Астралёгія
Астралёгія (па-грэцку: αστρολογία, ад ἄστρον — «зорка», «сьветач», сузор’е, λογία — «вучэньне») — вучэньне пра ўплыў нябесных сьвяцілаў на зямны сьвет і чалавека.
Гісторыя
рэдагавацьЯк асаблівы від прадказальніцтва астралёгія зарадзілася ў старажытнай Мэзапатаміі напрыканцы ІІІ — пачатку ІІ тыс. да н. э. Яе самая раньняя форма — астралёгія прадкзаньняў — дасягнула росквіту ў 2-й палове ІІ тыс. да н. э. У гэты пэрыяд была створаная астралягічная клінапісная сэрыя «Калі багі Ану й Энліль», што зьмяшчала каля 7 тыс. Прадказаньняў стандартнага выгляду: «Калі (на небе) адбылася (падзея) А, дык (на Зямлі) адбудзецца (падзея) В».
У сярэдзіне І тыс. да н. э. у Мэсапатаміі зьявілася гараскопная астралёгія. У ейны падмурак была пакладзеная ідэя пра тое, што жыцьцё чалавека вызначаецца астральнымі сіламі, што дзейнічаюць ад моманту нараджэньня ці пачацьця. Самы раньні з клінапісных гараскопаў, што захаваліся, датуецца 410 да н. э. Гараскопная астралёгія абапіраецца на матэматычную тэорыю, што дазваляе вызначыць становішча сьвяцілаў на небе ў адвольны момант часу. Асаблівае значэньне пры гэтым мела канцэпцыя Задыяку — вялікага кола на нябеснай сфэры, што дзеліцца на 12 роўных частак, г. зв. «Знакі Задыяку». З кожным з 12 знакаў Задыяку зьвязаная пэўная астралягічная зьява. Гараскоп мог быць складзены для любога чалавека. Ад ІІІ ст. да н. э. гараскопная астралёгія распаўсюдзілася ў эліністычным сьвеце. Ля яе вытокаў стаялі аўтары, вядомыя пад мітычнымі імёнамі Гермэса Трысмэгіста (ІІІ—ІІ стст. да н. э.), Нэхепса й Пэтасырыса (ІІ—І стст. да н. э.). Яна лучыла элемэнты грэцкае філязофіі й матэматычнае астраноміі й падзялялася на некалькі кірункаў, сярод якіх:
- сусьветная астралёгія — прагнозы, што тычацца рэгіёнаў, краінаў, гарадоў, кіраўнікоў, сацыяльных групаў;
- індывідуальная астралёгія — прагнозы, што тычацца лёсаў асобных людзей (да яе прымыкала мэдычная астралёгія);
- катархен-астралёгія — вызначэньне моманту часу, спрыяльнага для пачатку якое-кольвек справы;
- апытальная астралёгія — разьмеркаваньне астральных сілаў у момант, калі чалавек распачынае якую-кольвек справу.
З аграмаднае астралягічнае літаратуры, складзенай на грэцкай мове, найбольшым аўтарытэтам карысталася праца Пталемэя «Чацьверакніжжа», прысьвечаная сусьветнай і індывідуальнай астралёгіі. Вялікае значэньне ў астралёгіі мелі філязофскія ідэі стоікаў пра сусьветную сымпатыю, адпаведнасьці паміж макракосмам і мікракосмам. Астралёгія лучыла таксама нямала рэлігійных элемэнтаў (вартавыя знакаў, боствы плянэтаў і г. д.). Астралёгія падвяргалася рэзкай крытыцы ў адукаваных колах антычнага грамадзтва (сярод яе праціўнікаў былі Цыцэрон, Сэкст Эмпірык, філёзафы Новае Акадэміі). Некаторыя імпэратары спрыялі астралёгіі, іншыя, наадварот, выдавалі дэкрэты супраць астралёгіі, лічачы яе небясьпечнай.
У Сераднявечча астралёгія атрымала шырокі распаўсюд у многіх рэгіёнах Блізкага й Сярэдняга Ўсходу. У Заходняй Эўропе раньняга Сераднявечча астралёгія была практычна невядомая. Сытуацыя зьмянілася ў ХІІ-ХІІІ стст. пасьля таго як у Гішпаніі й Сыцыліі на лацінскую мову былі перакладзеныя творы грэцкіх і арабскіх аўтараў. Папулярнасьць астралёгіі ў Эўропе няўхільна расла, дасягнуўшы максымуму ў XV—XVI стст. Астролягі адыгрывалі важную ролю пры дварох эўрапейскіх кіраўнікоў. Многія эўрапейскія навукоўцы й нават служэбнікі Царквы цікавіліся астралёгіяй.
У астралёгіі ў Эўропе былі сур’ёзныя апанэнты. У XIV ст. супраць астралёгіі выступаў Мікалай Орэм, у эпоху Адраджэньня — Саванароля й Піка дэльля Мірандоля.
У XVII—XVIII стст. пераход да геліяцэнтрызму, тэлескапічныя назіраньні, стварэньне ньютанавае дынамікі прыслабілі давер да астралёгіі. Адкрыцьцё новых плянэтаў Сонечнае сыстэмы падарвала пазыцыі прыхільнікаў астралёгіі. У вачох навукоўцаў XVIII—XX стст. астралёгія — псэўданавука, што паразытуе на астраноміі.
Навуковая й рэлігійная крытыка, аднак, не спрычынілася да зьнікненьня астралёгіі. Сучасная астралёгія — спадчыньніца гараскопнае астралёгіі эпохі элінізму — папулярная як ў эўрапейскіх краінах, гэтак і ў краінах традыцыйнае ўсходняе культуры. Паралельна існуюць шмат астралягічных школаў і кірункаў, адрозных паводле сваіх установак і мэтодык. Напрыклад, заходняя астралёгія прызнала ролю вышэйшых (ня бачных зь Зямлі няўзброеным вокам) плянэтаў, тады як індыйскія школы астралёгіі не прымаюць іх да ўвагі.
Віды астралёгіі
рэдагаваць- Натальная астралёгія — адзін з галоўных і найболей разьвітых відаў астралёгіі, што займаецца прадказаньнем лёсу чалавека паводле ягонага гараскопу, складзенаму на месца і час нараджэньня чалавека.
- Мэдычная астралёгія — кірунак астралёгіі, прысьвечаны пытаньням здароўя чалавека.
- Сынастрычная астралёгія — падзел астралёгіі, што вывучае ўзаемаўплыў двух натальных гараскопаў розных суб'ектаў (людзей, устаноў, супольнасьцяў, краін і г. д.) для вывучэньня адносін паміж імі.
- Прадказальная астралёгія — падзел астралёгіі, прысьвечаны прадказаньню падзей у жыцьці чалавека.
- Харарная астралёгія — падзел астралёгіі, які займаецца пошукам адказу на пытаньне.
- Электыўная астралёгія — падзел астралёгіі, што вызначае найлепшы момант часу для зьдзяйсьненьня якіх-небудзь дзеяньняў.
- Мунданная астралёгія — падзел астралёгіі, што вывучае разьвіцьцё і ўзаемадзеяньне дзяржаваў, нацыяў і іншых вялікіх сацыяльных групаў.
- Астрамэтэаралёгія — падзел астралёгіі, што вывучае ўплыў плянэтаў на надвор’е.
Хрысьціянства й астралёгія
рэдагавацьСтаўленьне Хрысьціянства да астралёгіі заўсёды было ў цэлым адмоўным. У Бібліі астралёгія, як адна з формаў варажбы забароненая, паколькі любая варажба тлумачыцца, як зварот да д’ябальскіх духоўных сілаў (Кніга прарока Ісаі (47:13-14)). Шматлікія Доктары Касьцёлу абвяргалі астралёгію за прысутныя ў ёй элемэнты паганства й пропаведзь фаталізму. Нягледзячы на тое, што ў эпоху Позьняга Сераднявечча й Адраджэньня, шматлікія служэбнікі Царквы захапляліся астралёгіяй, у цэлым пазыцыя сераднявечных багасловаў была больш узважанай: зоркі ўплываюць, але не вызначаюць, бо ў чалавека ёсьць вольная воля, а таму душа, як духовая субстанцыя, ня можа быць прымушаная цялеснай субстанцыяй (да якой адносяцца й зоркі). Касьцёл абвяргаў ўсе прысутныя ў астралёгіі рэлігійныя й магічныя элемэнты. У 1586 годзе папа Сыкст V выдаў супраць астралёгіі булу «Caeli et terrae Creator» (пацьверджаная ў 1631 годзе Урбанам VIII у буле «Inscrutabilis indiciorum»), у якой у тым ліку забаранялася чытаньне й захоўваньне кнігаў па астралёгіі. Сёньня царква лічыць занятак астралёгіяй, а таксама веру ў астралягічныя прагнозы й гараскопы несумяшчальнай з хрысьціянскім сьветапоглядам.
Навука й астралёгія
рэдагавацьКрытычныя меркаваньні
рэдагавацьМеркаванне пра тое, што астралёгія — не навука (а псэўданавука), крытыкі засноўваюць на тым, што метадалёгія астралёгіі прынцыпова несумяшчальная з навуковай мэтадалёгіяй, прынятай на бягучы момант. Таму астралёгію крытыкі адносяць да забабонаў. Аднак крытыкі крытыкі астралёгіі, заяўляюць што астралёгія й не прэтэндуе на званьне навуковае дысцыпліны. Астролягі лічаць, што веды астралёгіі існавалі «апрыёры» — да досьведу чалавечага і зьяўляюцца часткай жывой прыроды.
У якасці аднаго з крытычных пытаньняў да астралёгіі як «навуцы» можна прывесьці наступнае меркаваньне: калі выказаць здагадку, што плянэты або нейкія іншыя астранамічныя аб’екты ўплываюць на жыцьцё людзей, то ці могуць астроягі адэкватна ацаніць сілу гэтага ўплыву? Ці ўплываюць усе аб’екты (у тым ліку аддаленыя зоркі, астэроіды, ізноў адкрытыя аб’екты тыпу квазараў, нэйтронных зорак і чорных дзюр) або толькі вядомыя з даўніх часоў найблізкія плянэты? І самае галоўнае: ці залежыць астралягічная моц узьдзеяньня ад адлегласьці? Калі таямнічая астралягічная сіла залежыць ад адлегласьці, дык астролягі робяць памылку, не ўлічваючы ў прагнозах сталыя і значныя зьмены адлегласьцяў паміж Зямлёй і кожнай з плянэтаў Сонечнае сыстэмы. Калі таямнічая астралягічная моц не залежыць ад адлегласьці, дык астролягі робяць памылку, не ўлічваючы ў прагнозах уплыў квазараў, пульсараў, чорных дзюр і іншых аддаленых касьмічных аб’ектаў.
Спробы вэрыфікацыі
рэдагавацьПрадпрымаліся статыстычныя дасьледаванні пэўнасьці астралёгіі (найболей вядомыя працы Мішэля Гаклена), што далі неадназначныя вынікі. Сэнс прац складаецца ў тым, што на падставе вялікага сьпісу гараскопаў «знакамітых людзей» паводле прафэсіяў параўноўваліся гараскопныя дадзеныя. Працы Гаклена паказалі адсутнасьць карэляцыі паміж характарам і відам дзейнасьці чалавека, з аднаго боку, і астралягічнымі парамэтрамі — знакам задыяку і становішчам плянэт у момант нараджэньня, зь іншага[1]. Пры гэтым адначасова былі выяўленыя некаторыя статыстычныя заканамернасьці, якія аднак былі палічаныя не настолькі відавочнымі, каб як-то пацьвердзіць астралягічныя сьцьвярджэньні. Статыстычныя адхіленьні былі ня вельмі вялікія, і іх карэктнасьць можа аспрэчвацца. Акрамя таго, крытэр значнасьці выбаркі лічыцца крытыкамі досыць адвольным, чаму вынікі Гаклена яны лічаць непаказальнымі.
Экспэрымэнт Форэра
рэдагавацьУ 1948 годзе псыхоляг Бэртрам Форэр правёў псыхалягічны экспэрымэнт: раздаў сваім студэнтам тэст асобы, каб па выніках тэставаньня падаць ім аналіз іх асобы. Аднак замест сапраўднага аналізу, ён даваў усім адзін і той жа расплывісты тэкст, узяты з гараскопу. Затым ён папытаў кожнага студэнта ацаніць па пяцібальнай шкале: наколькі апісаньне іх асобы адпавядае рэчаіснасьці. Сярэдняя адзнака апынулася роўнай 4,26. На адзнаку дакладнасьці апісаньня студэнтаў паўплываў у тым ліку і аўтарытэт выкладчыка. Пасьля экспэрымэнт быў паўтораны сотні разоў з тым жа вынікам[2].
Эфэкт Форэра атрымаў таксама назоў «эфэкт Барнума» — у гонар знакамітага амэрыканскага шоўмэна Фінэаса Барнума, які быў вядомы сваімі псыхалягічнымі маніпуляцыямі, і якому прыпісваюць фразу «У нас ёсьць што-небудзь для кожнага». Эфэктам Барнума шматлікія навукоўцы часткова тлумачаць фэномэн шырокае папулярнасьці астралягічных гараскопаў, хірамантыі і розных псэўданавук.
У адказ астролягі аргумэнтам супраць магчымасьці статыстычнае вэрыфікацыі называюць складанасьць і ўнікальнасьць кожнага пэўнага чалавечага лёсу, які прынцыпова не дазваляе правесьці навуковую вэрыфікацыю.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Астралогія і логіка. Аўдытарская праверка» на сайце Элементы.ру
- ^ Гл. * Forer, B. R. (1949). The fallacy of personal validation: A classroom demonstration of gullibility. Journal of Abnormal and Social Psychology, 44, 118—123..
Літаратура
рэдагаваць- Крыніца: Генадзь Курцік, «Католическая энциклопедия»