Алмаз (спэцпадраздзяленьне)
«Алма́з» — спэцыяльнае падразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам (СПБТ) Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, заснаванае ў студзені 1991 году ў якасьці атраду спэцпрызначэньня «Беркут».
«Алмаз» | |
Шаўрон (2019 год) | |
Гады існаваньня | Ад 2 студзеня 1991 (33 гады таму) |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | міністар унутраных справаў Беларусі |
Уваходзіць у | Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі |
Тып | спэцыяльнае |
Функцыя | барацьба з тэрарызмам |
Камандная структура | 5 аддзелаў |
Дысьлякацыя | Менск |
Узбраеньне | аўтамат, бронеаўтамабіль, верталёт, кулямёт, пісталет, снайпэрская вінтоўка |
Дзейны камандзір | Віктар Зураеў (зь 2010 году) |
Вядомыя камандзіры | Уладзімер Навумаў, Мікалай Карпянкоў |
Ад восені 1994 году носіць сучасную назву. Прадухіляе тэрарыстычныя акты і рэагуе па іх завяршэньні. Наўпрост падпарадкоўваецца міністру ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь[1]. Паводле зьвестак СМІ, падразьдзяленьне апроч супрацьтэрарыстычных апэрацыяў прымае ўдзел у задушэньні палітычных апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі і прыцягваецца для разгону масавых акцый пратэсту[2][3].
Арганізацыйная структура
рэдагаваць- Апэратыўна-снайпэрскі аддзел
- Апэратыўна-тэхнічны аддзел
- Аддзел кіналягічнае службы
- Аддзел спэцыяльнай падрыхтоўкі й апэратыўнага забесьпячэньня спэцмерапрыемстваў
- Аддзел разьмініраваньня й прымяненьня спэцыяльных сродкаў
Гісторыя
рэдагавацьАтрад спэцыяльнага прызначэньня Міністэрства ўнутраных справаў БССР «Беркут» быў створаны 2 студзеня 1991 году ў адпаведнасьці з загадам МУС СССР ад 14 сьнежня 1990 году. Гэта было першае спэцыяльнае падразьдзяленьне міністэрства ўнутраных справаў на тэрыторыі БССР. Першапачаткова атрад «Беркут» быў у падпарадкаваньні ўпраўленьня па выкананьні пакараньняў МУС БССР.
Першым камандзірам быў прызначаны капітан міліцыі Ўладзімер Навумаў, тады яшчэ камандзір патрульнай роты. Асноўнымі задачамі падразьдзяленьня ў той пэрыяд былі: вызваленьне закладнікаў, затрыманьні ўзброеных злачынцаў, ліквідаваньне беспарадкаў у месцах пазбаўленьня волі.
У 1994 годзе камандзір «Беркута» Ўладзімер Навумаў прапанаваў рэарганізаваць і пераназваць спэцпадразьдзяленьне. Увосень 1994 году падразьдзяленьне было пераўтворанае ў спэцыяльнае падразьдзяленьне Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь з падпарадкаваньнем асабіста міністру й атрымала новую назву — «Алмаз». Перад падразьдзяленьнем былі пастаўленыя новыя задачы, у тым ліку ўдзел у барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, затрыманьне небясьпечных і ўзброеных злачынцаў.
Паводле тагачаснага камандзіра «Алмазу» Мікалая Карпянкова, на 2005 год «Алмаз» правёў амаль 3700 спэцыяльных апэрацыяў, затрымаў 4300 чалавек за зьдзяйсьненьне цяжкіх злачынстваў, вызваліў 105 закладнікаў, абясшкодзіў 20 выбуховых прыладаў, адабраў амаль 21 100 адзінак зброі й боепрыпасаў[4]. Паводле абвешчаных «Алмазам» зьвестак, на 2016 год спэцпадразьдзяленьне прыняло ўдзел больш як у 14 000 спэцыяльных мерапрыемствах і апэрацыях, абясшкодзіла больш за 6000 небясьпечных выбуховых прадметаў, затрымала больш за 9600 падазраваных у злачынствах, адабрала каля 600 адзінак агнястрэльнай зброі й больш за 37 000 боепрыпасаў, звыш 600 кіляграмаў наркотыкаў[5].
Вядомыя апэрацыі
рэдагаваць- 11 чэрвеня 1996: вызваленьне закладнікаў у дзіцячым садку № 511 гораду Менску[5];
- 19 сьнежня 2010: сілавы разгон мірнае акцыі пратэсту нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў;
- 12 красавіка 2011: затрыманьне падазраваных у тэрарыстычным акце ў менскім мэтрапалітэне[5];
- 1 кастрычніка 2014: вызваленьне закладніцы ў «БелСьвісБанку»[5];
- жнівень 2020: удзел у разгонах мірных дэманстрацыяў супраць фальсіфікацыяў вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
Тэрор супраць апазыцыі
рэдагаваць14 сакавіка 2002 году Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданьні журналіста Зьмітра Завадзкага групу, арганізаваную супрацоўнікам «Алмазу» Валерам Ігнатовічам, асудзіўшы двух чалавек (Валера Ігнатовіча й Максіма Маліка) на пажыцьцёвае заключэньне, а яшчэ некалькі — на розныя тэрміны пазбаўленьня волі[6].
2 сакавіка 2006 году каля РУУС Кастрычніцкага раёну Менску машына актывіста апазыцыі Юрыя Радзівіла была абстраляная супрацоўнікамі «Алмазу» (пазьней стала вядома, што страляў камандзір «Алмазу» Мікалай Карпянкоў). У той жа дзень байцы «Алмазу» затрымалі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандара Казуліна, які спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам трэцяга Ўсебеларускага народнага сходу. Пры затрыманьні яго жорстка зьбілі, але адпусьцілі ў канцы дня[7]. 25 сакавіка 2009 году (Дзень Волі) былі затрыманыя актывісты «Маладога Фронта» Наста Палажанка й Дзяніс Карноў і вывезеныя за горад. Дзяніс Карноў быў зьбіты. Актывісты апазналі чалавека, які кіраваў выкраданьнем, ім быў супрацоўнік «Алмазу» Аляксандар Лявоненка[8].
Супрацоўнікі «Алмазу» ўдзельнічалі ў разгоне акцыі пратэсту 19—20 жніўня 2010 году. Кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева зьбіваў камандзір «Алмазу» Мікалай Карпянкоў[9].
Спэцыяльнае падразьдзяленьне «Алмаз» удзельнічала ў жорсткім падаўленьні пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 году. 10 жніўня 2020 году супрацоўнікі сілавых ведамстваў Беларусі застрэлілі мірнага бяззбройнага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Празь некалькі дзён па забойстве Тарайкоўскага выйшла расьсьледаваньне «The Insider(ru)», у якім аўтары паводле відэаздымкаў зрабілі выснову, што забойства зьдзейсьніў адзін з байцоў спэцыяльнага падразьдзяленьня «Алмаз» альбо «Альфа(be)»[10]. 21 сьнежня 2020 году прадстаўнік грамадзкае ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал» і былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмаз» Ігар Макар апублікаваў матэрыялы папярэдняга расьсьледаваньня. У іх сьцьвярджаецца, што Аляксандар Тарайкоўскі быў забіты супрацоўнікам спэцыяльнага падразьдзяленьня «Алмаз» Мікітам Юр’евічам Каровіным 1993 году нараджэньня пры саўдзеле іншых нявысьветленых супрацоўнікаў СПБТ «Алмаз», стрэл у вобласьць сэрца зроблены самазарадным ружжом «Сайга-12К»[11].
Камандзіры
рэдагаваць- Уладзімер Навумаў (1991)
- Мікалай Карпянкоў (1992—1994)
- Уладзімер Навумаў (1997—1999)
- Мікалай Карпянкоў (2003 — 27 студзеня 2010)
- Віктар Зураеў (з 27 студзеня 2010)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Белорусский алмаз. warspot.ru. Праверана 2021-01-11 г.
- ^ Как обезвреживают оппозицию в Белоруссии. Нямецкая хваля (17-07-2007). Праверана 2021-01-11 г.
- ^ Не только ОМОН. Пытаемся определить, какие подразделения задействованы на подавлении протестов. TUT.BY (2020-08-13). Праверана 2021-01-11 г.
- ^ Игорь Плугатарев. (13-12-2005) «Алмаз» у Лукашенко всегда наготове (рас.). naviny.by. Праверана 26-1-2021 г.
- ^ а б в г Алмаз: история с продолжением (рас.). СБ. Беларусь сегодня (7-4-2016). Праверана 26-1-2021 г.
- ^ Вясна 2007. С. 23.
- ^ Вясна 2007. С. 36.
- ^ Валянцін Стэфановіч. (22-12-2011) Прывід Тантон-Макута (бел.). Вясна. Праверана 26-1-2021 г.
- ^ Борис Пастернак. (21-12-2020) Площадь-2010 (рас.). Беларускі партызан. Праверана 24-1-2021 г. Архіўная копія ад 24-1-2021 г.
- ^ Виктория Пономарева. (14-8-2020) CIT: К убийству протестующего в Минске могут быть причастны бойцы «Альфа» или «Алмаз» (рас.). The Insider. Праверана 28-1-2021 г.
- ^ Беларуский Народный Трибунал. Дело Тарайковского. Отчет по результам предварительного расследования (рас.). Беларускі народны трыбунал. Праверана 28-1-2021 г.
Літаратура
рэдагаваць- Вясна Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе. Аналітычны агляд. — Менск: 2007. — 152 с.