Васіль Цяпінскі
Васі́ль Мікала́евіч Ця́пінскі (Ця́пінскі-Амельяно́віч, каля 1540, Цяпіна, Полацкае ваяводзтва (цяпер Чашніцкі раён) — каля 1603) — беларускі гуманіст-асьветнік, пісьменьнік і кнігавыдавец, перакладнік, пачынальнік біблійнай (новазапаветнай) выдавецкай беларускамоўнай традыцыі.
Васіль Цяпінскі лац. Vasil Ciapinski | |
Дата нараджэньня | каля 1540 |
---|---|
Месца нараджэньня | Цяпіна, Полацкі павет (цяпер Чашніцкі раён) |
Дата сьмерці | 1604 |
Месца сьмерці | |
Занятак | перакладнік, пісьменьнік, друкар, перакладнік Бібліі, гуманіст, выдавец |
Навуковая сфэра | гуманізм[1], літаратура[1], перакладніцкая дзейнасьць[d][1] і выдавецкая справа[1] |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў маёнтку Цяпіна ў сям’і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага ваяводзтва Мікалая Амельяновіча. Служыў у падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Астафея Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую й асьветніцкую дзейнасьць на Беларусі.
Рэлігійныя погляды
рэдагавацьВасіль Цяпінскі працягнуў гуманістычныя й культурна-асьветніцкія традыцыі Францішка Скарыны, быў асабіста й ідэйна зьвязаны з Сымонам Будным, падзяляў яго грамадзка-палітычныя й рэлігійныя погляды. Як і Сымон Будны, ён перайшоў з кальвінізму ў антытрынітарызм. У кнізе «Пра найважнейшыя артыкулы хрысьціянскае веры» Сымон Будны паведамляў, што ў 1574 годзе ў доме «брата мілага Васіля Цяпінскага» адбыўся сынод антытрынітарыяў. У другой сваей кнізе ён пісаў пра сынод 1578 году, на якім Цяпінскі адстойваў сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён уважаў, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама браць удзел у справядлівых войнах супраць нападаў і пагрозы тыраніі — гэта ня грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды Цяпінскага супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху.
Згадкі ў крыніцах. Праблематыка вызначэньня даты нараджэньня.
рэдагавацьІмя Васіля Цяпінскага разам з братамі Жданам і Іванам Войнамі ўпершыню згадваецца ў дакумэнтальных крыніцах 1560-х гадоў (тэстамэнт маці 1563 году, працэс 1564 году зь Ю. Осьцікавічам, які зрабіў напад на маёнтак Цяпінскіх — Сьвіраны).
Датаваны 1578 годам партрэт Цяпінскага выклікае сумненьні адносна яго паходжаньні. Няма зьвестак пра навуку Васіля Цяпінскага ў замежных унівэрсытэтах, што б бясспрэчна дало пэўныя падставы для больш дакладнага вызначэньня даты яго нараджэньня. Як сьведчаць знойдзеныя дакумэнты, у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў XVI стагодзьдзя бацькі Васіля Цяпінскага былі ўжо даволі сталага веку (тэстамэнт маці напісаны ў 1563 г., а бацька памёр раней). Адсюль можна ўважаць, што Васіль Цяпінскі нарадзіўся ў 30-я — пачатку 40-х гадоў XVI стагодзьдзя. У 50-х гадах XVI стагодзьдзя ён самастойна браў удзел у судовых працэсах і ня быў малодшым сынам пад час складаньня тэстамэнту. У ім таксама згадваюцца яшчэ два сыны Матроны Мікалаеўны — Ждан і Іван Война, які ў пачатку 60-х гадоў яшчэ патрабаваў апякунства, а таксама даволі дарослая ўнучка Марына.
Род Цяпінскіх
рэдагавацьНовыя архіўныя дакумэнты й дасьледаваньні дазваляюць пашырыць надзвычай скупыя гістарычныя зьвесткі пра жыцьцёвы шлях Цяпінскага, яго сваяцкіх і сямейных зьвязах.
Род Цяпінскіх робіцца вядомым у актах Вялікага Княства Літоўскага толькі з XVI ст. як «кроўнародасны» (блізка параднёны) з родам Слушак. Слушкі былі знакамітай фаміліяй у другой палове XVI—XVII стагодзьдзі, займалі многія важныя дзяржаўныя пасады, бралі ўдзел ў соймах і ўсіх буйных войнах. Згодна са зьвесткамі некаторых пазьнейшых гербоўнікаў, якія пры апісаньні генэалягічных каранёў знатных асобаў нярэдка прытрымліваліся легендарных вэрсіяў, Слушкі атрымалі шляхецтва яшчэ пры Вітаўце разам зь зямельнай маёмасьцю. Арыгінальнымі актамі гэта не пацьвярджаецца, але пэўныя падставы маюць месца. У 1547 годзе спадчынныя дакумэнты кіеўскага гараднічага Івана Рыгоравіча Слушкі зьнішчыліся пад час страшэннага пажару ў Менску. З просьбы Слушкі гаспадарская канцылярыя выдала яму пацьверджаньне на яго спадчынныя маёнткі. У гэтым акце ўпершыню ў вядомых зараз гістарычных крыніцах згадваецца й Цяпіна. Кіеўскі гараднічы паведаў пра сваё права да Цяпіна: «Напервей што ему от брата его рожоного Павла Григоревича Служчича досталос(ь) на ровном делу именье их отчизное и дедизное на имя Тяпино» і на тое маюцца лісты і «твердасці» Вітаўта і іншых вялікіх князёў літоўскіх. Аднак невядома, хто былі яго першымі ўладальнікамі, сам Слушка згадвае пра маёмасныя правы на Цяпіна толькі свайго бацькі — Грыгорыя й дзеда — «именье отчизное и дедизное». Але паводле гэтых зьвестак мы можам даведацца нарэшце пра першых рэальных заснавальнікаў роду Слушак і Цяпінскіх. Грыгоры Слушка — бацька кіеўскага гараднічага. Імя дзеда выяўляецца паводле іншых крыніцаў. У судовым акце ад 14 чэрвеня 1514 году згадваецца ліст, засьведчаны слугамі новагародзкага ваяводы, у тым ліку Грыгорыем Амельянавічам Слушкам. Паводле свайго сацыяльнага стану Амельян, імаверна, належаў да баярскага службовага стану, бо валодаў зямельнай маёмасьцю. 3 нашчадкаў двух ягоных сыноў адзіны род Слушак пачаў разьмяжоўвацца на два роднасных: Слушак (патомкаў Грыгорыя) і Цяпінскіх (ад Івана). Імя агульнага пачынальніка роду надоўга засталося ў памяці і ў поўных родавых прозьвішчах Слушак і Цяпінскіх. Нават судовы акт ад 28 ліпеня 1604 году згадвае аднаго з сыноў Васіля Цяпінскага, земяніна ваяводзтва Полацкага, Цяпінскім Амельянавічам.
Сыны Івана Амельянавіча, «рожоныя» (родныя) браты Мікалай (бацька Васіля) і Мацей Цяпінскія, упершыню названыя ў попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 году. У беларускай гістарыяграфіі гэты акт не зарэгістраваны. Мажліва, недагляд тлумачыцца тым, што яны апісаны тут без «мясцовага» прозьвішча — Цяпінскія. Попісы войска (шляхецкага паспалітага рушаньня) праводзіліся нерэгулярна, звычайна ў выніку нейкіх міжнародных ускладненьняў ці пагрозы вайны. Яны зьмяшчалі агульныя зьвесткі аб сацыяльным і маёмасным становішчы шляхты і колькасьці выстаўляемых узброеных коньнікаў (пастановы вольных соймаў вызначылі адпаведныя нормы: 1 коньнік з 8 служб сялянскіх у канцы 20-х гадоў, з 10 службаў — у сярэдзіне XVI ст.).
Жонка Васіля Цяпінскага Соф’я Данілаўна паходзіла з роду князёў Жыжэмскіх. Васіль Цяпінскі меў радавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладаньні ў Менскім, Лідзкім, Ашмянскім, Віленскім паветах.
У 1567 годзе служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старосты Ф. Кміты-Чарнабыльскага. Браў удзел у Лівонскай вайне 1558—1563 гадоў. Служыў у падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Астафія Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асьветніцкую дзейнасьць у Вялікім Княстве Літоўскім. Некаторыя дасьледнікі ўважаюць, што ў пачатку 1570-х гадоў ён жыў на Валыні.
У канцы жыцьця Цяпінскі, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 году Полацкі гродзкі суд разглядаў справу паміж яго сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзены ім на пакрыцьцё выдаткаў, зьвязаных з кнігадрукаваньнем.
У актавай кнізе «Менскі гродзкі суд» (Цэнтральны гістарычны архіў) за 1600 год занатаваны зьвесткі, што датычацца сьмерці Васіля Цяпінскага. У гродзкім судзе места менскага запісана скарга жыхароў Полаччыны Канстанціна і Абрама Цяпінскіх на баяраў зямяніна К. Гурына з маёнтку Юнцаўскі за гвалтоўны напад і зьбіцьцё іх у стадоле маёнтку Крайскі.
Калі б не адбылася гэтая жахлівая сутычка (такая характэрная для свайго часу), не даведаліся б мы аб нагодзе іх зьяўленьня ў межах Вялейшчыны і мэце падарожжа «…по справе своей, которую мети маем за позвы гродскими… перед судом… з земяны господарскими воеводства Полоцкого с паном Иваном н Василием Матеевичами Тяпинскими (дзеці роднага брата Мікалая Цяпінскага (бацькі Васіля) — Мацея Цяпінскага) о забите через них отцу нашого пана Василя Цяпинского…»
Такім парадкам, дакумэнт сьведчыць, што Васіль Цяпінскі быў забіты сваімі стрыечнымі братамі ці на пачатку 1600 году, ці ў 1599 годзе ўжо ў сталым веку. Матывы гэтага злачынства невядомыя, але карані яго, мажліва, бяруць пачатак яшчэ з даўняй варожасьці Васіля і Мацея Цяпінскіх, пра што гаворыцца ў дакумэнце зь «Літоўскай мэтрыкі». Пра шматлікіх злых ды ворагах прыгадвае Цяпінскі і ў сваёй прадмове да «Эвангельля».
Кнігавыдавецкая дзейнасьць
рэдагавацьУ 1570-я гг. ён на свае сродкі ў сваім родавым маёнтку арганізаваў друкарню (якая знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на старабеларускай мове. У яго была добрая бібліятэка, патрэбная яму для выдавецкай дзейнасьці. Наважыўшыся надрукаваць Эвангельле на дзьвюх мовах — царкоўнаславянскай і старабеларускай, Цяпінскі распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Цяпер вядома толькі адно яго выданьне — Эвангельле, якое выйшла каля 1570 і надрукавана на дзьвюх мовах — царкоўнаславянскай і старабеларускай. Гэта частка выданьня выяўлена ў XІX стагодзьдзі ў рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Эвангельля Васіля Цяпінскага. Кніга мае арыгінальную будову: тэкст надрукаваны ў два слупкі (на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах) са шматлікімі спасылкамі на літаратурныя крыніцы. Прадмова да гэтага выданьня на 6 аркушах напісана ім жа. Пры перакладзе Эвангельля на старабеларускую мову Васіль Цяпінскі абапіраўся на стараславянскія пераклады Сьвятога пісаньня асьветнікамі Кірылам і Мятодам. Выданьне аздобленае наборным арнамэнтам. Прадмова да «Эвангельля» адрозьніваецца ад іншых уступаў у беларускіх старадруках публіцыстычнай палкасьцю, вастрынёй пастаўленых пытаньняў. Васіль Цяпінскі асуджае царкоўную і сьвецкую знаць, якая абыякава ставіцца да будучыні Айчыны.
Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасьць вялася ім з патрыятычных пачуцьцяў да Радзімы. У рукапіснай прадмове да Эвангельля выдавец пісаў пра сваё высокае прызначэньне служыць беларускаму народу. Ён высока цаніў «зацный, славный, острий, довстипный» беларускі народ, да якога адносіў і сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асьветы, духоўнасьці грамадзтва і, зьвязваючы гэта з агульным заняпадам навукі і маралі, Цяпінскі заклікаў паноў і духавенства дапамагаць паспалітаму люду адкрываць школы і ўзьнімаць навуку «занедбаную». Васіль Цяпінскі імкнуўся давесьці вялікую карысьць чытаньня Эвангельля на роднай мове як «сумы закону божиего», якое дае магчымасьць лепш разумець рэлігію. Такім чынам асьветніцкая праграма Васіля Цяпінскага была разьлічана на ўздым нацыянальнай культуры, школьнай справы, пісьменства, кнігадрукаваньня, умацаваньне пазыцыяў беларускай мовы, абуджэньне грамадзянскай актыўнасьці беларускага народу, яго гістарычнай і нацыянальнай сьвядомасьці. У яго творчасьці адзначаюцца выразныя дэмакратычныя тэндэнцыі.
Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй Айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы палянізацыі і акаталічваньня беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі фэадаламі, якія ня толькі не дапамагалі народу разьвіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх «фалебными предками», саромеюцца свайго паходжаньня і мовы. Таму, паводле Цяпінскага, «за такою неволею» замест «мудрости и цвичения» «оплаканая неумеетность пришла, же вжо некоторые и писмо се своим… встыдают». Даўно насьпелай справай ён лічыў адкрыцьцё школ, у якіх выкладаньне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на старабеларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстаньня яе ў навучальных установах. Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму разьвіцьцю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму разьвіцьцю чалавека «для лепшого розсудку», каб у іх «детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали». У сваім выданьні Эвангельля Васіль Цяпінскі зьмясьціў 210 глос (словаў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы.
Ягоны падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён зьвязваў з асьветай наогул. Эвангельле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. У сваёй прадмове да Эвангельля Цяпінскі пісаў, што праз цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяньня непрыяцеляў, якія зьдзекаваліся зь яго шчырага імкненьня надрукаваць кнігу, яму давялося выпусьціць толькі пісаньні сьвятых Мацьвея, Марка і пачатак з Эвангельля Лукі. Выданьнем Эвангельля ён ставіў за мэту ня толькі спрыяць рэлігійнаму выхаваньню, але ўзьняць асьвету і нацыянальную самасьвядомасьць беларускага народу. Марыў пра школы, у якіх выкладаньне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на старабеларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстаньня ў навучальных установах. Мяркуюць, што Цяпінскі надрукаваў у Нясьвіжы 2 творы С. Буднага: «Катэхізіс» і «Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам». У прадмове да Катэхізісу 1562 году ён прасіў сваіх апекуноў, асабліва сыноў Мікалая Радзівіла Чорнага, не адступацца ад старажытнай мовы продкаў, падтрымліваць яе дзяржаўны і побытавы статус. Але толькі ў творчасьці паспалітага беларускага шляхціца, глыбока і паўсядзённа павязанага і патрэбамі, і настроямі мясцовага насельніцтва, гэтыя асьветніцкія і духоўныя тэндэнцыі знайшлі найбольш моцнае і ўзвышанае ўвасабленьне, сталі асноўнай духоўнай справай яго жыцьця і дзейнасьці.
У Супрасьлеўскім зборніку XVI стагодзьдзя перад прадмовай да Эвангельля Цяпінскага зьмешчаны «Катэхизисъ, або Соума Науки детей въ Христе Исусе», магчыма, тэкст падрыхтаваны Цяпінскім.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Асветнікі зямлі беларускай, X — пачатак XX ст. : Энц. даведнік / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелЭн, 2001. — 496 с.: іл. ISBN 985-11-0205-9.
- Коршунаў А. Васіль Цяпінскі // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. — Менск, 1968 г.
- Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Выпуск першы. — Менск: Беларускі фонд культуры, 2000 г.
- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
- Чаропка В. «З зычливасти ку моей отчизне» (пра В.Цяпінскага) // Вітаўт Чаропка. Лёсы ў гісторыі. — Менск: Беларусь, 2005.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Біяграфія. «Гісторыя Беларусі. Асобы.» Таварыства Беларускай Мовы. Архіўная копія
- Кароткая біяграфія Васіля Цяпінскага. партал «Прыдзьвінскі край». Архіўная копія