Маёмасьць

сукупнасьць рэчаў і матэрыяльных каштоўнасьцяў ва ўласнасьці, гаспадарчым вядзеньні або кіраваньні
(Перанакіравана з «Майно»)

Маёмасьць — сукупнасьць рэчаў і матэрыяльных каштоўнасьцяў ва ўласнасьці фізычнай або юрыдычнай асобы, дзяржавы ці ў гаспадарчым вядзеньні або кіраваньні арганізацыі.

маёмасьць
роля
Падкляса адтавар Рэдагаваць
Частка больш агульнагакапіталізм Рэдагаваць
Магчымыя прычыныканвэнцыя, мараль, прыроднае права Рэдагаваць
Вывучаецца ўэканоміка, палітычная эканомія, сацыялёгія, антрапалёгія, права Рэдагаваць
Мае якасьцьуласнасьць Рэдагаваць

Улучае грошы і каштоўныя паперы, а таксама неаддзельныя ад асобы правы, што не пераносяцца на іншую асобу (пэнсія і алімэнты)[1]. Прадугледжвае маёмасныя правы на атрыманьне рэчаў і маёмаснага задавальненьня ад іншых асобаў. Вызначае маёмаснае становішча праваўласьніка ў спалучэньні зь яго абавязкамі. Пры атрыманьні ў спадчыну і пераўтварэньні юрыдычнай асобы адбываецца правапераемства маёмасьці[2]. Права ўласнасьці на маёмасьць магчыма набыць на падставе дамовы куплі-продажу, мены, дарэньня і іншай угоды пра адчужэньне, такіх як рэнта. Перадачу права карыстацца маёмасьцю прадугледжваюць такія ўгоды, як наём, пракат, лізінг і пазыка[3].

Віды рэдагаваць

Правы і абавязкі рэдагаваць

Уласьнік мае права на ўласнае меркаваньне валодаць, карыстацца і распараджацца сваёй маёмасьцю, у тым ліку адчужаць яе ва ўласнасьць іншым асобам, перадаваць ім права валоданьня, карыстаньня і распараджэньня, а таксама аддаваць маёмасьць у заклад і давернае кіраваньне ды абцяжарваць іншым чынам. Пры гэтым уласьнік нясе цяжар утрыманьня маёмасьці і рызыку выпадковага яе псаваньня. Сярод іншага, не дапускаецца адмова на карысьць іншай асобы ад маёмасьці, якая ўспадкоўваецца паводле тэстамэнта, калі ўся маёмасьць спадчынадаўцы адпісана прызначаным ім спадкаемцам. Разам з тым, кожны са спадкаемцаў, хто прыняў спадчыну, адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах вартасьці спадчыннай маёмасьці, якая перайшла да яго[3].

Агульная маёмасьць рэдагаваць

Кожны з удзельнікаў сумеснай уласнасьці мае права заключаць угоды паводле распараджэньня агульнай рухомай маёмасьцю. Для распараджэньня нерухомасьцю патрабуецца пісьмовая згода ўсіх удзельнікаў сумеснай уласнасьці. Пазыкадаўца долевай або сумеснай уласнасьці пры недастатковасьці ў апошняга іншай маёмасьці мае права запатрабаваць выдзеліць долю даўжніка ў агульнай маёмасьці для накіраваньня на яе спагнаньня. Ён можа спагнаць доўг як праз выкуп суўладальнікамі, гэтак і праз суд шляхам аўкцыёну пры немагчымасьці вылучэньня долі ў натуры або нязгодзе суўладальнікаў на выкуп гэтай долі маёмасьці[3].

Падзел рэдагаваць

Маёмасьць у долевай уласнасьці, за выняткам той, што складае паявы інвэстыцыйны фонд, магчыма падзяліць між удзельнікамі на падставе пагадненьня шляхам выдзелу долі. Пры адсутнасьці згоды ўдзельнік долевай уласнасьці мае права ў судовым парадку патрабаваць выдзелу ў натуры сваёй долі з агульнай маёмасьці. Калі выдзел долі ў натуры не дапускаецца заканадаўствам або немагчымы без несувымернай шкоды агульнай маёмасці ўласнік, які выдзяляецца, мае права на выплату яму кошту яго долі іншымі ўдзельнікамі долевай уласнасьці (арт. 225 ГК Беларусі)[3].

Беларусь рэдагаваць

Паводле 13-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасьці свабоднага выкарыстаньня здольнасьцяў і маёмасьці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасьці». Згодна з 44-м артыкулам «уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасьцю як аднаасобна, так і сумесна зь іншымі асобамі». Пры гэтым «прымусовае адчужэньне маёмасці дапускаецца толькі паводле матываў грамадскай неабходнасьці пры захаванні ўмоваў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампэнсаваньнем кошту адчужанай маёмасьці, а таксама згодна з судовай пастановай». У 60-м артыкуле прадугледжвалася, што «з мэтай абароны правоў, свабодаў, гонару і годнасьці грамадзяне ў адпаведнасьці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампэнсаваньне маральнай шкоды». Паводле 107-га артыкула, Урад Беларусі «выступае ад імя ўласьніка ў дачыненьні да маёмасьці, якая зьяўляецца ўласнасьцю Рэспублікі Беларусь»[4].

Паводле 7-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «правы на маёмасьць, якая падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі, узьнікаюць з моманту рэгістрацыі гэтай маёмасьці або адпаведных правоў на яе». Згодна з 23-м артыкулам «грамадзянін адказвае па сваіх абавязках усёй маёмасьцю, якая яму належыць, за выняткам маёмасьці, на якую ў адпаведнасьці з заканадаўствам ня можа быць накіравана спагнаньне». Пры гэтым у 27-м артыкуле прадугледжвалася, што «маёмасную адказнасьць па ўгодах непаўналетняга ў веку да 14 гадоў, у тым ліку па ўгодах, ажыцьцёўленых ім самастойна, нясуць яго бацькі, усынаўляльнікі або апякун»[3].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Алімэнты // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 307. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  2. ^ Маёмасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 500. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  3. ^ а б в г д е А. Лукашэнка. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 сьнежня 1998 г. № 218-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 сакавіка 2020 г. Праверана 12 жніўня 2023 г.
  4. ^ Канстытуцыя 1994 году (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэфэрэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 2023 г. Праверана 12 жніўня 2023 г.