Хроніка Быхаўца

беларускі летапіс
(Перанакіравана з «Трэці летапісны звод»)

Хро́ніка Бы́хаўца, летапіс Быхаўца, Быхаўца хроніка — трэці, найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод, помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня 1-й паловы XVI ст. Складзены аўтарам, блізкім да магнатаў Гаштольдаў і Алелькавічаў. Вядомы ў адзіным сьпісе канцу XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў, перапісаным лацінкай з больш даўняга, кірылічнага тэксту. Крыніцамі хронікі паслужылі «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага» і «Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году».

Хроніка Быхаўца, старонка рукапісу

Выяўлены ў 1820-я ў бібліятэцы абшарніка Аляксандра Быхаўца, маёнтку Магілёўцы[1] пад Ваўкавыскам. Рукапіс згублены ў 2-й палове XIX ст. Поўнасьцю апублікаваны Тэадорам Нарбутам у 1846. Пачатак і канец хронікі не зьберагліся[2].

Пытаньне праўдзівасьці

рэдагаваць

Пэўны час летапісны звод лічыўся фальсыфікатам Тэадора Нарбута (1784—1864), які ўпершыню выдаў «Хроніку Быхаўца» ў сэрыі «Помнікі літоўскай гісторыі» (1846), пасьля чаго рукапіс бясьсьледна зьнік. Гэтая акалічнасьць, а таксама тое, што тэкст хронікі ўтрымлівае супярэчнасьці і анахранізмы, прывялі да абвінавачваньня Нарбута ў фальсыфікацыі крыніцаў. Аднак большасьць расейскіх, беларускіх і польскіх гісторыкаў давялі адваротнае. За некалькі рокаў перад Нарбутам урывак з хронікі надрукаваў настаўнік Віленскай гімназіі Гіпаліт Клімашэўскі. Ён асабіста чытаў летапісны звод у маёнтку Быхаўца і апублікаваў ягоны фрагмэнт пра забойства вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440. Быхавец у 1834 пераслаў рукапіс хронікі Нарбуту, які выкарыстаў яго пры напісаньні «Старажытнай гісторыі літоўскага народу».[3]

Хроніка прысьвечаная гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ад легендарных часоў да пачатку XVI ст.[4]. Твор пачынаецца з апісаньня бегства «рымлян»[5] і абрываецца на апісаньні перамогі беларуска-літоўскага войска пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага над татарамі пад Клецкам у 1506. Асобныя старонкі хронікі маюць выразную публіцыстычную і антыпольскую накіраванасьць[6]. Гістарычнае мінулае Беларусі і Летувы пададзенае з агульнадзяржаўных і шляхецкіх пазыцыяў. Аўтар падкрэсьліў факты тэрытарыяльнага росту ВКЛ, усхваляў зьнешнюю палітыку Вітаўта, яго ролю ў Грунвальдзкай бітве.

Каштоўнасьць

рэдагаваць

Хроніка Быхаўца — важная крыніца па сярэднявечнай гісторыі Літвы-Беларусі, каштоўны помнік грамадзка-палітычнай думкі беларускага і летувіскага народаў, беларускай мовы і літаратуры эпохі Адраджэньня. Твор паслужыў крыніцай «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, а празь яго пасрэдніцтва «Хронікі Польшчы» Марціна і Яўхіма Бельскіх, «Хронікі Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, беларуска-ўкраінскага хранографу XVII ст. «Вялікая хроніка», шэрагу іншых хронік і гісторыяў XVIIXIX стагодзьдзяў[7]

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Цяперашняя вёска Магілёўцы, Пружанскі раён.
  2. ^ Беларускі гісторык Мікалай Улашчык давёў, што ў дадзеным летапісе не хапае толькі 10% тэксту.
  3. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 53
  4. ^ Паводле Мікалая Ўлашчыка, як летапісны звод хроніка была завершаная ў 1530-я.
  5. ^ Праўда, Палямон называецца Апалонам.
  6. ^ Твор быў напісаны напярэдадні Люблінскай вуніі.
  7. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 520

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць