Танец

(Перанакіравана з «Танцорка»)

Танец — спосаб невэрбальнага самавыяўленьня чалавекам, які праяўляецца ў выглядзе рытмічна арганізаваных у прасторы і часе рухаў цела. Танец ёсьць відам мастацтва, у якім мастацкія вобразы ствараюцца сродкамі плястычных рухаў і рытмічна выразнай і бесьперапыннай зьмены выразных становішчаў чалавечага цела. Танец непарыўна зьвязаны з музыкай, эмацыйна-вобразнае ўтрыманьне якой знаходзіць сваё ўвасабленьне ў яго харэаграфічнай кампазыцыі, рухах, постацях. Танец існаваў і існуе ў культурных традыцыях усіх чалавечых істотаў і грамадзтваў. За доўгую гісторыю чалавецтва ён зьмяняўся, адлюстроўваючы культурнае разьвіцьцё. Існуе велізарнае мноства відаў, стыляў і формаў танца.

Сучасны танец

Танец выступаў у многіх культурах як форма выказваньня эмоцыяў, сацыяльнага ўзаемадзеяньня, або практыкаваньня, як спосаб перадачы духоўнага стану. Часам танец выкарыстоўваецца, каб выказаць ідэі і распавесьці гісторыю. Танцы таксама можна разглядаць як адну з формаў невэрбальнай камунікацыі паміж людзьмі ці іншымі жывёламі, як то пчаліныя танцы і мадэлі паводзінаў, як то танцы спарваньня.

Вызначэньне таго, што ўяўляе танец можа залежаць ад сацыяльных і культурных нормаў і эстэтычнага, мастацкага і маральнага пачуцьцяў. Вызначэньня могуць вар’іравацца ад функцыянальных рухаў, як то народны танец, да віртуозных формаў руху, як то балет. Баявое мастацтва ката часьцяком параўноўваюць з танцамі, а а такія спартовыя дысцыпліны, як то гімнастыка, фігурнае катаньне і сынхроннае плаваньне, як правіла, могуць буць уключаны да панятку танцаў. У некаторых выпадках рухі неадушаўлёных прадметаў таксама могуць быць апісаны як танец.

Культурныя традыцыі

рэдагаваць
 
Угандыйскія дзяўчынкі-падлеткі танчаць у гонар сьвята міру.

Танец у Афрыцы глыбока інтэграваны ў грамадзтва, а асноўныя падзеі ў суполцы часта адлюстроўваюцца ў танцах, як то танцы выконваюцца пры нараджэньнях і пахаваньнях, на вясельлях і войнах[1]. Традыцыйныя танцы перадаюць культурную мараль, у тым ліку рэлігійныя традыцыі і сэксуальныя нормы, даюць магчымасьць выціснуць вонкі схаваныя эмоцыі, напрыклад, гора, матывуюць чальцоў супольнасьці да супрацоўніцтва, не зважаючы на тое, што гэта будзе сумесны ўдзел у вайне альбо сельскагаспадарчыя працы. Праз танцы афрыканцы традыцыйны праводзяць духоўныя рытуалы, што садзейнічае сацыяльнае згуртаванасьці[2].

Тысячы розных танцаў выконваюцца па ўсім кантынэнце. Іх можна падзяліць на традыцыйны, нэатрадыцыйны і клясычны стылі, як то фальклёрныя танцы канкрэтнай супольнасьці, танцы, створаныя ў апошні час у выніку імітацыі традыцыйных стыляў, і танцы, якія больш фармальна выкладаюцца ў школах і на прыватных занятках, адпаведна[1]. Афрыканскія танцы зьямяліся праз шматлікія чыньнікі, як прыклад, эўрапейскімі місіянэрамі і каляніялісцкімі ўрадамі, якія часта прыгняталі мясцовыя танцавальныя традыцыі, бо яны адцягвалі ўвагу ад іншых дзеяньняў і падзеяў[2]. Танец у сучасных афрыканскіх культурах па-ранейшаму выконвае свае традыцыйныя функцыі але ў новых кантэкстах, танцам можа быць адсьвяткаванае адкрыцьцё шпіталю, праз танец можна замацаваць фармаваньне супольнасьці вясковых мігрантаў у гарадох, а таксама танцы ўключаны ў хрысьціянскія царкоўныя абрады[2].

 
Клясычная танцорка традыцыйных індыйскіх танцаў.

Усе індыйскія клясычныя танцы ў рознай ступені паходзяць з Нат’яшастры і таму маюць агульныя рысы, як то асаблівая пазыцыя рук і цела, а таксама выкарыстаньне драматычнай або экспрэсіўнай міміцы. Клясычная індыйская музыка забясьпечвае прыдатны акампанэмэнт, і танцаўнікі амаль усіх стыляў носяць званочкі, абвязаныя вакол шчыкалаткаў, каб дапаўняць бубны.

Зараз існуе мноства рэгіянальных разнавіднасьцяў індыйскага клясычнага танца. Пры гэтам, шматлікія індыйскія традыцыі, як то Одра Мадаггі і Адысі, сьведчаць пра тое, што танцы маюць вялікі ўплыў на разьвіцьё культурных узаемадзеяньняў паміж рознымі рэгіёнамі Індыі[3].

Рэгіён Пэнджаб, які злучае паміж сабой Індыю і Пакістан, ёсьць месцам паходжаньня Бгангра. Гэта ёсьць шырока вядомы як музычны стыль, гэтак і танец. У асноўным гэты танец зьвязаны з старажытнымі ўрачыстасьцямі з нагоды збору ўраджаю, а таксама з каханьнем, патрыятызмам альбо сацыяльнымі пытаньнямі. Музыка для танца базуецца на выкарыстаньні інструмэнта пад назвай дгол (бубны). Бгангра зьяўляецца ня проста музыкай, а танцам на сьвята ўраджаю, калі людзі б’юць у дгол, сьпяваюць песьні і танчаць. Гэты танец разьвіваўся таксама разам з фэстывалем вайсагі сыкхаў. Танцы Шры-Ланкі ўключаюць у сябе танцы д’ябла, то бок дбайна прадуманы рытуал, які сягае далёкага назад у дабудыйскае мінулае вострава, і які спалучае ў сабе старажытныя аюрвэдычныя канцэпцыі прычыненьня хваробы праз псыхалягічную маніпуляцыю і спалучае ў сабе шмат аспэктаў, у тым ліку сынгальскую касмалёгію. Гэты ўплыў можна лёгка заўважыць у клясычных танцах Шры-Ланкі[4].

Танцы на Блізкім Усходзе, як правіла, зьяўляюцца традыцыйнымі формамі танцаў у коле. Сярод такіх танцаў варта вылучыць танцы, як то дабке, тамзара, асырыйскі народны танец, курдзкі народны танец, армянскі народны танец і турэцкі народны танец[5][6]. Усе гэтыя формы танцаў звычайна прадстаўляюць сабой танец групы людзей, якія трымаюць адзін аднаго за далоні альбо рукі, у залежнасьці ад стылю танца. Ўсё гэта суправаджаецца рытмічнымі рухамі нагамі і плячыма. Кіраўнік танца звычайна трымае ў руцэ трысьціну або насоўку[5].

Эўропа і Паўночная Амэрыка

рэдагаваць
 
«Танец у Бужывалі» працы П’ера Агюста Рэнуара (1883).

Народныя танцы значна адрозьніваюцца па ўсёй Эўропе і налічваюць вельмі доўгую гісторыю, але ў многіх зь іх ёсьць агульныя рысы, як то групавы ўдзел чальцоў, ачоленыя зачынальнікам, які трымае рукі ўдзельнікаў, і фіксаваныя музычныя формы, вядомыя як кэрал[7]. Некаторыя, напрыклад, карагод вакол травеньскага дрэва, характэрныя для многіх народаў, а іншыя, як то як кейлі і полька, глыбока ўкараніліся толькі ў адзіную культуру. Некаторыя эўрапейскія народныя танцы, як то сквэр-данс, былі прывезены ў Новы Сьвет і пасьля сталіся часткай амэрыканскай культуры.

Балет разьвіваўся спачатку ў Італіі, а потым і ў Францыі з пышных прыдворных відовішчаў, у якіх спалучаліся музыка, драма, паэзія, песьня, танцы і выкарыстаньне адмысловых касьцюмаў. Чальцы прыдворнае шляхты прымалі ўдзел у такіх відовішчах балях у якасьці выканаўцаў. За часам Людовіка XIV, які сам быў танцорам, танец стаў больш кадыфікаваным. Прафэсійныя танцоры пачалі займаць месца прыдворных аматараў, а балетныя майстры атрымлівалі ліцэнзію ад ўраду Францыі. Першай акадэміяй балетнага танцу была Каралеўская акадэмія танцаў (франц. Académie Royale de Danse), якая ўпершыню адчыніла свае дзьверы ў Парыжы ў 1661 годзе. Неўзабаве пасьля гэтага была сфармаваная першая інстытуцыяналізаваная балетная трупа, зьвязаная з акадэміяй. Гэтая трупа была зарганізаваная як агульны мужчынскі ансамбль, але ў 1681 годзе адкрылася і для жанчынаў[8].

Сцэнічны танец XX стагодзьдзя прынёс выбух у разьвіцьці мастацтва, бо характыразаваўся пашырэньнем выкарыстаньня больш свабоднай тэхнікі. Да першых піянэраў сучаснага танцу ставяцца Лоі Фулер, Айсэдора Дункан, Марыя Вігман і Рут Сэн-Дэні. Узаемасувязь музыкі з танцам служыць асновай для рытмічнае гімнастыкі, распрацаванай Эмілем Жакам-Далькрозам, якая паўплывала на разьвіцьцё сучаснага танца і сучаснага балета праз такіх артыстаў, як то Мары Рамбэрт. Эўрытмія, распрацаваная Рудольфам Штайнэрам і ягонай жонкай Марыяй фон Зывэрс, спалучае ў сабе фармальныя элемэнты, якія нагадваюць традыцыйны танец, з новым больш вольным стылем, што далучыла да танцу новыя рысы. У 1920-я гады пачалі свае кар’еры выбітныя дзеячы і заснавальнікі новага стылю, як то Марта Грэм і Дорыс Гамфры. Ад гэтага часу была распрацаваная вялікая разнастайнасьць танцавальных стыляў сучасных танцаў.

Афра-амэрыканскі танец разьвіваўся ў паўсядзённых прасторах, але не ў танцавальных студыях ці школах. Такія танцы, як то дыска, джазавы танец, сўінг, гіп-гоп, ліндзі-гоп зрабілі агромісты і глябальны ўнёсак на разьвіцьцё танцаў. Танцавальныя стылі, якія спалучалі разам клясычную балетную тэхніку з афра-амэрыканскімі танцамі зьявіліся ўжо ў 21 стагодзьдзі, як то гіплет[9].

Лацінская Амэрыка

рэдагаваць
 
Вулічная самба традыцыйна выконваецца на фэстывалях і іншых урачыстасьцях у Паўднёвай Амэрыцы.

Танец займае галоўнае месца ў лацінска-амэрыканскім грамадзкім жыцьці і культуры. Бразыльскае самба, аргентынскае танга і кубінская сальса ёсьць міжнароднымі папулярнымі танцамі, а іншыя нацыянальныя танцы, як то мэрэнге, куэка, плена, харабэ, харопа, марынэра, кумбія, бачата і іншыя зьяўляюцца важнымі складнікамі культуры адпаведных краінаў[10]. Традыцыйныя карнавальныя сьвяты спалучаюць у сябе гэтыя ды іншыя танцы і іншыя велізарныя ўрачыстасьці[11].

Танец гуляе важную ролю ў фармаваньні калектыўнай ідэнтычнасьці сярод шматлікіх культурных і этнічных групаў Лацінскае Амэрыкі[12]. Танец служыў для аб’яднаньня многіх афрыканскіх, эўрапейскіх і карэнных народаў рэгіёну[10]. Некаторыя жанры танца, такія як капуэйра забараняліся і вярталіся нанова на працягу ўсёй гісторыі Лацінскае Амэрыкі[12].

  1. ^ а б Kariamu Welsh; Elizabeth A. Hanley; Jacques D'Amboise (1 January 2010). «African Dance». Infobase Publishing. — ISBN 978-1-60413-477-3.
  2. ^ а б в Hanna, Judith Lynne (1973). «African Dance: the continuity of change». Yearbook of the International Folk Music Council. 5. — С. 165—174. — DOI:10.2307/767501. JSTOR 767501.
  3. ^ «Dance: The Living Spirit of Indian Arts». Exotic India.
  4. ^ «The yakun natima - devil dance ritual of Sri Lanka». LankaLibrary Sri Lanka.
  5. ^ а б Badley, Bill and Zein al Jundi (2000). «Europe Meets Asia». In Broughton, Simon and Ellingham, Mark with McConnachie, James and Duane, Orla (Ed.), «World Music, Vol. 1: Africa, Europe and the Middle East». Rough Guides Ltd, Penguin Books. — С. 391—395. — ISBN 1-85828-635-2.
  6. ^ Recep Albayrak Hacaloğlu (1992). «Azeri Türkçesi dil kilavuzu». Ankara. Hacaloğlu. — С. 272. — ISBN 9759538806
  7. ^ Carol Lee (2002). «Ballet in Western Culture: A History of Its Origins and Evolution». Psychology Press. — С. 10—11. — ISBN 978-0-415-94257-7.
  8. ^ Nathalie Comte (2004). «Europe, 1450 to 1789: Encyclopedia of the Early Modern World». Ed. Jonathan Dewald. Vol. 2. New York: Charles Scribner's Sons. — С. 94—108. — ISBN 068431200X.
  9. ^ «Hiplet: An Implausible Hybrid Plants Itself on Pointe». The New York Times.
  10. ^ а б John Charles Chasteen (1 January 2004). «National Rhythms, African Roots: The Deep History of Latin American Popular Dance». UNM Press. — С. 8—14. — ISBN 978-0-8263-2941-7.
  11. ^ Margaret Musmon; Elizabeth A. Hanley; Jacques D'Amboise (2010). «Latin and Caribbean Dance». Infobase Publishing. — С. 20—23. — ISBN 978-1-60413-481-0.
  12. ^ а б Celeste Fraser Delgado; José Esteban Muñoz (1997). «Everynight Life: Culture and Dance in Latin/o America». Duke University Press. — С. 9—41. — ISBN 978-0-8223-1919-1.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць