Мовы ойль
Мовы ойль (франц. langues d'oïl, langues d'oui, вымаўл. [lɑ̃ɡᵊdɔjl], [lɑ̃ɡᵊdwi]) — дыялектны кантынуўм, які складаецца зь літаратурнае францускае мовы й іншых роднасных моваў, распаўсюджаных у паўночнай палове Францыі, паўднёвай Бэльгіі і Нармандзкіх астравох. Уваходзяць у склад гала-раманскае галіны (да якой належаць таксама раманскія мовы й дыялекты поўначы Італіі, усходу Гішпаніі й поўдня Францыі), якая належыць да заходнераманскае падгрупы раманскае групы індаэўрапейскае сям’і моваў.
мовы ойль | |
Народнасьць | французы, нармандцы, валёны і г.д. |
---|---|
Арэал | Паўночная й цэнтральная Францыя, паўднёвая Бэльгія, паўночна-заходняя Швайцарыя, Нармандзкія астравы |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Склад |
пяць дыялектных зонаў
|
|
Зь лінгвістычнага пункту гледжаньня супрацьпастаўленыя іншым раманскім мовам Францыі, распаўсюджаным на поўдні Францыі (асабліва сярэднявечным). Назва атрыманая ў выніку разьвіцьця лацінскага слова «так» ва ўсіх мовах ойль.
Тэрміналёгія
рэдагавацьУсе сучасныя й сярэднявечныя дыялекты гала-раманскага паходжаньня, распаўсюджаныя на поўначы Францыі і ў якіх лацінскае слова «так» эвалюцыянавала ў oïl, звычайна пазначаюцца тэрмінамі мова ойль, дыялекты ойль або мовы ойль, што зьвязана з адсутнасьцю ў сучаснай лінгвістыцы дакладных крытэраў для адасабленьня мовы ад дыялектаў. Найбольш распаўсюджанай з дыялектаў ойль зьяўляецца француская мова, у якой зь цягам часу выражэньне падтрымкі oïl эвалюцыянавала ў oui [wi], праз што дыялекты ойль таксама могуць згадвацца пад тэрмінам мовы ўі.
Тэрмін адзіночнага ліку мова ойль, які ўзьнікнуў ва ўжытку прыкладна ў ХІІ ст., звычайна датычыць агульнага пазначэньня ўзаемназразумелых дыялектаў вульгарнае лаціны, распаўсюджаных з ІХ ст. н.э. на поўначы Францыі й поўдні Бэльгіі, якія ў наступным стагодзьдзі пашырыліся на Нармандзкія астравы, у ХІ—XIV стагодзьдзях — на тэрыторыю Ангельшчыны. Зыходзячы з падобнага азначэньня, пад тэрмінам мова ойль можа мецца на ўвазе старажытнафранцуская мова. Тэрмін множнага ліку дыялекты ойль звычайна адносіцца да непасрэдна дыялектаў гэтага пэрыяду.
У множным ліку пад тэрмінам ойль звычайна падразумяваюцца сучасныя ідыёмы, што паўсталі ў выніку асобнага разьвіцьця кожнага зь сярэднявечных дыялектаў ойль, пры гэтым тэрмін можа разглядаць як усе ідыёмы ўключна зь літаратурнай францускай, так і раманскія ідыёмы поўначы Францыі за выняткам францускай мовы. Блізкае значэньне маюць тэрміны дыялекты ойль і дыялекты францускае мовы, якія могуць выкарыстоўвацца адносна ўсіх ідыёмаў ойль за выключэньнем францускае мовы. Між тым, у сучаснай францускай лінгвістычнай школе існуе тэндэнцыя да адмаўленьня ад апошніх тэрмінаў з прычыны мажлівых нэгатыўных канатацыяў падобных азначэньняў.
Клясыфікацыя
рэдагавацьУ складзе моваў ойль прынята вылучаць пяць дыялектных зонаў[1]:
- Арморыцкая зона:
- заходнеарморыцкія: мова галё;
- усходнеарморыцкія: анжуйскі, мэенскі, сартуаскі дыялекты, дыялекты нармандзкае мовы на поўдзень ад асноўнага арэалу мовы;
- Бургундзкая зона:
- Бургундзкая, франка-кантыйская мовы;
- Пуатэвінска-сэнтонская зона:
- Пуатэвінскі, сэнтонскі дыялекты;
- Франская зона:
- Валёнская мова, лятарынскі дыялект, нармандзкая мова (уключна з ідыёмамі Нармандзкіх астравоў), пікардзкая мова, усходнія шампаньскія дыялекты;
- Франсьенская зона:
- Дыялекты ўласна францускае мовы (арлеанскі, турскі, шампаньскі, бэрышонскі, бурбонскі дыялекты).
Кожная з моваў ойль мела ўласнае разьвіцьцё з часу распаду агульнае мовы-продку, таму пэрыядызацыя моваў ойль ёсьць строга індывідуальнай. Тым ня менш, вылучаюцца два агульныя пэрыяды і некалькі пэрыядаў для літаратурнай францускай мовы:
- Старажытнафранцуская, старанармандзкая мовы (ІХ—ХІІІ стагодзьдзі);
- Сярэднефранцуская мова (XIV—XV стагодзьдзі);
- Француская мова пэрыяду Адраджэньня (XVI ст.);
- Клясычная француская (XVII—XVIII стагодзьдзі).
Унутры дыялектнага кантынуўму ойль існуе прынамсі адна ізаглёса, вядомая як лінія Жарэ. На поўнач ад ізаглёсы (Нармандыя, Пікардыя) адзначаецца вымаўленьне /k/, /g/ перад /a/, у той час як у іншых дыялектах ойль /k/ у гэтай пазыцыі перайшло ў /ʃ/, /g/ — у /dʒ/. У дыялектах ок зноў адзначаецца вымаўленьне /k/, /g/ перад /a/, што карэлюе з клясычнай лацінай і, верагодна, можа тлумачыцца адрозьненьнямі ў субстраце й супэрстраце дадзеных рэгіёнаў.
Гісторыя
рэдагавацьУжо ў ІІІ—V стагодзьдзях н.э. вызначылася мяжа між будучымі мовамі ойль і будучымі мовамі ок. Лінгвістычныя адрозьненьні між раманскімі ідыёмамі поўначы й поўдня Францыі ў асноўным склаліся праз кліматычныя, этнаграфічныя й культурныя адрозьненьні між рэгіёнамі. Іншы значны ўнёсак зрабіла раманізацыя, якая пачала ажыцьцяўляцца на поўдні сучаснай Францыі значна раней за поўнач, дзе даўжэй захоўваліся аўтахтонныя кельцкія рысы, на якія дадаткова з V па Х стагодзьдзі леглі германскія супэрстрат і адстрат, які асабліва моцным стаўся ў рэгіёне сучаснай Бэльгіі, уздоўж мяжы з германскай моўнай прасторай.
У ІХ ст. н.э. мова, згаданая пад тэрмінам romana lingua (літаральна «раманская мова») стала першай мовай, якая, як лічыцца, больш за ўсё адрозьнівалася ад іншых рэгіянальных варыянтаў лаціны і праз гэта стала лічыцца ейнымі носьбітамі ў якасьці асобнае мовы. У пазьнейшыя гістарычныя этапы пачынаецца разьвіцьцё асобных рысаў: так, з VIII па ХІІ стагодзьдзі вядома пра ўзьнікненьне тыповых рысаў сучаснай валёнскай мовы. Зь іншага боку, тэксты таго часу ня згадвалі дыялекты ойль у якасьці асобных моваў. Ужываньне тэрміну «раманская мова» спыняецца прыкладна ў пачатку XVI ст., калі маўленьне, што стала продкам сучаснае валёнскае мовы, пачынае ўзгадвацца пад асобнай назвай. Між іншым, тагачасныя раманская мова і мова ойль не прадстаўлялі сабою гамагенных моваў, чаму спрыяла адсутнасьць кадыфікацыі тагачасных моваў Эўропы, меншая колькасьць насельніцтва й параўнальна вялікая ступень ізаляцыі між дробнымі населенымі пунктамі.
Позьне- й пасьлярымская вульгарная лаціна — лацінскае маўленьне, што засталося ў выніку раманізацыі некаторых правінцыяў Рымскай імпэрыі, падзялілася на два рэгіянальныя варыянты, у першым зь якіх лацінскае пацьвярджэньне разьвілася ў выраз hoc ille, у другім — у hoc, што пазьней скараціліся да oïl ды oc адпаведна; у наступным першы выраз разьвіўся ў oui на ўзор сучаснае францускае мовы.
Уласна тэрмін d'oïl у блізкім да сучаснага значэньні быў выкарыстаны ў ХІІ ст., а праз два стагодзьдзі Дантэ Аліг'еры ў сваім творы «Пра народнае красамоўства» сярод раманскіх моваў адрозьніваў мовы si (Італія, Ібэрыйскі паўвостраў), мовы oc (поўдзень Францыі) і мовы oïl (поўнач Францыі). Між тым, у францускай мове, што належыць да моваў ойль, часам ужываецца si ў значэньні адмаўленьня будзь-якога сьцьверджаньня. У іншых раманскіх мовах, прыкладам сардынскай і румынскай, выражэньне пацьверджаньня мае іншую этымалёгію. Прыкладна з ХІІІ ст. сучасныя назвы моваў ойль сталі згадвацца як дыялекты адзінае мовы ойль, напрыканцы гэтага ж стагодзьдзя ўжо існая на той момант наддыялектная форма ойль атрымала назву францускай мовы, што, такім чынам, дазваляе меркаваць пра ўзгадваньне пад гэтым тэрмінам старажытнафранцускай мовы. Абодва памянёныя значэньні ойль пачынаюць фігураваць у творах тагачасных аўтараў такіях як Роджэр Бэкан. Блізу ў гэты пэрыяд паўстаюць згадкі пра асобныя ідыёмы ў складзе ойль (пікардзкая, нармандзкая мовы, пуатэвінскі дыялект).
У ХІХ ст. узьнікнуў тэрмін Francien, які стаў выкарыстоўвацца ў значэньні гіпатэтычнай формы старажытнафранцускай мовы, распаўсюджанай у сучасным рэгіёне Іль-дэ-Франс.
Узвышэньне францускай мовы
рэдагавацьЗ палітычных прычынаў наддыялектная форма дыялектаў ойль пачынае ўзвышацца над іншымі дыялектамі ойль ня толькі ў пісьмовых, але й у гутарковых галінах дзейнасьці. Прыкладна з канцы ХІІІ ст. Прыблізна з гэтага пэрыяду пачынаецца ўзьдзеяньне літаратурнай францускай нормы на іншыя дыялекты ойль, а таксама на мовы ок — раманскія мовы поўдня Францыі. Між тым, дыялекты ойль і мовы ок, у сваю чаргу, аказвалі ўплыў на францускую мову.
У XVI ст. француская мова замяніла сабою лаціну ў афіцыйным справаводзтве, аднак мясцовыя дыялекты ойль працягвалі ўжытак як мовы мясцовай адміністарцыі. Тым ня менш, праз цэнтралізацыю і павелічэньне ўплыву Францыі спрычыніліся да пркметнага скарачэньня галінаў дзейнасьці іншых дыялектаў ойль на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Росту ўплыву францускай літаратурнай мовы таксама паспрыяла разьвіцьцё літаратурнай традыцыі на новай мове, што, аднак, прывяло да заняпаду рэгіянальнай літаратуры. Іншым фактарам павелічэньня ўплыву літаратурнай францускай мовы стала Француская рэвалюцыя, якая зацьвердзіла францускую мову як афіцыйную мову ўсёй краіны. У пэрыяд XVIII—ХХ стагодзьдзяў адзначаецца росквіт таварыстваў па прасоўваньні й стандартызацыі мясцовых дыялектаў.
Разьвіцьцё літаратуры
рэдагавацьНезважаючы на ўплывовую літаратуру на літаратурнай францускай мове, дыялекты ойль здаўна мелі ўласную літаратурную традыцыю.
Творы драматургіі асаблівым чынам адзначаюцца ў пікардзкай, пуатэвінскай і сэнтонскай літаратуры, у той час як нармандзкая й валёнская літаратура найбольш засяроджваліся на прозе ды паэзіі. Вылучаецца традыцыя вуснай творчасьці на мове галё. Дыялекты ойль былі амаль выцесьненыя зь мескай мясцовасьці, што прывяло да засяроджваньня літаратуры ойль на сельскай тэматыцы. Нягледзячы на гэта, на Нармандзкіх астравох быў разьвіты палітычны жанр у літаратуры, у пікардзкай — тэма тагачаснай індустрыялізацыі ў Пікардыі.
На цяперашні час на дыялектах ойль існуюць выданьні, якія публікуюцца разам з францускай мовай або выключна на дыялектах ойль.
Уплыў на іншыя мовы
рэдагавацьНайвыбітны ўплыў мовы ойль аказалі на стараангельскую мову, калі нармандзкая мова аказала істотны ўплыў на грамадзкае жыцьцё Ангельшчыны падчас заваяваньня краіны ў ХІ ст. Іншы моцны ўплыў дыялектаў ойль (разам з уплывам аксытанскае мовы) зьведала партугальская мова, у якой паводле некаторых ацэнак зьмяшчаецца ад 15 да 20% ойльскай і оцкай лексыкі[2][3][4]. Партугальская мова Бразыліі выпрабоўвала ўплыў францускае мовы швайцарскіх перасяленцаў і францускай мовы як тагачаснай міжнароднай мовы. Дыялектнае маўленьне ойль з паўночнага захаду Францыі ўплывала на разьвіцьцё нормаў францускае мовы ў Паўночнай Амэрыцы.
Зь іншага погляду, мовы ойль могуць уплываць адна на адну. Так, француская мова Бэльгіі мае некаторы ўплыў з боку мясцовай валёнскай мовы. Іншыя мовы ойль зазнавалі германскі ўплыў, адной з асаблівасьцяў якога сталі дробныя зьмены ў лексыцы, але прыкметныя зьмены ў фаналёгіі й сынтаксісе, да чаго прыводзілі сталыя ўварваньні германскіх плямёнаў на тэрыторыю сучаснай Францыі. Гэтая акалічнасьць у значнай ступені зрабіла францускую мову досыць адасобленай адносна іншых раманскіх. Між іншым, ойльскі ўплыў зазнавалі й ідыёмы германскіх народаў, напрыклад люксэмбурская мова і ммаастрыцкі дыялект лімбурскай мовы.
Статус
рэдагавацьУ афіцыйным дачыненьні сучасныя дыялекты ойль маюць параўнальна маленькі аб’ём афіцыйнага выкарыстаньня. Тым ня менш, валёнская, лятарынская й шампаньская мовы маюць рэгіянальны статус у Валёніі (Бэльгія). Падобны статус, а таксама іншыя некаторыя афіцыйныя функцыі мае нармандзкая мова, якая, апрача гэтага, мае пэўныя афіцыйныя функцыі ў арганізацыі брытанска-ірляндзкая Рада. Урад Францыі прызнае мовы ойль у якасьці адных з моваў Францыі, але ратыфікацыя краінай Эўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў была адхіленая Канстытуцыйнай радай краіны[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Pierre Bec. Manuel pratique de philologie romane. — 1970-1971.
- ^ Ana Lúcia Borges Exposição no Museu da Língua Portuguesa mostra influência do francês na nossa língua (парт.) globo.com Праверана 27 сакавіка 2014 г.
- ^ Contatos entre francês e português ou influências do primeiro no segundo (парт.). Universidade de Brasília - UnB. Праверана 27 сакавіка 2014 г.
- ^ Miguel Ventura Santos Gois. A influência dos estrangeirismos na língua Portuguesa: Um processo de globalização, ideologia e comunicação. UFS e Univ. Tiradentes. Праверана 27 сакавіка 2014 г.
- ^ [http://www.conseil-constitutionnel.fr/conseil-constitutionnel/root/bank_mm/anglais/a99412dc.pdf DECISION 99-412 DC OF 15 JUNE 1999 European Charter for Regional or Minority Languages] (анг.). Канстытуцыйная рада Францыі.. Праверана 27 сакавіка 2014 г.
Літаратура
рэдагаваць- Paroles d'Oïl, Défense et promotion des Langues d'Oïl, Mougon 1994, ISBN 2-905061-95-2
- Les langues régionales, Jean Sibille, 2000, ISBN 2-08-035731-X