Платон Жуковіч

беларускі гісторык
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жуковіч.

Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (8 кастрычніка [ст. ст. 26 верасьня] 1857, Пружаны, Гарадзенская губэрня Расейская імпэрыя — 13 сьнежня 1919, Петраград, РСФСР) — расейскі гісторык Беларусі, Польшчы і Ўкраіны XVII—XVIII стст. Прафэсар Пецярбурскай духоўнай акадэміі, чалец-карэспандэнт Расейскае Акадэміі навук (1918).

Платон Жуковіч
Дата нараджэньня 26 верасьня (8 кастрычніка) 1857[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 сьнежня 1919(1919-12-13) (62 гады) або 13 лістапада 1919(1919-11-13)[1] (62 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак гісторык
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы
Навуковая ступень магістар багаслоўя[d]
Навуковы кіраўнік Міхаіл Каяловіч
Бацька Мікалай Жуковіч

Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных дасьледнікаў міжканфэсыйных адносінаў у Рэчы Паспалітай, дасьледаваў палітыку Расеі на тэрыторыі Беларусі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае. Стаяў на пазыцыях афіцыйнае гістарыяграфіі Расейскай імпэрыі. Пісаў свае дасьледаваньні ў «заходнерускім духу»[2], сьцьвярджаючы, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расейскага цара.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Платон Жуковіч нарадзіўся 26 верасьня 1857 у месьце Пружаны Гарадзенскай губэрні ў сям’і патомнага двараніна і мітрафорнага протаярэя Аляксандра-Неўскага сабору Мікалая. У 1867 року паступіў у Кобрынскую духоўную вучэльню, скончыўшы яе ў 1871 року адным з трох лепшых вучняў. Пасьля паступіў у Літоўскую сэмінарыю. Па яе сканчэньні ў 1877 року працягнуў навучаньне ў Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленьні, якое ачольваў Міхаіл Каяловіч. Платон Жуковіч зьяўляўся адным зь лепшых студэнтаў, пра што сьведчаць ня толькі адзнакі, але й успаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозі і Польская царква ягонага часу», якая пасьля перарасла ў кандыдацкую дысяртацыю, абароненую ў 1881 року. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступеняй кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленьні.

Па сканчэньні вучобы быў разьмеркаваны на абавязковае выкладаньне (паўтара рокі за кожны рок навучаньня) ў Полацкую духоўную вучэльню. Выкладаў геаграфію і арытмэтыку, адначасна працягваючы навуковыя дасьледаваньні. Ён істотна дапрацаваў сваю дысяртацыю і 16 студзеня 1883 пасьпяхова абараніў яе, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя.

Пасьля гэтага ён атрымаў прапанову заняць катэдру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 року на загад Сьвятога Сыноду ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскае духоўнае вучэльні, а ў 1884 року стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай сэмінарыі.

Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся дасьледаваньнямі каталіцкае духоўнае адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыцьцё Літвы і Беларусі. Ён меў доступ да рэдкіх дакумэнтаў, у выніку чаго ягоныя працы мелі надзвычайную вартасьць. Працяглы час займаючыся вывучэньнем каталіцкае адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранае з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур’ёзная пагроза для целаснасьці расейскае дзяржавы.

У жніўні 1891, па сьмерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на пасаду загадніка катэдры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафэсар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніўшы дысяртацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.». У 1910 выйшаў па-за штат, а ў 1912 абраны ганаровым чальцом Духоўнай акадэміі.

Зьяўляўся чальцом Расейскага гістарычнага таварыства з 1914 року. Акрамя таго, зьяўляўся ганаровым чальцом Імпэратарскага Археалягічнага інстытуту ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалягічнай камісіі, пажыцьцёвым чальцом Уладзімерскай губэрнскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным чальцом Камісіі для разбору і парадкаваньня архіву Сьвятога Сыноду, Імпэратарскага расейскага гістарычнага таварыства, Імпэратарскага маскоўскага археалягічнага інстытуту імя імпэратара Мікалая II і Расейскага бібліялягічнага таварыства.

З 1914 займаўся дасьледаваньнем становішча насельніцтва, школьнае справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасьля падзелу Рэчы Паспалітае; працаваў над гісторыяй інвэнтароў і пачатку сялянскае рэформы на Беларусі XIX ст.

У 1917 року браў удзел у працы Ўсерасейскага царкоўнага сабору[3]. Пасьля закрыцьця Пецярбурскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленьне акадэміка Івана Пальмава быў абраны чальцом-карэспандэнтам Расейскае акадэміі навук па аддзяленьні расейскае мовы і славеснасьці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.

Памёр у 1919 року, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 року набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выданьня гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з пэрыядычных выданьняў, матэрыялы да біяграфіяў асобных дзеячоў царкоўнае гісторыі і асьветы, навучальных духоўных установаў Беларусі, апісаньне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнае творчасьці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павал Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандар Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандар Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[4].

Сачыненьні

рэдагаваць
  • Кардинал Гозий и польская церковь его времени (СПб., 1882, магистерская диссертация);
  • Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.) (СПб., 1887);
  • О профессорах богословского факультета Виленского университета в настоящем столетии (СПб., 1888);
  • Русская гражданская история (СПб., 1895);
  • О русском землевладении в Северо-Западном крае со времён присоединения его к России (СПб., 1895);
  • Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.) (СПб., 1897);
  • Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией (СПб., 1901, докторская диссертация);
  • Из лекций русской гражданской истории, читанных студентам 1-го и 2-го курсов в 1900—1909 гг. (СПб., 1901);
  • Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией с 1609 (вып. I, 1609—1614 гг.; ib., 1903, вып. II, 1615—1619 гг.; ib., 1904).
  • Брестский собор 1591 г. По новооткрытой грамоте, содержащей деяния его (СПб, 1907);
  • О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича (СПб, 1910);
  • Россия под скипетром Романовых: Очерки из рус. истории за время 1613 по 1913 г. (СПб., 1912 [ред.]);
  • Смутное время и воцарение Романовых (СПб., 1913).

Узнагароды

рэдагаваць

14 траўня 1896 году па прадстаўленьні обер-пракурора Сьвятога Сыноду К. П. Пабеданосцава расейскі імпэратар узнагародзіў прафэсара Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Платона Жуковіча Ордэнам сьв. Станіслава 3-й ступені.[5]

  1. ^ а б в Сотрудники Российской национальной библиотеки (рас.)
  2. ^ Марозава С.В. Заходнеруская гістарыяграфічная школа аб царкоўным новатворы 1596 года // Берасцейская царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі. — Гродна: ГрДУ, 2002. — С. 32—33. — ISBN 985-417-271-6
  3. ^ Алфавитный список Членов Собора Православной Российской Церкви 1917—1918 года.
  4. ^ Сільнова Л.Д. Бібліятэка прафесара Платона Жуковіча ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі: [зборнік]. — Мн.: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2004. — В. 6.
  5. ^ Черепица В. Н. Гродненский исторический калейдоскоп: очерки истории, историографии и источниковедения: монография. — Гродно: ГрГУ, 2013. — С. 207.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць