалося Міжнароднае спаборніцтва па тэнісе на траве між зборнымі ЗША і Брытаніі, якое зладзіў студэнт Гарвардзкага ўнівэрсытэту Дўайт Дэвіс[3]. Папярэдне Дўайт Дэвіс замовіў срэбраны кубак за $1000, які выкарысталі ў якасьці ўзнагароды. Да 1905 году да ўдзелу ў першынстве далучыліся зборныя Аўстрыі, Бэльгіі, Францыі і супольная зборная Аўстраліі і Новай Зэляндыі (Аўстралазія). Ад узнагароды спаборніцтва атрымала назву Кубак Дэвіса. Першапачаткова зборныя змагаліся між сабой за права зрабіць выклік пераможцу папярэдняга году. З 1923 году ўтварылі 2 паясы для Амэрыкі і Эўропы, пераможцы ў якіх змагаліся за права зрабіць выклік дзейнай зборнай чэмпіёнаў. У 1955 годзе дадалі Ўсходні пояс. У 1966 годзе пояс Эўропы падзялілі на А і Б. У 1950—1967 гадах зборная Аўстраліі выйграла 15 з 18 Кубкаў. З 1972 году сталі гуляць на выбываньне з удзелам дзейнага чэмпіёна. З 1981 году ўвялі Сусьветную групу з удзелам 16 зборных. Рэшта зборных стала дужацца ў 4 групах у адным з 3-х паясоў. У 1989 годзе ўвялі разьвязаньне нічыі, якое з 2016 году сталі выкарыстоўваць ва ўсіх наборах гульняў.
Пераможцы
рэдагаваць- ЗША — 32: 1900, 1902, 1913, 1920—1926, 1937—1938, 1946—1949, 1954, 1958, 1963, 1968—1972, 1978—1982, 1990, 1992, 1995 і 2007 гады
- Аўстралія — 28: 1907—1909, 1911, 1914, 1919, 1939, 1950—1953, 1955—1957, 1959—1962, 1964—1967, 1973, 1977, 1983, 1986, 1999 і 2003 гады
- Брытанія — 10: 1903—1906, 1912, 1933—1936 і 2015 гады
- Францыя — 10: 1927—1932, 1991, 1996, 2001 і 2017 гады
- Швэцыя — 7: 1975, 1984—1985, 1987, 1994 і 1997—1998 гады
- Гішпанія — 5: 2000, 2004, 2008—2009 і 2011 гады
- Чэхія — 3: 1980 і 2012—2013 гады
- Нямеччына — 3: 1988—1989 і 1993 гады
- Расея — 2: 2002 і 2006 гады
- Паўднёвая Афрыка — 1: 1974 год
- Італія — 1: 1976 год
- Харватыя — 1: 2005 год
- Сэрбія — 1: 2010 год
- Швайцарыя — 1: 2014 год
- Аргентына — 1: 2016 год
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Спосаб правядзеньня (анг.) // Кубак Дэвіса, 2018 г. Праверана 10 жніўня 2018 г.
- ^ Зборная Беларусі (анг.) // Кубак Дэвіса, 2018 г. Праверана 10 жніўня 2018 г.
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 8 жніўня 2013. — № 146 (27511). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра спорт. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |