Заходнерусізм
Заходнерусі́зм (па-расейску: западноруссизм) — плынь у гістарычнай думцы на Беларусі зь сярэдзіны ХІХ ст. — пачатку ХХ ст.
Згодна з Аляксандрам Цьвікевічам, заходнерусізм — гэта гістарычная плынь на Беларусі, паводле якой Беларусь «ня ёсьць краіна з асобнай нацыянальнай культурай, а зьяўляецца культурнай і дзяржаўнай часткай Расеі і таму павінна заўжды разглядацца як адна зь яе складовых элемэнтаў»[1].
Паводле другой вэрсіі, «заходнерусізм» — гэта «ідэі і практыкі расейскацэнтрычных інтэлектуалаў, накіраваныя на падрыў польскай культурнай гегемоніі ў „Заходняй Расеі“ пасьля 1863 г.»[2].
На працягу ХІХ і пачатку ХХ ст. заходнерусізм згуртаваў вакол сябе значны лік прыхільнікаў, выпрацаваў сваю ўласную ідэалёгію. У гэтым сэнсе пад заходнерусізмам можна разумець як плынь, якая мела сваю гістарычную школу й акрэсьленую тактыку[1].
Паводле Аляксандра Цьвікевіча, першакрыніцай утварэньня заходнерусізму зьявіўся рэлігійны канфлікт сярод уніятаў у Замойскім саборы, у выніку чаго некаторая іх частка зьвярнула сваю ўвагу й надзею на Расею[3].
«Вестник Западной России»
рэдагавацьПрынята лічыць, што дзейнасьць заходнерусаў распачалася дзякуючы зьяўленьню часопіса ў 60-70 гг. ХIХ ст. «Вестник Западной России», кіраванага Ксенафонтам Гаворскім першапачаткова ў Кіеве, а потым у Вільні[4].
Вокладка часопіса была з тэндэйцыйным малюнкам: на фоне віленскай царквы і помніка Ўладзімеру ў Кіеве да натоўпу беларусаў і украінцаў у канфэдэратках зьлятае зь нябёсаў на воблаку алегарычная «гістарычная ісьціна» з манускрыптам у руцэ: «Откуда пошла русская земля». Унізе вокладкі — мапа Расеі зь Беларусьсю і Ўкраінай, паказаная ў найважнейшых гарадох, і два фаліянты, на адным зь якіх стаіць славянскі надпіс: «…и рече Олегъ Кіевъ се буди мати градомъ русскимъ»[5].
Часопіс складаўся з двух разьдзелаў. Першы й другі разьдзелы прысьвячаліся старадаўняй гісторыі Беларусі й Украіны, прычым пераважна друкаваліся артыкулы на тэму барацьбы праваслаўных і каталікоў, гісторыя вуніі, а таксама розныя граматы, унівэрсалы, прывілеі[5]. Трэці і чацьвертыя разьдзелы — разважаньні рэдакцыі аб грамадзкім і палітычным жыцьці краю, аб ролі папоў і ксяндзоў, вялася палеміка з тагачаснай прагрэсіўнай прэсай. Апошнія разьдзелы «Вестника Западной России» вызначалі сутнасьць заходнерусізму[6].
Галоўная мэта часопісу — змаганьне з палянізмам і каталіцтвам на Беларусі і Ўкраіне, бо паводле К. Гаворскага, «наша мэта ёсьць змаганьне зь нігілізмам, з сэпаратызмам, які імкнецца зрушыць непадзельнасьць Расеі, змаганьне за адзіную расейскую народнасьць, і як аснову ўсяго — змаганьне з Польшчай, з яе здраднымі замерамі, з яе хітрым лацінствам»[7].
Аднак мясцовае насельніцтва ставілася да часопіса з пагардай, адказвала сэпаратызмам на артыкулы, якія зьмяшчаліся ў «Вестнике Западной России». К. Гаворскі скардзіўся на «хахламанаў» за сэпаратызм, скардзіўся на сваё цяжкае становішча. Часопіс мала хто чытаў і не знайшоў свайго аўтарытэту[8]. «Вестник Западной России» перамясьціўся ў Вільню[9].
Прычынаў, дзякуючы якім «Вестник Западной России» перабраўся з Кіева ў Вільню было некалькі. Першая — дрэннае матэрыяльнае становішча. Другая — адсутнасьць чытачоў. Трэцяя — К. Гаворскі быў кепскім гаспадаром часопіса.[10]. Але галоўная прычына была наступная: Вільня ў параўнаньні з Кіевам у тыя часы набывала непараўнальна большае палітычнае значэньне. Тут быў цэнтар паўстаньня, якое ахапіла ўвесь захад імпэрыі і пагражала яе цэласнасьці, тут адбывалася крывавая расправа М. Мураўёва з гэтым паўстаньнем і ў вялізным памеры пачала праводзіцца запаведная мара К. Гаворскага аб зьнішчэньні лацінства і панаваньні праваслаўя[11].
Першы матэрыял часопіса ў Вільні адкрыўся традыцыйным зваротам да чытачоў, прысьвечаны гісторыі і этнаграфіі краю.
Большасьць чытачоў Заходняй Расеі, — гаворыцца ў звароце, — зразумела ж, вядома, што рэдакцыя “Вестника Западной России” перанесла сваё месца з Кіеву ў Вільню. Гэтае перасяленьне накладае на рэдакцыю калі ня новыя, дык асаблівыя абавязкі. Не пакідаючы без увагі паўднёвы-захад Расеі, яна цяпер павінна зьвярнуць асаблівую ўвагу на гісторыю і этнаграфію Паўночна-Заходняй Расеі. | ||
[12].
Зь беларускі сэпаратызм у параўнаньні з украінскім, Гаворскаму змагацца не прыйшлося. Паводле А. Цьвікевіча, замілаваньне да беларушчыны, якое разьвівалася ў краі ў 40-50 гадох было яшчэ вельмі слабым і не пацягнула за сабой масы, як гэта было з украінафільствам[13].
Між іншым у «Паўночна-Заходнім Краі» погляд на беларускую мову быў наступны: для адных беларуская мова была дыялектам польскай мовы, для другіх — расейскай. Згодна з А. Цьвікевічам, перавага была на баку апошніх, бо расейская культура была прызнаная ў Беларусі, а польская — не. Так выглядала першая спроба замацаваньня ідэалёгіі заходнерусізму на беларускіх землях[14].
Дзеля далейшага замацаваньня ідэалягічнай плыні заходнерусы імкнуліся да сьвядомай блытаніны рэлігіі з нацыянальнасьцю, наўмысна ставілі знак роўнасьці між праваслаўем і «расейскай народнасьцю». У гэтым сэнсе заходнерусізм цалкам адпавядаў палянізму, які таксама па рэлігійных прыкметах акрэсьліваў нацыянальнасьць[15].
Заходнерусізм у эпоху М. Мураўёва
рэдагавацьУ пачатку 60-х гг. народная асьвета ў Беларусі знаходзілася цалкам пад польскім уплывам. Паводле поглядаў А. Цьвікевіча, у часы кіраўніцтва віленскага генэрал-губэрнатара М. Мураўёва распрацоўвалася новая праграма русыфікацыі Беларусі: «насаждение» на Беларусі расейскай школы, царквы, велікарускага чынавецтва й настаўніцтва[16].
1 студзеня 1864 г., М. Мураўёў выдаў «Временные правила для народных училищ северо-западных губерний». Новы закон акрэсьлена не давяраў мясцоваму настаўніцтву, незалежна ад таго, ці было яно каталіцкім, ці праваслаўным. Даверам карыстацца можна было сярод сапраўдных велікаросаў з унутраных велікарускіх губэрняў. Новыя правіла цалкам падпарадкоўваліся праваслаўнаму духавенству зь велікарускіх губэрняў.[15].
Загады й мерапрыемствы М. Мураўёва аб назначэньні ў Беларусь расейскіх чыноўнікаў сярод «Вестника Западной России» сустрэлі поўнае прызнаньне й падтрыманьне[15].
Гісторык А. Цьвікевіч лічыў, што дзеля ўзмацненьня русыфікацыі Мураўёў абяцаў даць кожнаму як мага больш грошаў. Праграма русыфікацыі Беларусі з гэтага моманту вызначалася ня як культурная ці нацыянальная мэта, а як вузка-прапагандысцкая асабліва для тых чыноўнікаў, якія марылі атрымаць у Беларусі падвойныя пэнсіі, узнагароды й ордэны:
Наплыўшы з глыбіні Расеі адно ў мэтах напхаць сабе кішэню і ня маючы абсолютна нічога стрымліваючага, уся гэтая арава чыноўнікаў, паліцэйскіх, пасярэднікаў, настаўнікаў, а то проста афіцэраў тых бязьлічных жандарскіх і казачых пастояў, якія хмарай пакрывалі пасьля паўстаньня “заміраную” Беларусь, унесла ў край надзвычайны моральны распад, збэсьціла і спрастытуявала грамадзкае жыцьцё ў самых асновах” | ||
[17].
Пасьлямураўёўскі пэрыяд на Беларусі
рэдагавацьУ 1868 годзе віленскага генэрал-губэрнатара М. Мураўёва зьмяніў А. Л. Патапаў[18]. Сыстэма М. Мураўёва па русыфікацыі Беларусі была скончана й накіравана на цярпімыя адносіны з палякамі[19]. Хадзілі чуткі, што Патапаў зрадзіў інтарэсы Расеі[20]:
Я ніколі, ні ў чым і нікому ў жыцьці сваім не даваў веры і ніколі ня меў прычыны ў гэтым каяцца… Палякі-памешчыкі заўсёды дадуць мне палажэньне і значэньне ў грамадзтве і па службе: габрэі — грошы, а мясцовыя праваслаўныя папы нічога, апрача клопатаў, мне не прынясуць. | ||
[21].
Заходнерусізм паводле М. Каяловіча
рэдагавацьУ гісторыі заходнерусізму Міхаіл Каяловіч займаў адно зь першых месцаў. Паводле некаторых зьвестак, ён зрабіў вялікі ўнёсак у далейшае разьвіцьцё і замацаваньне заходнерусізму ў Беларусі[22].
Навуковае дасьледаваньне было для Каяловіча самым апантаным, незалежна ад таго, ці прынясе яно яму матэрыяльнай карысьці.[23].
Выступленьні і разважаньні дасьледчыка аб навуковай плыні былі для ўсяго расейскага грамадзтва навіной[24]. У сваіх працах аб жыцьці краю М. Каяловіч ён ахарактарызовываў істотную адзнаку сацыяльнага становішча Беларусі — супрацьпастаўленьне інтарэсаў польскага пана-памешчыка і беларускага мужыка-селяніна[25]. Згодна з М. Каяловічам, гісторыя Беларусі мусіць займацца шуканьнем у «западно-русского» народу свайго «западно-русского» дваранства замест «польскай» шляхты, сваёй старадаўняй і роднай праваслаўнай арыстакратыі[25].
А. Цьвікевіч лічыў, што ў сьвядомасьці Каяловіча ў часы ягонага жыцьця фармаваўся «гайдамацкі» спосаб змаганьня — закліканьне да барацьбы з Польшчай з дапамогай «силы русского духа»[26]. У сувязі з гэтым, Каяловіч старанна падкрэсьліваў, што ў Беларусі стваралася імкненьне да ўласнага адраджэньня[27]. Ён быў упэўнены ў тым, што беларускае пытаньне шляхам такога адраджэньня было вырашана, беларускае сялянства ўсьвядоміла сваю сувязь з Расеяй. У сваіх клопатах адносна русыфікацыі Беларусі Каяловіч вельмі крытычна ставіўся да тых расейскіх патрыётаў, якія прыехалі на Беларусь з мэтай ажыцьцявіць тут свае мэты[27]. Але заўважаў ён таксама й шкодны характар русыфікацыі праз гэтыя пераезды:
У расейскіх людзях вялікая патрэба Заходняй Расеі. Пайшлі сюды часам найлепшыя асобы, але, пайшло шмат такіх, якім лепш было б сядзець сярод сваіх, пад моцным кантролем моцнае грамады. | ||
[28].
Паводле А. Цьвікевіча, канкрэтныя эканамічныя пытаньні, справы мясцовага капіталу, зямлі і зямельнай рэформы мала краналі Каяловіча, але ён добра разумеў эканамічную залежнасьць беларускага сялянства ад польскага памешчыка і баяўся голасна і падрабязна аб гэтым гаварыць[29].
Усе свае немалыя веды з гісторыі і этнаграфіі Беларусі Каяловіч выкарыстоўвываў, каб давесьці да расейскага ведама, што прэтэнзіі палякаў на Беларусь ні на чым не заснаваныя[30]. Працы Каяловіча на высьвятленьне этнаграфічнай і гістарычнай беларуска-польскай мяжы былі грунтоўныя[31]. А. Цьвікевіч цьвёрда пераконваўся, што для Каяловіча, калі беларус па веравызнаньні каталік, то значыць ён ужо напалову паляк. Веравызнаньне для Каяловіча азначала амаль ўсё — і нацыянальнасьць, і народнасьць, і саму «русскую душу»[32]. Уся Беларусь ператваралася ў мёртвы абшар у палітычным і грамадзкім сэнсе[33]. Стваралася ўражаньне, што ідэалёгія заходнерусізму была замацавана канчаткова[34].
Заходнерусізм у ідэалягічным афарбаваньні
рэдагавацьНягледзячы на пазбаўленасьць мясцовага насельніцтва грамадзкага жыцьця, недзе ў народных глыбінях жыла й паціху гарэла сьвядомасьць, што ні вызваленьне сялянаў, ні расейскія чыноўнікі, школы — усё гэта ня вырашыць спрадвечнае загадкі краіны, не нясе блізкай і зразумелай праўды[35].
Паводле некаторых вестак, беларускі народ бачыў зьмену ў жыцьці: не было больш панаваньня польскай культуры й яна паступова адыходзіла на захад. На месца гэтае польскасьці надыходзіла новае, мала вядомае і незнаёмае з усходу[35]. Беларусь упершыню пазбылася польскай эканамічнай моцы[36]. Беларускае адраджэньне было вельмі слабым, яно не магло тады зьявіцца як пэўная альтэрнатыва краіны[37]. Першыя крокі беларускага руху распачаліся дзякуючы працам Пыпіна і Спасовіча[38]. Значны ўплыў на беларускае адраджэньне мела культурна-народніцкая праца ва Ўкраіне[39]. Свае ідэалягічныя пазыцыі «заходнерусізм» пазначаў падвойна: па-першае, ганьба ўсяго польскага на Беларусі, па-другое — хвальба Расеі, як ідэалу, у якім і хаваецца ўвесь сэнс разьвіцьця Беларусі[40]. Заходнерусы на гэтым этапе займаліся выключна паклёпамі ў бок палякаў і расповедамі пра іх кепскія і варожыя мэты ў стасунку да Беларусі[41]. Прыхільнікі гэтай плыні ня верылі польскаму грамадзтву ў спробе знайсьці зь беларусамі супольную мову. Гэтыя спробы, паводле А. Цьвікевіча, былі для іх фальшывымі.[42].
Згодна з вышэйпамяненым А. Цьвікевічам, гэтыя адносіны да палякаў выяўлялі асноўную сутнасьць заходнерусізму[43]. Для адраджэньня беларускай культуры заходнерусам было ўсё роўна. Важным быў толькі факт знаходжаньня Беларусі паміж Польшчай і Расеяй як полем барацьбы дзьвюх варожых рэгіёнаў, што «нацыянальнасьць русінаў не зьяўляецца чымсьці акрэсьленым, а толькі полем бітвы паміж дзьвума варожымі нацыямі — расейскай і польскай»[44]. Заходнерусізм цягнуў Беларусь да Расеі і ня бачыў у Беларусі самастойнага пачатку. Не было бачна й магчымасьці захаваць для беларусаў свой нацыянальны твар і аблічча, заходнерусізм не хацеў клапаціцца аб гэтым[43].
Заходнерусізм на пачатку ХХ стагодзьдзя
рэдагавацьНа пачатку стагодзьдзя погляды некаторых заходнерусаў пачалі кардынальна зьмяняцца. Пайшлі першыя размовы аб існаваньні беларускай мовы як асноўнай мовы беларусаў, аднак пры гэтым захоўваліся тэндэнцыі адзінства з Расеяй[45]. Цярэнці Бажэлка лічыў, што «беларускае дзіця толькі ў школе дазнаецца, што яно ня „просто русское“, якім лічыла сябе раней, а беларускае»[46]. Іншыя прадстаўнікі заходнерусізму Шпілеўскі і Насовіч былі незадаволеныя поглядамі сваіх паплечнікаў[47]. У. Стукаліч захапляўся багацьцем і прыгажосьцю беларускай мовы[48]. Некаторыя заходнерусы давалі рэзкую крытыку:
Непрызваіта, грэшна й сорамна зьдзеквацца зь беларускага народу так, як зьдзекуецеся вы…..Сорамна ставіцца да Беларусі так, як ставіцца Пшчолка, узбуджаючы пагарду да свайго народу, абліваючы памыямі сваю бацькаўшчыну, якую скутавалі ворагі. | ||
[49].
Паводле А. Цьвікевіча, на Беларусі твар да твару сталі ўжо дзьве процілеглыя ідэалёгіі: нацыянальна-беларуская і заходнеруская. Барацьба ішла ва ўсіх галінах жыцьця. Заходнерусізм ня меў перад сабой будучыні і ў будаўніцтве нацыянальный ідэі быў злучаны са старым, адміраўшым рэжымам царскай Расеі. Заходнерусы разумелі свой канец і слабасьць[50].
Сучаснасьць
рэдагавацьУ канцы ХХ ст. распачаліся скаргі і паклёпы на заходнерусізм з боку беларускіх нацыяналістаў[51]. Аляксей Каўка даў выразна нэгатыўную афарбоўку заходнерусізму, назваўшы гэта «комплексам непаўнавартасьці» ў беларускім грамадзтве[52].
У сярэдзіне 90-х гг. мінулага стагодзьдзя рэжым А. Лукашэнкі, арыентуючы сваю палітыку на Расею, узяў заходнерусізм пад сваю абарону[53]. Захар Шыбека бачыць у заходнерусізме спробу «адмовіцца ад гістарычнай і культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай»[54]. У прыватнасьці, А. Смалянчук лічыў, што заходнерусізм спрыяў фармаваньню беларускай нацыі[55]. Згодна з А. Чобатам, ад ідэоляга заходнерусізму М. Каяловіча бярэ свой пачатак ня толькі сама ідэалёгія новай плыні, але й украінскі і беларускі сэпаратызм[56]. Кіруючыся поглядамі В. Булгакава вынікае, што заходнерусізм ня быў ворагам беларускага нацыяналізму, а паступова перарос у нацыянальную ідэю[57]. У той жа самы час сярод пэўнай часткі палітычных і грамадзка-культурных колаў сучаснае Беларусі ідзе мэнтальная барацьба паміж заходнерусізмам і ліцьвінізмам[58].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 7
- ^ Булгакаў, В. Злыя дэманы беларускай гісторыі / В. Булгакаў // Arche. 2007. № 9 С. 97-178
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 8
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 17
- ^ а б Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 18
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 19
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 23
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 37
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 39
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 40
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 41-42
- ^ «Вестник Западной России», 1864, кн. 1.
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 53
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 58
- ^ а б в Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 62
- ^ Сборник «Памяти М. Муравьева», С. 5
- ^ E. Wasilewski, «Wspomnenia z przeszlości», Wilno, 1907, стар. 108
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 111
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 112
- ^ Газ. «Русь», корэсп. з «Северо-Зап. края», 1882 (перадрук. у «Менск. Еп. Ведомости.», 1882, №17, стар. 467
- ^ М. Коялович, «Поездка в середину Белоруссии», 1887, С. 15
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 142
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 148
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 155
- ^ а б Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 163
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 164
- ^ а б Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 166
- ^ «Об отношении русского общества к Западной России», письмо редактору газ. День, 1863, № 27
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 170
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 173
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 174
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 176
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 181
- ^ «Беседа», 1871, кн. Х: «Из Северо-Зап. края» Д. Миропольского, С. 202
- ^ а б Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 186
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 190
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 188
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 191
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 192
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 215
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 216
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 218
- ^ а б Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 219
- ^ Пыпин, «Польский вопрос в русской литературе», «Вестник Европы», 1880, октябрь, С. 681—687
- ^ «Окраины России», 1907, т. II, № 20 «Новый вид сепаратизма — белоруссофильство»
- ^ «Окраины России», 1908, т. IV, С. 430
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 324
- ^ В. Стукаліч, «Краткая заметка о белорусском наречии», Витебск, 1895, С. 6
- ^ «Витебск. Губ. Вед.», 1908, № 35 (цыт. па Шлюбскі А. «Гістор.-этногр. нататкі», С. 341)
- ^ Цьвікевіч, А. Западно-руссизм: нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в., С. 335
- ^ Горизонтов Л. Е. Западнорусизм в мире идентичностей межславянского пограничья. Историографические наблюдения В кн.: Славянский мир: в поисках идентичности. Кн. 8. М.: Институт славяноведения РАН, 2011. С. 934
- ^ Каўка, А. Тэрыторыя ці нацыя? // Беларусіка. Albaruthenica. Кн. 2 Минск, 1992. С. 42-48
- ^ Горизонтов Л. Е. Западнорусизм в мире идентичностей межславянского пограничья. Историографические наблюдения В кн.: Славянский мир: в поисках идентичности. Кн. 8. М.: Институт славяноведения РАН, 2011, С. 935
- ^ Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мінск, 2003, С. 108—109
- ^ Смалянчук. А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864—1917 г. Гродна, 2001, С. 39,44
- ^ Чобат А. Трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. СПб., 2003 С. 147
- ^ Булгаков В. История белорусского национализма. Вильнюс. 2006, С. 154, 160
- ^ Горизонтов Л. Е. Западнорусизм в мире идентичностей межславянского пограничья. Историографические наблюдения В кн.: Славянский мир: в поисках идентичности. Кн. 8. М.: Институт славяноведения РАН, 2011. С. 936
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Западная Русь» — Сайт, які займаецца адраджэньнем заходнерусізму ў Беларусі