Рафал Алаіз Аскерка
Рафал Алаіз Аскерка (1708—1767) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (з 1733) і маршалак мазырскі (з 1738).
Герб «Мурдэліё» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1700 |
Памёр | 1767 |
Род | Аскеркі |
Бацькі | Антоні Аскерка Соф’я з Календаў |
Жонка | Станіслава Тэрэза з Агінскіх |
Дзеці | Антоні Яўхім, Ян Мікалай, Мар’яна |
У 1764 канвакацыйны сойм вызнаў вотчынай Рафала Алаіза і ягоных нашчадкаў маёнтак Нароўля (разам з фальваркамі), што пачаткова быў каралеўшчынай (каралеўскім уладаньнем), якую Аскеркі доўгі час трымалі паводле леннага права. Трымаў Багрымавіцкае староста ў 1742—1760.
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік шляхецкага роду Аскеркаў гербу «Мурдэліё», сын Антонія, кашталяна наваградзкага, і Соф’і з Календаў. Меў братоў Гервазія Людвіка, Міхала Стэфана, Казімера Мацея, Марціна Тэадора і Багуслава Леапольда.
Абіраўся паслом на соймы 1748, 1760, 1764 і 1766, дэпутат Галоўнага Трыбуналу ў 1756 і 1760[1]. У 1733 быў сярод тых, хто падпісаў элекцыю караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. У 1740 быў мазырскім дэпутатам і маршалкам Скарбовага трыбуналу.
З пачатку 1740-х супрацоўнічаў з Сапегамі і Чартарыйскімі. Дапамог лоўчаму Міхалу Антонію Сапегу ў абраньні дэпутатам у Мазыры і маршалкам Галоўнага Трыбуналу.
Падтрымліваў праграму Чартарыйскіх у рэформе дзяржаўнага ладу. У шэрагу іхных прыхільнікаў знаходзіўся і па разрыве Чартарыйскіх з каралеўскім дваром. У 1756 зноў быў мазырскім дэпутатам і маршалкам Скарбовага трыбуналу. На канвакацыйным сойме 1764 абіраўся паслом да складаньня пакта канвэнта. У 1765 няўдала намагаўся атрымаць пасаду падскарбія дворнага[2].
Ажаніўся з Станіславай Тэрэзай, дачкой ваяводы віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага. У шлюбе меў сыноў Антонія Яўхіма, Яна Мікалая, а таксама дачку Мар’яну, якая выйшла замуж сьпярша за кашталяна менскага Адама Міхала Ракіцкага, а потым за кашталяна ўпіцкага Міхала Страшэвіча.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пазднякоў В. Аскеркі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 257.
- ^ Мацук А. Аскерка Рафал Алойзы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 43.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7