Робэрт Бэрнз
Робэрт Бэрнз[6] (па-англа-шатляндзку: Robert Burns і па-ангельску: Robert Burns, па-гэльску: Raibeart Burns; 25 студзеня 1759 — 21 ліпеня 1796) — брытанскі (шатляндзкі) паэт, фальклярыст, аўтар шматлікіх вершаў і паэмаў, напісаных на г. зв. «раўніннай шатляндзкай» і ангельскай мовах[7][8].
Робэрт Бэрнз | |
Robert Burns | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Robert Burness (да 1786 году) |
Нарадзіўся | 25 студзеня 1759, Алаўэй, Эйшыр, Шатляндыя |
Памёр | 21 ліпеня 1796 (37 гадоў), Дамфрыз, Шатляндыя |
Пахаваны | |
Бацькі | William Burnes[d][3] Agnes Broun[d][3] |
Сужэнец | Джын Армур[d] |
Дзеці | Elizabeth Bishop (Burns)[d] і Роберт Бёрнс[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, фальклярыст |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | верш, паэма, песьня, баляда, гімн, кантата |
Мова | шатляндзкая мова[4] і ангельская мова[5] |
Дэбют | O, Once I Lov'd a Bonnie Lass (1774) |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Robert Burns Country |
25 студзеня, які самі шатляндцы называюць Burns supper — нацыянальнае сьвята ў Шатляндыі. Гэты дзень адзначаецца прыхільнікамі творчасьці паэта ва ўсім сьвеце.
Біяграфія
рэдагавацьРобэрт Бэрнз нарадзіўся 25 студзеня 1759 году ў вёсцы Алаўэй (за тры кілямэтры на поўдзень ад гораду Эйру, графства Эйшыр), у сям’і селяніна Ўільяма Бёрнэса (William Burness, 1721—1784). У 1765 годзе яго бацька ўзяў у арэнду гаспадарку Маўнт-Оліфант, і хлопчыку прыйшлося працаваць нароўні з дарослымі, трываючы голад ды іншыя лішэньні. З 1783 году Робэрт пачынае сачыняць вершы на эйшырскам дыялекце. У 1784 годзе памірае бацька, і пасьля шэрагу непасьпяховых спробаў заняцца сельскай гаспадаркай Робэрт з братам Гілбэртам пераязджае ў Мосгіл. У 1786 годзе выходзіць першая кніга Бэрнза, Poems, Chiefly in the Scottish dialect («Вершы, пераважна на шатляндзкім дыялекце»). Да пачатковага пэрыяду творчасьці таксама адносяцца: «Джон Ячмень» (John Barleycorn, 1782), «Вясёлые жабракі» («The Jolly Beggars», 1785), «Малітва сьвятога Вілі» («Holy Willie’s Prayer»), «Сьвяты кірмаш» («The Holy Fair», 1786). Паэт хутка становіцца вядомым па ўсёй Шатляндыі[9].
Пра вытокі папулярнасьці Бэрнза Ё. Гётэ зацеміў:
Возьмем Бэрнза. Ці не таму ён вялікі, што старыя песьні яго продкаў жылі на вуснах народа, што яму сьпявалі іх, так бы мовіць, тады яшчэ, калі ён быў у калысцы, што хлопчыкам ён гадаваўся сярод іх і парадніўся з высокай дасканаласьцю гэткіх узораў, што ён знайшоў у іх жывую аснову, абапіраючыся на якую мог пайсьці далей? І яшчэ, ці не таму ён вялікі, што яго ўласныя песьні адразу ж знаходзілі чульлівыя вушы сярод яго народа, што яны затым гучалі яму насустрач з вуснаў жняцоў і вязальшчыц снапоў, што імі віталі яго вясёлыя таварышы ў шынку? Тут і сапраўды мусіла нешта атрымацца. | ||
—Johann Peter Eckermann. Gespräche mit Goethe in den letzten Jahren seines Lebens. Leipzig, 1827. |
У 1787 годзе Бэрнз пераехаў у Эдынбург і стаў запрошаным у вышэйшы сьвет сталіцы. У Эдынбурзе ён пазнаёміўся з папулярызатарам шатляндзкага фальклёра Джэймзам Джонсанам, разам зь якім яны пачалі выдаваць зборнік «Шатляндзкі музыкальны музэй» («The Scot’s Musical Museum»). У гэтым выданьні паэт апублікаваў мноства ўласных твораў і шатляндзкіх балядаў ва ўласнай апрацоўцы.
Выдавецкая справа прыносіла Бэрнзу пэўны даход. Ён паспрабаваў укласьці заробленыя ганарарамі сродкі на арэнду фэрмы, але толькі згубіў свой невялікі капітал. Асноўнай крыніцай сродкаў для існаваньня з 1791 году стала работа на пасадзе зборшчыка падаткаў у Дамфісе.
Робэрт Бёрнс вёў даволі вольны вобраз жыцьця і ў яго было тры незаконнанароджаныя дачкі ад раптоўных і непрацяглых сувязяў. У 1787 годзе ён узяў шлюб са сваёй даўняй каханай Джын Армар. У гэтым шлюбе ў яго нарадзілася пяцёра дзяцей[10].
У пэрыяд 1787—1794 былі створаныя вядомыя паэмы «Тэм о’Шэнтар» («Tarn o’Shanter», 1790) і «Шчырая беднасьць» («For A’That and A’That», 1795), «Ода, прысьвечаная памяці м-сс Освальд» («Ode, sacred to the Memory of Mrs. Oswald», 1789).
Па сутнасьці занімацца паэзіяй Бэрнз быў вымушаны ў перарывах паміж работай. Апошнія гады ён правёў у галечы і за тыдзень да сьмерці ледзь ня трапіў у пазыковую турму[9].
Бэрнз памёр 21 ліпеня 1796 году ў Дамфрызе. Яму было ўсяго 37 гадоў. Па меркаваньню біёграфаў XIX ст. — адной з прычынаў заўчаснае сьмерці паэта было празьмернае ўжываньне алкаголю. Гісторыкі XX ст. схіляюцца да таго, што Бэрнз сканаў ад наступстваў цяжкае фізычнае працы ў маладосьці і прыроджанага рэўмакардыта, які ў 1796 годзе быў пагоршаны перанесенай ім дыфтэрыяй[11][12].
Асноўныя даты жыцьця паэта
рэдагаваць- 25 студзеня 1759 — нараджэньне Робэрта Бэрнза
- 1765 — Робэрт з братам паступаюць у школу
- 1766 — пераезд на фэрму Маўнт-Оліфант
- 1773 — Робэрт піша першыя вершы
- 1777 — пераезд на фэрму Лохлі
- 1784 — сьмерць бацькі, пераезд у Мосгіл
- 1785 — Робэрт знаёміцца з Джын, напісаны «Вясёлыя жабракі», «Палявыя мышы» і многія іншыя вершы
- 1786 — Бэрнз перадаў права на фэрму Мосгіл брату; нараджэньне блізьнятаў; паездка ў Эдынбург
- 1787 — прыём паэта ў Вялікай Ложы Шатляндыі; выходзіць першае эдынбурскае выданьне паэмаў; падарожжы па Шатляндыі
- 1789 — работы акцызным
- 1792 — прызначэньне ў інспэкцыю порта
- 1793 — другое эдынбурскае выданьне вершаў у двух тамох
- сьнежань 1795 — цяжкая хвароба Бэрнза
- 21 ліпеня 1796 — сьмерць
- 25 ліпеня 1796 — хаўтуры, у гэты ж дзень нарадзіўся пяты сын Бэрнза — Максўэл
Мова Бэрнза
рэдагавацьХаця Бэрнз і навучаўся ў вясковай школе, але яго настаўнікам быў чалавек з унівэрсытэцкай адукацыяй — Джон Мэрдак (Murdoch, 1747—1824). Шатляндыя тады перажывала пік нацыянальнага адраджэньня, была аднім з самых культурных куткоў Эўропы, у ёй налічвалася пяць унівэрсытэтаў. Пад кіраўніцтвам Мёрдака Бэрнз занімаўся, акрамя іншага, паэзіяй Аляксандра Поўпа. Як сьведчаць рукапісы, літаратурнай ангельскай мовай Бэрнз валодаў дасканала, выкарыстаньне ж шатляндзкай (паўночны дыялект ангельскай, у адрозьненьне ад гэльскай — кельтскай шатляндзкай мовы) — сьвядомы выбар паэта.
«Бэрнзава страфа»
рэдагавацьЗ імем Бэрнза зьвязваюць асаблівую форму страфы: шасьцірадкоўе па схеме AAABAB з укарочанымі чацьвертым і шостым радкамі. Падобная схема вядомая ў сярэднявечнай лірыцы, у прыватнасьці, у правансальскай паэзіі (з XI века), але з XVI ст. папулярнасьць яе паволі згасла. Яна захавалася ў Шатляндыі, дзе шырока выкарыстоўвалася і да Бэрнза, але зьвязваецца зь яго імем і вядомая ў якасьці «Бэрнзавай страфы», хоць афіцыйная яе назва — стандартны габі, ідзе ад першага твора, які праславіў гэтую страфу ў Шатляндыі, — «Элегія на сьмерць Габі Сымпсана, дудара з Кілбархана» (каля 1640) Робэрта Сэмпіла зь Белтрыза; «габі» — не ўласнае імя, а мянушка выхадцаў мястэчка Кілбархан у Заходняй Шатляндыі.
Бэрнз у савецкай і ангельскай філятэліі
рэдагавацьУ 1959 годзе брытанскае паштовае ведамства ўпершыню за ўсю гісторыю анансавала на 1964 год выпуск паштовае маркі Вялікабрытаніі з выявай іншага чалавека, чымся манарха каралеўства, — Шэксьпіра. Пры гэтым, як паведамляла прэса, таксама разглядалася кандыдатура шатляндца Робэрта Бэрнза, але была адхіленая, нягледзячы на 200-годзьдзе са дня нараджэньня паэта. Гэта выклікала пратэст яго нацыяналістычна настроеных суайчыньнікаў. У прыватнасьці, Шатляндзкая нацыянальная партыя надрукавала і распаўсюджвала за невялікую плату прапагандысцкія маркі з партрэтам Бэрнза і надпісам «Вольная Шатляндыя». Па іх задуме, маркі павінны былі налеплівацца побач з афіцыяльнай паштовай маркай краіны з партрэтам Шэксьпіра.
Але значна большую вядомасьць атрымала іншая акцыя. Праблему ўшчамленьня Робэрта Бэрнза на марках Вялікабрытаніі блізка да сэрца ўспрыняла Ўэндзі Ўуд(en), палкая прыхільніца яго талента і перакананая сэпаратыстка. Яна аддрукавала на ручным прэсе і стала распаўсюджваць паштовыя канвэрты зь лёзунгам «Калі Шэксьпір, чаму ня Бэрнз?» і некалькі відаў уласных прапагандысцкіх марак з мэтай арганізаваць масавую спам-атаку па пошце адпаведных запросаў у адрас прэм’ер міністра Вялікабрытаніі, усіх чальцоў брытанскага парлямэнта і міністра пошты. Пры франкіроўцы гэтых лістоў Вэндзі Вуд выкарыстоўвала толькі свае ўласныя маркі. Яна разважала, што паштовае аддзяленьне альбо прыме выправу так, альбо прымусіць чыноўнікаў-атрымальнікаў аплаціць кошт перасылкі. Агульны тыраж марак міс Вуд склаў каля 30 тысячаў экзэмпляраў. Некаторую яго частку яна пэрфаравала на швэйнай машынцы, але большая частка тыража засталася без пэрфарацыі.
Голас грамадзкасьці быў пачуты: брытанская пошта згадзілася выпусьціць паштовую марку ў памяці аб Бэрнзе, прычым нават не чакаючы круглае даты яго нараджэньня, у год 170-годзьдзя са дня сьмерці паэта. Задаволеная Вэндзі Вуд пасьля гэтага адаслала начальніку каралеўскае пошты Эдынбурга друкаваныя пляты, зь якіх яна рабіла тыражы сваіх прапагандысцкіх марак. Аб яго рэакцыі на гэты жэст не паведамляецца.
Знамянальна, што вэрсія аб рэзультатыўнасьці кампаніі Вэндзі Вуд не адзіная. Вось што піша Барыс Стальбаўм у брашуры «Што трэба ведаць філятэлісту»[13]:
Менавіта савецкая «філятэлістычная пэрсаналія» падахвоціла ангельскае паштовае ведамства парушыць векавую традыцыю. На марках Вялікабрытаніі болей за сто год друкаваліся выключна партрэты караля ці каралевы. 23 красавіка 1964 г. на ангельскай марке ўпершыню зьявіўся партрэт некаранаванага ангельца — Ўільяма Шэксьпіра. Здавалася б, што вялікі драматург, якога калісьці называлі «зварушыцелям сцэны», стаў зварушыцелем асноў ангельскае філятэліі. Аднак, як сьведчыць чалец ангельскага парлямэнту Эмрыс Х'юз, гэткі гонар належыць савецкай марке. Усё пачалося з партрэта Бэрнза.
«У 1959 годзе, — піша Э. Х'юз — мне давялося прысутнічаць у Маскве на юбілейным вечары, прысьвечаным 200-годзьдзю са дня нараджэньня Робэрта Бэрнза. Калі скончылася ўрачыстая частка, да мяне падыйшоў савецкі міністар сувязі і ўручыў канвэрт з маркамі. На кожнай з марак быў партрэт шатляндзкага барда. Прызнацца, я адчуў у гэты момант вострае пачуцьцё сораму. Міністар, натуральна, адчуваў цалкам законную гордасьць: яшчэ бы, у Расеі выпушчаныя маркі з партрэтам Бэрнза, а ў Ангельшчыне — не! Я гатовы быў скрозь зямлю праваліцца, хоць маёй віны ў гэты не было. Каб не пакутваць ад ўсьведамленьня пакрыўджанае нацыянальнае гордасьці ў адзіночку, я вырашыў прысароміць тагачаснага прэм'ер-міністра Ангельшчыны Гаральда Макмілана, балазе ён таксама быў у гэты час у Маскве. На прыёме ў ангельскай амбасадзе я ўручыў яму свой прэзэнт — дзьве маркі з партрэтам Бэрнза. Са зьдзіўленьнем зірнуўшы на іх, Макмілан спытаў: Што гэта? — Расейскія маркі, выпушчаныя ў гонар Бэрнза, — адказаў я. — Можаце наляпіць іх на канвэрт і адправіць нашаму міністру пошт ліст з паведамленьнем, што Расея абагнала Вялікабрытанію ў гэтай справе. Востры эпізод не прайшоў дарма. Аб гэтым пераканаўча сьведчыць дзіўная дата выпуска першае ангельскае маркі з партрэтам Бэрнза. Яна зьявілася ў дзень... 207-годзьдзя са дня нараджэньня паэта. |
||
Падаецца найболей верагодным, што сваю ролю ў прасоўваньні ідэі аб тэрміновай неабходнасьці выпуска брытанскім паштовым ведамствам паштовае маркі ў гонар Робэрта Бэрнза сыгралі ўсе пералічаныя вышэй кампаніі, а не якаясьці адна зь іх.
Беларускія пераклады
рэдагавацьВыбраныя творы Р. Бэрнза два разы выходзілі асобнымі выданьнямі на беларускай мове ў перакладах Язэпа Семяжона («Шатландская слава», 1957, і «Вам слова, Джон Ячмень», 1982). Сярод іншых перакладчыкаў паасобных вершаў Бэрнза — Юрка Гаўрук, Галіна Дубянецкая і Алена Таболіч[14].
Іншае
рэдагаваць- Амэрыканскі сьпявак Майкл Джэксан у жніўні 2008 году запісаў дыск з пакладзенымі на музыку вершамі шатляндзкага паэта. Дыск выдавацца не плянаваўся[15].
- Адным з музычных твораў клясычнага беларускага вакальна-інструмэнтальнага ансамблю «Песьняры» была кампазыцыя на верш «Вясёлыя жабракі» Р. Бэрнза[16].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Carnegie Hall linked open data (анг.) — 2017.
- ^ Бёрнс Роберт // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ а б Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Burns, Robert, 1759-1796 // CONOR.SI
- ^ Янка Запруднік. Дванаццатка. Нью-Ёрк: БІНіМ, 2002. «Робэрт Бэрнс (Транскрыпцыя Бёрнс у некаторых айчынных даведніках зьяўляецца памылковай) — выдатны прадстаўнік шатляндзкага нацыянальнага адраджэньня — свайго роду шатляндзкі Паўлюк Багрым, толькі зь лепшай доляй.»
- ^ The Famous Grouse и The Macallan отпраздновали в Москве день рождения Роберта Бернса
- ^ День рождения Роберта Бёрнса спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ^ а б История английской литературы. Том 1. Выпуск второй М. Издательство Академии Наук СССР, 1945 М. Н. Гутнер спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ^ Роберт Бэрнз. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ^ The Death of Robert Burns (анг.) спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ^ Robert Burns, Richard Hindle Fowler, published by Routledge, 1988 ISBN 0-415-00169-2 спасылка правераная 10 студзеня 2009
- ^ Стальбаўм Барыс. Что надо знать филателисту. — М.: ЦФА «Союзпечать», 1968. — С. 35-36.
- ^ Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995.
- ^ Майкл Джэксан праспяваў вершы Роберта Бэрнза(недаступная спасылка) // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 28 жніўня 2008
- ^ Куды крочаць «Песьняры»? // Літаратура і мастацтва, 25 сакавіка 1983