Міжнародны дзень піва

Міжнародны дзень піва (па-ангельску: International Beer Day) — штогадовае неафіцыйнае сьвята, якое адбываецца ў першую пятніцу жніўня. Заснавальнік — уладар бару Джэсы Аўшаломаў (анг. Jesse Avshalomov)[1], які абраў пачатак жніўня ў сувязі зь летнім надвор’ем ды аддаленасьцю ад іншых піўных сьвятаў[2].

Міжнародны дзень піва

Першы дзень піва адбыўся ў 2007 годзе ў месьце Санта-Крузе(en), Каліфорнія, ЗША[3]. Да 2011 году ён ператварыўся зь местачковага фэстывалю ў міжнароднае сьвята, якое адзначаецца ў 138 местах 23 краінаў[4], да 2012 году сьвята адзначалася ўжо ў 207 местах 50 краінаў на 5 кантынэнтах[5].

Дэкляраваныя мэты:

  • Зьбірацца зь сябрамі й атрымліваць асалоду ад густу піва.
  • Віншаваць тых, хто адказны за выраб і падачу піва.
  • Аб’ядноўваць сьвет пад сьцягам піва, адзначаючы гэты дзень усімі нацыямі ў адзін дзень[6].

У дзень сьвята ягоныя ўдзельнікі частуюць адзін аднаго півам, а таксама, у сувязі зь «міжнароднасьцю» дня, частуюцца півам, звараным па рэцэптах чужых культураў[1]. Акрамя таго, неад’емнаю часткаю гэтага фэстывалю часьцяком зьяўляюцца дэгустацыя новых або рэдкіх гатункаў піва, «шчасьлівая гадзіна(en)» на працягу ўсяго вечара[7], розныя віктарыны й гульні, асабліва піва-понг(ru)[8].

У 2013 годзе Міжнародны дзень піва адзначаўся, акрамя ЗША, у Армэніі, Аўстраліі, Аўстрыі, Бэльгіі, Бразыліі, Казахстане, Канадзе, Калюмбіі, Коста-Рыцы, Сальвадоры, Вялікабрытаніі, Францыі, Грэцыі, Гандурасе, Ганконгу, Вугоршчыне, Індыі, Ірляндыі, Ізраілі, Італіі, Японіі, Латвіі, Лібане, Летуве, Паўночнай Македоніі, Маляйзіі, Мэксыцы, Новай Зэляндыі, Нікарагуа, Нарвэгіі, Пэру, Польшчы, Партугаліі, Пуэрта-Рыка, Румыніі, Сынгапуры, Славаччыне, Славеніі, ПАР, Гішпаніі, Шры-Лянцы, Швэцыі, Тайляньдзе, Турэччыне, Уганьдзе, ААЭ, Уругваі, Вэнэсуэле, Украіне й Расеі, на Філіпінах і Вануату[5].

З моманту першага сьвята ў 2007 годзе па 2012 год дата дня піва была фіксаванаю — 5 жніўня, але пасьля гэтага яна стала «плывучаю» — першая пятніца жніўня[9].

Крыніцы рэдагаваць