Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы (Вільня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы
| |
Пятніцкая царква па маскоўскай перабудове
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′51.47″ пн. ш. 25°17′21.69″ у. д. / 54.6809639° пн. ш. 25.2893583° у. д.Каардынаты: 54°40′51.47″ пн. ш. 25°17′21.69″ у. д. / 54.6809639° пн. ш. 25.2893583° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Віленская і Літоўская япархія[d] |
Архітэктурны стыль | нэабізантыйскі стыль[d] |
Аўтар праекту | Мікалай Чагін[d] |
Заснавальнік | Марыя Віцебская[d] |
Дата заснаваньня | 1345 |
Сайт | paraskev.wix.com/paraske… |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы | |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы на Вікісховішчы |
Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на невялікім пляцы пры зьбегу вуліцаў Вялікай, Замкавай і Латочку[a]. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее як прыпісная да Прачысьценскай саборнай царквы. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які ў выніку маскоўскай перабудовы атрымаў рысы расейска-бізантыйскай эклектыкі. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Пятніцкая царква — найстарэйшая царква Вільні[1], адна з архітэктурных дамінантаў Рускага Гораду. Традыцыйна лічыцца, што менавіта тут прынялі хрост віленскія мучанікі з хрысьціянскімі імёнамі Антон, Ян і Яўстах[2]: «Круглец, Кумец, Няжыла родам Літвы…», «…літоўскія ж ім імёны Круглец, Кумец, Няжыла»[3].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьБудаваньне мураванай Пятніцкай царквы ў Вільні вялося ў 1345—1346 гадох з ініцыятывы віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны, першай жонкі вялікага князя Альгерда. Тут ахрысьцілі ўсіх дванаццаць сыноў Альгерда — ад Марыі Віцебскай і цьвярской князёўны Юліяніі Аляксандраўны. У 1346 годзе Марыя Віцебская спачыла ў гэтай царкве.
У 1557 і 1610 гадох будынак царквы моцна пацярпеў ад пажараў. Паводле сьведчаньня нямецкіх купцоў, у 1587 годзе царква мела хоры, а сваім выглядам яна паходзіла на кіеўскія і наўгародзкія цэрквы. У 1611 годзе, калі кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза перадаў царкву з прылеглымі будынкамі ордэну базылянаў, яна мела пашкоджаны выгляд.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе царква пацярпела ад пажару і ня дзеяла да 1700—1702 гадоў. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1705 годзе маскоўскі гаспадар Пётар I адслужыў тут падзячнае набажэнства за перамогу над швэдзкім каралём Карлам XII і падараваў царкве захоплены ў швэдаў сьцяг. Таксама ён хрысьціў у царкве арапа Ганібала, прадзеда Аляксандра Пушкіна[4]. Хроснымі бацькамі былі сам маскоўскі гаспадар і каралева і вялікая княгіня Крыстыяна Эбэргардына, жонка Аўгуста Моцнага. У 1748 годзе царква зноў згарэла амаль дашчэнту, праз пэўны час яе зь цяжкасьцю аднавілі. У канцы XVIII ст. царква зноў апынулася ў непрыдатным стане і доўгі час не рамантавалася.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква прыйшла ў заняпад. Яе будынак застаўся бяз даху і выкарыстоўваўся як дроўны склад.
Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) з ініцыятывы Мураўёва-вешальніка ў 1864 годзе будынак царквы перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), а ў 1865 годзе яго рэканструявалі паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна. У 1886 годзе царкоўны пляц атачылі жалезнай агароджай на мураваным падмурку.
У канцы XIX ст. царкву прыпісалі да Мікольскай царквы і перадалі ў карыстаньне вайскова ведамства Расейскай імпэрыі. У Першую сусьветную вайну царква ня дзеяла.
Найноўшы час
рэдагавацьУ канцы 1920-х гадоў з ініцыятывы беларускага сьвятара Аляксандра Каўша кансысторыя ПАПЦ перадала царкву Віленскай беларускай гімназіі, і ў ёй пачаліся службы на беларускай мове. 25 сакавіка 1926 году прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) правялі ў царкве сьвяточнае набажэнства з нагоды Дня Волі[5].
У Другую сусьветную вайну царква згарэла ўсярэдзіне. Па вайне зрабілі яе вонкавы рамонт. У 1961 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1981 годзе яе будынак прыстасавалі пад музэй малых мастацкіх формаў, філію Летувіскага мастацкага музэю.
У 1991 годзе будынак царквы перадалі Маскоўскаму патрыярхату, а 31 траўня 1991 году царкву наноў асьвяцілі. У ёй правялі рамонт інтэр’ераў, зрабілі новы іканастас. З 2005 году ў царкве пачалі праводзіцца набажэнствы на летувіскай мове, а 5 траўня 2011 году на царкоўным падворку адкрылі помнік арапу Ганібалу і яго праўнуку расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну.
Архітэктура
рэдагавацьПомнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які набыў рысы барока і ўрэшце расейска-бізантыйскай эклектыкі. Да часоў рэканструкцыі 1865 году ад арыгінальнага будынка захавалася толькі адна зь сьценаў. Па рэканструкцыі гэта крыжова-купальная 1-апсыдная пабудова[6].
На фасадзе з боку пляцу вісяць тры памятныя дошкі з тэкстамі, якія апавядаюць пра гісторыю царквы. На бакавой сьцяне, закрытай ад агляду суседнімі будынкамі, вісяць яшчэ тры дошкі, дзе пералічваюцца рэканструяваныя ў 1860-я гады цэрквы Вільні і сябры царкоўна-будаўнічага камітэту, а таксама паказваецца царква ў руінах і па рэканструкцыі.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
1807 г. (І. Трутнеў, 1870 г.)
-
1820 г.
-
1869 г.
-
І. Трутнеў, 1864 г.
-
І. Трутнеў, 1870 г.
-
1882 г.
-
1900 г.
-
В. Гютлен, 1917 г.
-
7 чэрвеня 1938 г.
-
7 чэрвеня 1938 г.
-
7 чэрвеня 1938 г.
-
7 чэрвеня 1938 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1864 г.
-
да 1915 г.
-
1915—1918 гг.
-
да 1939 г.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Агульны выгляд
-
З боку апсыды
-
Інтэр’ер
-
Памятныя дошкі
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Афіцыйны адрас — Didžioji g. 2
Крыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 416.
- ^ Radziukiewicz A. Jak drogocenny kamień // Przegląd Prawosławny. Nr. 1 (331), styczeń 2013.
- ^ Станкевіч Я. Нарысы зь гісторыі Вялікалітвы-Беларусі // Станкевіч Я. Гістарычныя творы. — Менск, 2003. С. 636.
- ^ Шлевис Г. Пятницкая церковь, 1345 г. // Православные храмы Литвы. — Вильнюс, 2006. С. 92—97.
- ^ Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 65.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 417.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Лявон К. Пятніцкая царква // Наша Ніва. № 1, 1991.