Пётар Пятровіч Ізвольскі
Пётар Пятро́віч Ізво́льскі (14 лютага 1863, Екацярынаслаў, Расейская імпэрыя — 9 сьнежня 1928, Ле-Вэзынэ, Францыя) — расейскі дзяржаўны дзеяч, обэр-пракурор Найсьвяцейшага Сыноду (1906—1909), на эміграцыі — протаярэй.
Пётар Пятровіч Ізвольскі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
14 (26) лютага 1863 |
Памёр: |
9 сьнежня 1928 (65 гадоў) |
Бацька: | Pyotr Izvolsky[d] |
Маці: | Yevdokiya Gezhelinskaya[d] |
Узнагароды: | |
Сям’я
рэдагавацьЗ роду Ізвольскіх, сын губэрнатара Пятра Аляксандравіча й брат дыплямата Аляксандра Ізвольскіх. Быў жанаты з Марыяй Сяргееўнай з роду Галіцыных, зь якой меў дзьвюх дачок: Марыю (Арсеньнева; 1887 — ?) і Вольгу (Раговіч; 1897 — ?), і сыноў — Сяргея (1890—1955) й Пятра (1894 — ?).
Адукацыя
рэдагавацьСкончыў гісторыка-філялягічны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту (1886), быў стыпэндыятам ва ўнівэрсытэце Пізы (Італія). У 1887 годзе атрымаў ступень кандыдата Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту (дысэртацыя прысьвечаная сьвятому Францішку з Асізі).
Дзейнасьць
рэдагавацьЗ 1886 году на службе ў дэпартамэнце ўнутраных зносін міністэрства замежных справаў. Ад 1887 — калескі сакратар, быў пераведзены на службу ў міністэрства ўнутраных справаў. З 1888 — і. д. службоўца адмысловых даручэньняў VII клясы пры галоўным кіраўніку грамадзянскай часткай на Каўказе. З 1890 году тытулярны дараца.
З 1891 служыў у міністэрстве народнае асьветы, сябар ад міністэрства ў Навасільскай павятовай навучальнай радзе, службоўца адмысловых даручэньняў VI клясы пры міністры народнае асьветы. З 1893 калескі асэсар. У 1892—1893 кіраваў аддзяленьнем Расейскага таварыства Чырвонага Крыжа ў Тульскай губэрні, займаўся арганізацыяй харчовае дапамогі насельніцтву, якое галадала, за што атрымаў ганаровае грамадзянства гораду Навасільск Тульскае губэрні (1907). У 1893 быў камандаваны для інспэкцыі палестынскіх і сырыйскіх школаў Імпэратарскага Праваслаўнага палестынскага таварыства. Вынікі інспэкцыі былі выдадзеныя асобнай кнігай.
З 1894 выконваючы абавязкі інспэктара Кіеўскае навучальнае акругі. З 1895 — камэр-юнкер Двору Яго Імпэратарскае Вялікасьці. З 1896 надворны дарадца. З 1896 інспэктар Кіеўскае навучальнае акругі. З 1899 памагаты апякуна Кіеўскае навучальнае акругі. З 1900 калескі дарадца. З 1901 камэргер Двору Яго Імпэратарскай Вялікасьці. З 1902 апякун Рыскае навучальнае акругі. З 1903 — стацкі дарадца. З 1904 апякун Санкт-Пецярбурскае навучальнае акругі. У якасьці апякуна Санкт-Пецярбурскае навучальнае акругі спрыяў збліжэньню школы зь сям’ёй і арганізацыі бацькоўскіх радаў. З 1905 сапраўдны стацкі дарадца. З 19 лістапада 1905 таварыш міністра народнае асьветы.
З 27 ліпеня 1906 — обэр-пракурор Найсьвяцейшага Сыноду. Яго кандыдатуру на пост обэр-пракурора прапанаваў брат Аляксандар Ізвольскі, які быў тады міністрам замежных справаў. Як обэр-пракурор, выявіў сябе прыхільнікам самастойнасьці царквы. Здолеў дамагчыся падтрымкі ў сябраў Сыноду, прапановы якіх амаль заўсёды атрымлівалі яго падтрымку. У той самы час ён ня меў выразнае пазыцыі адносна даляглядаў царкоўна-дзяржаўных стасункаў. Адстаўку Ізвольскага з пасады обэр-пракурора кадэцкая газэта «Речь» (нумар ад 6 лютага 1909) зьвязвала зь ягонай абаронай аўтаноміі духоўных школаў, якая сустрэла непрыманьне з боку кансэрватыўнае часткі япіскапата. Але Сяргей Фірсаў зважаў на незадаволенасьць старшыні Рады міністраў Пятра Сталыпіна адсутнасьцю ў Ізвольскага дастатковае ініцыятывы.
З 1907 гофмайстар Двору Яго Імпэратарскае Вялікасьці. З 5 лютага 1909 сябар Дзяржаўнай рады, прыналежыў да памяркоўна-лібэральнае Групы цэнтру. Быў старшынём і дакладчыкам камісіі па школьным заканадаўстве.
Узнагароды
рэдагавацьНа эміграцыі
рэдагавацьПадчас грамадзянскае вайны жыў у летніку ў Ялце, адкуль у кастрычніку 1920 году эміграваў зь сям’ёй у Канстантынопаль, затым пераехаў у Парыж, дзе быў сябром прыходзкае рады царквы сьвятога Аляксандра Неўскага. З 19 сьнежня 1921 — дыякан, з 15 лютага 1922 — ярэй (пасьвечаны мітрапалітам Яўлогіем (Георгіеўскім)), плябан Свята-Мікалаеўскага храма ў Брусэлі (да 1928). З 1923 — протаярэй, благачынны прыходаў у Бэльгіі і Галяндыі. У 1923—1927 — сябар епархіяльнай рады пры мітрапаліце Яўлогіі. Быў сябрам кіраваньня Камітэту дапамогі расейскім інвалідам, заснавальнікам і кіраўніком асьветна-дабрачыннае Мікола-Янаўскае суполкі, рэдактарам штотыднёвіка La Semaine religieuse («Царкоўны тыдзень»), стварыў расейскую прыходзкую школу ў Брусэлі. Сябар Ліцэйскага бюро на эміграцыі.
У 1928 у сувязі зь цяжкай хваробай выйшаў за штат, пераехаў у Францыю (пад Парыж) і неўзабаве сканаў. Пахаваны на могілках Сэнт-Жэнэўеў-дэ-Буа.
Працы
рэдагаваць- Учебные заведения Императорского Православного палестинского общества в апреле и мае 1893. СПб, 1894 (2-е издание — СПб, 1896).
- К вопросу о соединении Церквей. Мюнхен, 1922.
Кнігапіс
рэдагаваць- Нивьер, Антуан. Православные священнослужители, богословы и церковные деятели русской эмиграции в Западной и Центральной Европе. 1920—1995: Биографический справочник. М.-Париж, 2007. С. 221.
- Шилов Д. Н. Государственные деятели Российской империи. Главы высших и центральных учреждений. 1802—1917. Биоблиографический справочник. СПб, 2001. С. 270—272.
- Фирсов С. Л. Православная церковь и государство в последнее десятилетие существования самодержавия в России. СПб, 1996.