Рамуальд Зямкевіч

беларускі бібліёграф
(Перанакіравана з «Р. Зямкевіч»)

Рамуа́льд Алякса́ндравіч Зямке́віч (7 лютага 1881, Варшава — 1943/44, канцлягер Асьвенцім (?)); псэўданімы і крыптанімы: Раман Суніца; Юры Алелькавіч; Саўка Барывой; Шэршань; Р. Зем.; Ром. Зем.; Р-н Сун.; Р. С-ца.) — беларускі бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык.

Рамуальд Зямкевіч

лац. Ramuald Ziamkievič
Род дзейнасьці бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык
Дата нараджэньня 7 лютага 1881
Месца нараджэньня Варшава, Царства Польскае, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 1943/44
Месца сьмерці канцлягер Асьвенцім
Занятак літаратуразнаўца, перакладнік, журналіст, паэт, адмысловец у прапагандзе, бібліёграф, публіцыст, гісторык літаратуры, беларусазнавец
Псэўданімы 1) Юр Алелькавіч; 2) Юры Алелькавіч; 3) Р. Зем. ; 4) Зем—віч; 5) Р. Зем—віч; 6) Ромуальд Зем-віч; 7) Юры Олельковіч; 8) Р-н Сун.; 9) Ром. Зем.; 10) Р. Суні- ца; 11) Раман Суніца; 12) Raman Sunica; 13) Rom. Ziem.; 14) Zi­ em—wicz; 15) Rom. Ziem—wicz; 16) Romuald Ziem—wicz.
Сябра ў Беларускае навуковае таварыства (1918)
Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч
Эксьлібрыс Р. Зямкевіча. Добра відаць свастыку

Біяграфічныя зьвесткі

рэдагаваць

Бацькі паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, атрымаў прафэсію інжынэра-мэханіка. Жонка — графіня Леонія Дунін-Баркоўская (29 сьнежня 1882, Клявіца — 6 сьнежня 1919, Вільня).[1]

Зьбіраў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры і культуры, працаваў у бібліятэках і архівах Варшавы, Львова, Раперсьвіля (Швайцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат езьдзіў, у тым ліку па Беларусі. Быў зьвязаны зь беларускім нацыянальна-культурным рухам. У 1908 рабіў фальклёрна-этнаграфічныя запісы каля Зэмбіна на Барысаўшчыне. Сабраў калекцыю беларускага народнага адзеньня (у 1918 немцы вывезьлі ў Бэрлін). У 1913—1914 шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. У 1915—1917 жыў у Менску, працаваў ваенным інжынэрам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах беларускага грамадзка-культурнага руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве (усе працы Я. Карскага), літаратуры, фальклёры Беларусі, Украіны, Летувы, Польшчы і іншых славянаў, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменьнікаў. Сярод рарытэтаў ягонай бібліятэкі былі шматлікія старадрукі, у тым ліку «Біблія» Ф. Скарыны, Астроская Біблія 1581, «Лексыкон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Бельскага, кітабы XVI—XVII ст., аўтографы А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш. (рукапіс ягонай драмы «Злодзей»), Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.

Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлягеры. Ягоныя зборы і бібліятэка зьніклі ў разбуранай Варшаве, частка трапіла ў прыватныя рукі.

Навукова-дасьледчыцкая дзейнасьць

рэдагаваць

З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве» й іншых беларускіх выданьнях. Дасьледаваў беларускую бібліяграфію, старажытную беларускую літаратуру, беларускую літаратуру ХІХ ст., этнаграфію, беларускую народную эстэтыку, фальклёр, беларускае мастацтва. Падрыхтаваў і выдаў першы спэцыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове — «Беларуская бібліяграфія» (1910). Напісаў шэраг прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя на той час зьвесткі пра В. Дунін-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага, А. Кіркора, А. Ельскага, Я. Лучыну, К. Каганца, М. Багдановіча і інш. Апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), В. Дунін-Марцінкевіча (1923), Я. Лучыны (1932). У 1919 у часопісе «Беларускае жыцьцё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага (1576), які адшукаў у бібліятэцы К. Сьвятаполк-Завадзкага ў Крошыне. Дапамагаў матэрыяламі і зьвесткамі Я. Карскаму, абменьваўся навуковай інфармацыяй з А. Ельскім, А. Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі і рукапісы, успаміны варшаўскаму славісту Ю. Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра В. Дунін-Марцінкевіча.

Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклёры, вялікую калекцыю старабеларускіх рукапісаў. У сваіх працах прывёў новыя зьвесткі і апублікаваў невядомыя рукапісы беларускіх пісьменьнікаў ХІХ — пач. ХХ ст.

Большасьць ягоных багатых збораў, а таксама частка ўласных рукапісаў (у прыватнасьці, рукапіс кнігі «Кароткі нарыс гісторыі беларускай музыкі») загінулі.

Літаратурная творчасьць

рэдагаваць

У 1942—1943 пад псэўданімам Шэршань друкаваў сатырычныя вершы ў беластоцкай газэце «Новая дарога». Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на беларускую мову творы ўкраінскага пісьменьніка В. Стафаніка (друк. ў «Нашай ніве») і француза А. Дадэ.

Рукапісная спадчына

рэдагаваць

Паасобныя рукапісы і пісьмы зьберагаюцца ў архівах і бібліятэках Менску, Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбургу.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Беларуская бібліяграфія: Беларускія кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;
  • Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літаратурнае значэньне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;
  • Адам Ганоры Кіркор: (Біяграфічна-бібліяграфічны нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці). Вільня, 1911 /Кірыліца і лацінка/;
  • Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменьнік ХІХ сталецьця: (Успаміны ў 60-ю гадаўшчыну сьмерці). Вільня, 1911 /Кірыліца і лацінка/;
  • Тарас Шаўчэнка і беларусы // Наша ніва. 1911. 24 лют.;
  • Гульня «Курылка» // Наша ніва. 1912. 1 сак.;
  • М-ка Крошын // Bielarus. 1915. 4 чэрв.;
  • 400-лецьце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;
  • Значэньне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Вольная Беларусь. 11 жн.;
  • Друк Скарыны і друк сучасны // Вольная Беларусь. 23 жн.;
  • Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасьць // Варта. 1918. № 1;
  • Цукраварні на Беларусі. [Менск], 1918;
  • Францыск Скарына // Беларускае жыцьцё. 1919. 6 ліп.;[2]
  • Васіль Цяпінскі // Беларускае жыцьцё. 14 ліп.;[3]
  • Беларускія назовы вуліцаў у Менску // Беларусь. 1919. 4 лістап.;
  • Стары замак у Менску // Беларусь. 14—15 лістап.;
  • Стары Менск у беларускіх успамінах // Беларусь. 26—27 лістап.; 1920. 3, 13 студз.;
  • Варункі нацыянальнага адраджэньня // Звон. 1919. 3 кастр.;
  • Станіслаў Манюшка і беларусы // Беларускае жыцьцё, 1920. 19 студз.;[4]
  • Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыцьцё. 1923. 3 сак.;
  • Нацыянальнасьць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924;
  • Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3;
  • Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2.
  1. ^ Нэкролёгія. Леонія з графаў Дунін-Баркоўскіх Замкевічава. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 19 студня 1920. — № 1(23). — С. 7.
  2. ^ Romuald Zienkiewič. Francisk Skoryna. / Francišk Alechnowič // Bielaruskaje žyćcio : часопіс. — Вільня: 6 lipnia 1919. — № 3. — С. 3, 4.
  3. ^ Romuald Zienkiewič. Wasil Ciapiński. / Francišk Alechnowič // Bielaruskaje žyćcio : часопіс. — Вільня: 14 lipnia 1919. — № 5 старонкі=4, 5.
  4. ^ Ромуальд Земкевіч. Станіслаў Манюшко і беларусы. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 19 студня 1920. — № 1(23). — С. 1, 2, 3.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гарэцкі М. Зямкевіч Р. // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Мн., 1992;
  • Умястоўскі Ф. Праўда аб рэдагаваньні «Нашай долі» (1906): Адказ на пісьмо Саўкі Барывоя (Р.Зямкевіча), апублікаванае ў газ. «Права працы» (Вільня, 1927, 14 сьнеж., № 3. С. 4)… // Беларускі дзень. № 40, 24 сьнежня 1927. С. 7-9;
  • Ахрыменка П. Тарас Шаўчэнка і Беларусь. Мн., 1969;
  • Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
  • Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978;
  • Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
  • Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;
  • Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX сіст.). Мн., 1983;
  • Саламевіч Я. Зямкевіч // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996;
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць