Мікалай Тарасюк
Мікала́й Васі́льевіч Тарасю́к (22 траўня 1932, вёска Стойлы Пружанскага павету Палескага ваяводзтва — 14 студзеня 2015) — беларускі разьбяр, музычны майстар. Народны майстар Рэспублікі Беларусь (1989).
Мікалай Тарасюк | |
Адкрыцьцё выстаўкі Мікалая Тарасюка ў музэі сучаснага выяўленчага мастацтва. Менск, 7 жніўня 2012 | |
Род дзейнасьці | разьбяр па дрэве |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 траўня 1932 |
Месца нараджэньня | Стойлы Пружанскага павету Палескага ваяводзтва |
Дата сьмерці | 14 студзеня 2015 (82 гады) |
Месца пахаваньня | |
Занятак | скульптар, разьбяр, вырабнік музычных інструмэнтаў |
Жонка | Надзея Максімчык |
Дзеці | сын, дзьве дачкі |
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся 22 траўня 1932 году (паводле іншых зьвестак — 8 траўня[1]) ў вёсцы Стойлы (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскае вобласьці). Бацька Васіль Міхайлавіч, ажаніўшыся, атрымаў добры надзел зямлі — 75 дзесяцінаў. У гаспадарцы мелі чатыры каровы, двое коней, конную малацілку, рыбацкія снасьці. Мікалай быў трэцім зь пяцярых дзяцей у сям’і, працаваць пачаў з васьмігадовага ўзросту, пасьвячы каровы.
Пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР навісла пагроза «раскулачваньня» сям’і Тарасюкоў. Каб пазьбегнуць гэтага, бацькі вымушаныя былі скасаваць шлюб, распалавініўшы гаспадарку. Хлопчыкі паводле судовага выраку былі адпісаныя бацьку, дзяўчыны — маці.
Аднак пасьля сканчэньня вайны зь Нямеччынай уся маёмасьць перайшла ў створаны калгас[2]. Мікалай пайшоў у другую клясу пачатковай школы. Скончыўшы чатырохгодку, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасьля працаваў у калгасе. Аднак, застудзіўшыся на калгаснай сенажаці, прахварэў 16 гадоў, атрымаў інваліднасьць.
У 1953 павянчаўся з Надзеяй Максімчык родам з-пад Кобрыню[3]. Зь ёй мелі сына (памёр у маладым узросьце) і дзьвюх дачок. Жонка памерла ў 2006 року.
У 2007 року памерла апошняя суседка Мікалая Тарасюка, і ён застаўся апошнім жыхаром роднай вёскі[2]. Жыў у бацькоўскай хаце, трымаў хатнюю скаціну, птушак, сабак і катоў. Падораную яму кватэру ў Пружанах аддаў сваёй дачцэ.
Памёр 14 студзеня 2015 году[4] пасьля інсульту, ускладненага пнэўманіяй. Пахаваны на могілках хутару Вежнага[5].
Творчасьць
рэдагавацьВонкавыя мэдыяфайлы | |
---|---|
Постаці. Мікалай Тарасюк | |
Выявы | |
Народны майстар з-пад Пружан дасціпна высмеяў Лукашэнку | |
Відэафайлы | |
Фільм Белсату «Гаспадар» | |
Постаці. Мікалай Тарасюк | |
Фільм Віктара Асьлюка «Драўляны народ» |
Разьбой па дрэве і пляценьнем з лазы захапіўся зь дзяцінства. Выразаць цацкі з дрэва пачаў для гульняў уласным дзеткам, лічачы гэта ня больш чым забавай. Аднак у пачатку 80-х рокаў XX стагодзьдзя зноў зьвярнуўся да былога занятку. Першыя працы былі невялікія памерамі, прыкладна 15 см у вышыню. Пасьля павялічыліся да 20—22 см і набылі архаічную абагульненасьць формы і манумэнтальнасьць. Пачаў выкарыстоўваць таксама фарбу, салому, каляровыя апранахі з абрэзкаў тканіны. Спрабаваў выставіць свае творы ў Пружанах, Камянцы.
Аднак найбольшай вядомасьці Мікалай Тарасюк здолеў дасягнуць падчас правядзеньня Ўсесаюзнага фэстывалю народнай творчасьці ў 1987 року. За выстаўку ў Маскве атрымаў Залаты мэдаль ВДНГ і мэдаль ляўрэата фэстывалю, пасьля чаго пачаліся пэрсанальныя выстаўкі, на хутар пачалі завітваць журналісты й экскурсіі.
Беларускай сялянскай працы прысьвечаныя цэлыя кампазыцыі з дрэва, лазы і саломкі: «Сялянскі дворык», «Апрацоўка льну», «Жорны», «Збор ураджаю», «Жніво», «Мыцьцё бялізны», «Кросны» і іншыя. Кампазыцыі, прысьвечаныя народным абрадам беларусаў: «Вясельле», «Каляды», «Вячоркі», «Хаўтуры» ды інш. Мае таксама творы, прысьвечаныя цяжкаму эканамічнаму становішчу сялянаў пад рознымі ўладамі. Стварэньне твораў пачынаў з прыдумваньня назвы-подпісу, пасьля чаго выразае да яго кампазыцыю[6].
Праз пэўны час колькасьць экспанатаў вырасла настолькі, што месца ў хаце не ставала. У 1994 року[7] Мікалай пабудаваў побач асобную хатку для экспанатаў, назваўшы яе музэем «Успаміны Бацькаўшчыны». Музэй, аналягаў якому няма ў Беларусі, зьмяшчае каля 300 аўтарскіх работаў.
У 1994 року творы Мікалая Тарасюка былі паказаныя ў Нацыянальным мастацкім музэі на першай Нацыянальнай выстаўцы інсітнага мастацтва. Пэрсанальныя выстаўкі адбыліся ў Мастацкім музэі Берасьця (2007) і Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск, 2012).
Творы майстра экспануюцца ў адной з заляў музэю-сядзібы «Пружанскі палацык», у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры, Берасьцейскім краязнаўчым музэі[8], Мотальскім музэі народнае творчасьці і за межамі Беларусі.
Мікалай Тарасюк таксама займаўся майстраваньнем музычных інструмэнтаў: дудак, губных гармонікаў.
Прызнаньне
рэдагавацьУ 2008 годзе выдадзены альбом-манаграфія «Сялянская энцыкляпэдыя ў творах Мікалая Тарасюка», які стаў першым выданьнем падобнага кшталту ў Беларусі пра творчасьць народнага майстра[9]. А ягоная творчасьць атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь[10].
У Польшчы пра Мікалая Тарасюка зьняты фільм «Гаспадар»[11].
У 2011 беларускі рэжысэр Віктар Асьлюк зьняў пра Мікалая Тарасюка фільм «Драўляны народ»[12], адзначаны гран-пры фэстывалю «Magnificat-2012»[13] і прызу глядацкіх сымпатыяў на X міжнародным кінафэсьце Filmfest Eberswalde-2013 (Нямеччына)[14].
Швэдзкі часопіс «Гемсьлёйдэн(sv)» (бел. «Рамяство») у адным са сваіх нумароў пяць старонак прысьвяціў творчасьці Мікалая Тарасюка[9].
Беларуская мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская так ахарактарызавала творчасьць майстра:
Як Пірасмані — сапраўдны брэнд Грузіі, Тарасюк — сапраўдны брэнд Беларусі. | ||
—Вольга Лабачэўская, «Вечерний Брест». У сталічным музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Мікалая Тарасюка |
.
Прэміі і ўзнагароды
рэдагавацьНародны майстар Рэспублікі Беларусь (1989) па драўлянай скульптуры.
Ляўрэат Усесаюзнага фэстывалю народнай творчасьці (1987)[15], спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» ў намінацыі «Народная творчасьць» (2002).
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ За мяжу – з драўлянымі аднавяскоўцамі Брестская область. Новости Беларуси (16 траўня 2010). Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- ^ а б Святлана Яскевіч. Успаміны Бацькаўшчыны майстра са Стойлаў // Звязда. — 12 лістапада 2008. — № 21.
- ^ Дарафей Фіёнік (20 сакавіка 2009) Мікалая Тарасюка ўспаміны Бацькаўшчыны. Самі пра сябе. Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- ^ Умер 82-летний пружанский мастер, создавший коллекцию из 30 тысяч деревянных человечков (рас.) // TUT.BY, 15 студзеня 2015 г. Праверана 15 студзеня 2015 г.
- ^ Людміла Бунеева. (15 студзеня 2015) Памёр народны майстар Мікалай Тарасюк. Вечерний Брест. Праверана 17 студзеня 2015 г.
- ^ Оксана Бровач. Жизненная философия Николая Тарасюка: «Все, что я вижу оком, — все мое!» // Брестская газета. — 5 — 12 октября 2012. — № 40 (512).
- ^ Ю. В. Колток. «Деревянный народ» Тарасюка (рас.) Сайт юных спасателей-пожарных еврорегиона «Буг» Праверана 10 траўня 2012 г.
- ^ tiborovskaya. (17 лістапада 2011) Долгая дорога в Стойлы: чем сегодня живёт «деревянный мир» народного мастера Николая Тарасюка? (рас.). Тамара Тиборовская. Праверана 9 студзеня 2012 г.
- ^ а б Ларыса Быцко. Святло драўлянага свету // Вечерний Брест. — 8 траўня 2012.
- ^ Дадатак 2 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.08.2009 № 1088 «Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, змяненні катэгорый, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў у пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 і ад 3 верасня 2008 г. № 1288». Банк законов. Праверана 14 студзеня 2012 г.
- ^ Людміла Бунеева. (14 траўня 2010) За мяжу — з драўлянымі аднавяскоўцамі. Вечерний Брест. Праверана 9 студзеня 2012 г.
- ^ Драўляны народ YouTube Праверана 23 лістапада 2013 г.
- ^ БелТА. Гран-пры фэстывалю Magnificat атрымаў фільм «Драўляны народ» // Наша Ніва, 19 верасьня 2012 г. Праверана 23 лістапада 2013 г.
- ^ Пра «драўляны люд» — мовай кіно // Раённыя будні. — 161 лістапада 2013. — № 90 (9635). — С. 2.
- ^ Василий Матвеев. (23 траўня 2010) Пружанский мастер создал коллекцию из 30 тысяч резных человечков (рас.) Виртуальный Брест Праверана 9 студзеня 2012 г.
Літаратура
рэдагаваць- Здановіч І. Ю. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — 144 с.
- Народны майстар Беларусі, сялянскі філосаф і мастак Мікалай Тарасюк / Ніна Канстанцінаўна Шабуня (складальнік). — Пружаны: Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Засіма. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу, 2009. — 20 с. — (Таленты Пружаншчыны).
- Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка [Выяўленчы матэрыял]: альбом-манаграфія / аўтар тэксту і ўкладальнік В. Лабачэўская; фотамастак Г. Ліхтаровіч. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2008. — 176 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМікалай Тарасюк — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў