Радно́цкі дагаво́р (Радноцкі трактат) — сяміградзка-швэдзкі ваенны саюз супраць Рэчы Паспалітай, заключаны 6 сьнежня 1656 г. у Радноце (Сяміградзьдзе; цяпер Мурэшскі павет(ro), Румынія). Складаўся з 18 артыкулаў і прадугледжваў падзел Рэчы Паспалітай між Сяміградзкім княствам (Дзьёрдзь ІІ Ракацы), Швэцыяй (Карл X Густаў), Маркграфствам Брандэнбург (Фрыдрых-Вільгельм Гагенцолерн), Украінскім гетманатам (Багдан Хмяльніцкі) і канюшым вялікім літоўскім Багуславам Радзівілам (1646—1669). Паслы Брандэнбурга і Багуслава Радзівіла (Ян Мяжэнскі, Стэфан Нямірыч) бралі ўдзел толькі ў перамовах[1]. Дагавору папярэднічала заключэньне 3 лістапада 1656 г. Віленскага перамір’я ў вайне Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.

Радноцкі дагавор
Радноцкі замак Дзьёрдзя ІІ Ракацы, дзе заключылі дагавор
Радноцкі замак Дзьёрдзя ІІ Ракацы, дзе заключылі дагавор
Тып дамовы Ваенны саюз
Падпісаная 6 сьнежня 1656 (367 гадоў таму)
 ·  месца Раднот(ro) (Сяміградзкае княства)
Набыла моц 6 сьнежня 1656
 ·  умовы Падзел Рэчы Паспалітай
Тэрмін дзеяньня Неабмежаваны
Страціла моц 23 ліпеня 1657 (367 гадоў таму)
Падпісанты Цэлестын Штэрнбах, Готард Велінг
Янаш Кемень(en), Міхай Мікеш(en)[1]
Бакі Швэцыя
Сяміградзкае княства
Мова Лаціна

Паводле артыкулаў 5-6 Радноцкага дагавору прадугледжвалася, што Малая Польшча, Мазовія, Валынь, Падляскае ваяводзтва і Берасьцейскае ваяводзтва ВКЛ дастанецца трансыльванскаму князю Дзьёрдзю II Ракацы. Астатняя частка Польскага каралеўства (за выняткам некаторых заходнепольскіх зямель, на якія прэтэндаваў стрыечны брат Багуслава Радзівіла брандэнбурскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм) павінная была адысьці да швэдзкага караля Карла X Густава разам з Курляндыяй і ваяводзтвамі ВКЛ — Віленскім, Троцкім і Інфлянцкім. На ўключэньне ўсходняй Беларусі ў склад сваёй дзяржавы разьлічваў Багдан Хмяльніцкі. Радноцкі дагавор прадугледжваў стварэньне асобнага незалежнага спадчыннага княства для Багуслава Радзівіла (у той час знаходзіўся ў Прусіі), у якое павінна было ўвайсьці Наваградзкае ваяводзтва і некаторыя іншыя ўладаньні Радзівілаў.

Ажыцьцяўленьне

рэдагаваць

Прадстаўнік Радзівіла Мяжэнскі апратэстоўваў умовы падзелу, апэлюючы да Кейданскага дагавору 1655 году і патрабаваў у склад Радзівілавага княства Берасьцейскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага і Падляскае ваяводзтва Польскага каралеўства. Паводле наступнага зьезду ў Шамас-Уйвары (студзень 1657 году) меркавалася, што сяміградзкі князь Дзьёрдзь II Ракацы атрымае тытул польскага караля.

Рэалізуючы Радноцкі дагавор, 23 траўня 1657 году швэдзка-трансыльванска-казацкае войска ўзяло Берасьце, што выклікала рэзкія пратэсты Радзівіла. 4 ліпеня 1657 году той накіраваў Карлу X ліст з заклікам загадаць трансыльванскаму камэнданту Берасьця Гаўдзі перадаць горад і навакольле прыхільнікам Радзівіла, а таксама накіраваць швэдзкія атрады да Слуцку, каб прымусіць яго абаронцаў здаць горад Радзівілу.

Параза Трансыльваніі ад Польшчы, уступленьне Даніі ў вайну супраць Швэцыі і сьмерць Багдана Хмяльніцкага прычыніліся да таго, што створаны хаўрус распаўся.

23 ліпеня 1657 г. пад Меджыбожам (Падольскае ваяводзтва, Польскае каралеўства; цяпер Хмяльніцкая вобласьць, Украіна) сяміградзкі князь Дзьёрдзь II Ракацы (1648—1657) падпісаў мірны дагавор з Рэччу Паспалітай, чым скасаваў Радноцкі дагавор аб ваенным саюзе са Швэцыяй. 18 жніўня 1657 г. 2500 сяміградзкіх жаўнераў пакінулі Кракаў.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць