Майкл Пампэо

70-ы дзяржсакратар ЗША

Майкл Ры́чард Пампэ́о (па-ангельску: Michael Richard Pompeo; 30 сьнежня 1963 году, Орандж, Каліфорнія, ЗША) — амэрыканскі дыплямат і палітык.

Майкл Пампэо
анг. Michael Richard Pompeo
2018 год
2018 год
70-ы дзяржаўны сакратар ЗША
26 красавіка 2018 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Дональд Трамп
Папярэднік: Рэкс Тылерсан
6-ы кіраўнік Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША
23 студзеня 2017 — 26 красавіка 2018
Папярэднік: Джон Брэнан
Наступнік: Джына Хаспэл
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ЗША ад 4-й акругі штату Канзас
3 студзеня 2011 — 23 студзеня 2017
Прэзыдэнт: Барак Абама
Папярэднік: Тод Тыхарт
Наступнік: Рональд Эстэс
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 30 сьнежня 1963(1963-12-30)[1] (60 гадоў)
Партыя: Рэспубліканская партыя ЗША
Сужэнец: жонка Лэсьлі Лібэрт (1986), Сюзан (2000)
Дзеці: сын Нікалас
Бацька: Ўэйн Пампэо
Маці: Дораці Пампэо
Адукацыя:
Узнагароды:
ордэн Брыльянтавай зоркі

70-ы дзяржаўны сакратар ЗША (з 2018 году), 6-ы кіраўнік Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША (2017—2018). У лютым 2020 году наведаў Беларусь з працоўным візытам.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і амэрыканца італьянскага паходжаньня. Яго прадзед Карлё Пампэо і прабабуля Адэліна Толіс нарадзіліся ў італьянскім горадзе Пачэнтра (вобласьць Абруцца) ды перасяліліся ў ЗША ў 1899 і 1900 гадах. У 1982 годзе скончыў Лос-Амігаскую школу ў Фаўнтэйн-Вэлі (акруга Орандж, штат Каліфорнія), дзе гуляў у баскетбольнай дружыне нападнікам. У 1986 годзе скончыў Вайсковую акадэмію ЗША ў Ўэст-Поінце (штат Нью-Ёрк) па спэцыяльнасьці кіраваньне ў інжынэрнай справе ды быў лепшым у клясе паводле пасьпяховасьці. У 1986—1991 гадах служыў у Войску ЗША ў Заходняй Нямеччыне. У якасьці афіцэра 7-га кавалерыйскага палка 4-й пяхотнай дывізіі даслужыўся да капітана. У 1994 годзе атрымаў званьне доктара права ў Гарвардзкай школе права (Кембрыдж, штат Масачусэтс). У дактарантуры працаваў адным з 78 рэдактараў «Гарвардзкага часопіса права і публічнай палітыкі» і 81-мясцовай радзе рэдактараў «Гарвардзкага агляду права». Пасьля працаваў праўнікам у Вашынгтоне на ТАА «Ўільямз і Коналі». У 1998 годзе разам з 3-ма былымі аднакурсьнікамі скупіў 3-х вытворцаў самалётных дэталяў у Ўічыце (штат Канзас) і аднаго ў Сэнт-Люісе (штат Мізуры), якія злучыў у прадпрыемства «Тэер». Каля 20% сродкаў на скупку забясьпечылі мясцовае прадпрыемства «Промыслы Коўка», даласкае «Кардынальныя ўкладаньні» (штат Тэхас) і «Бэйн і кампанія» (Бостан, штат Масачусэтс). У 2006-м прадаў долю ў прадпрыемстве давернаму фонду «Хайлэнд» (Далас) і стаў кіраўніком «Сэнтры Інтэрнэшнл», дзе «Промыслы Коўка» таксама мелі долю. У 2007—2009 гадах быў дыяканам прэсьбітэрыянскай царквы і настаўнікам у нядзельнай школе.

Дзяржаўная дзейнасьць

рэдагаваць

У 2010 годзе абраўся дэпутатам ад Рэспубліканскай партыі у Палату прадстаўнікоў ЗША па 4-й акрузе штату Канзас. У якасьці перадбывабарчага ахвяраваньня атрымаў $80 000 ад «Промыслаў Коўка». У 2012, 2014 і 2016 гадах перавыбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ЗША, дзе працаваў у Пастаянным камітэце па выведцы і Сталым камітэце па энэргіі і гандлі. У Кангрэсе ЗША належаў да фракцыі канстытуцыяналістаў і браў удзел у руху чаяваньня ў складзе Рэспубліканскай партыі. 23 студзеня 2017 годзе заняў пасаду кіраўніка Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША. У лютым 2017 году наведаў Турэччыну, дзе дамовіўся з прэзыдэнтам Рэджэпам Эрдаганам пра супольныя захады супраць Ісламскай дзяржавы ў Сырыі. Таксама ў лютым наведаў Саудаўскую Арабію, дзе ўзнагародзіў спадкаемнага прынца Мухамэда ібн Наіфа мэдалём Джорджа Тэнэта. 1 красавіка 2018 году наведаў Паўночную Карэю, дзе перамовіў зь вярхоўным правадыром Кім Чэн Ынам для падрыхтоўкі сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША ў Сынгапуры 12 чэрвеня. 26 красавіка 2018 году заняў пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША. У жніўні 2018 году падзякаваў саудаўскаму спадкаемнаму прынцу Мухамэду ібн Салману за падтрымку ў паўночна-ўсходняй Сырыі. 23 студзеня 2019 году абвясьціў аб прызнаньні Хуана Гуайды ў якасьці выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы. У лістападзе 2019 году паведаміў, што ўрад ЗША перастаў разглядаць ізраільскія паселішчы на Заходнім беразе ракі Ярдан ў якасьці парушэньня міжнароднага права.

Беларусь

рэдагаваць
 
Майкл Пампэо (справа) на сустрэчы з А. Лукашэнкам (Менск, 1 лютага 2020 г.)

1 лютага 2020 году ў менскім Палацы незалежнасьці дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пампэо заявіў, што пасьля 12-гадовага перапынку ўрад ЗША прызначыць амбасадара ў Беларусі, «каб амэрыканскія прадпрыемствы былі тут». Таксама ён ухваліў супрацу з урадам Беларусі ў змаганьні супраць тэрарызму. Перад гэтым А. Лукашэнка згадаў, што ў бытнасьць Пампэо кіраўніком Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША (2017—2018) «на мяжы зь Беларусьсю разам затрымалі злачынцаў, якія перамяшчалі церазь мяжу ядзерныя матэрыялы ў бок Захаду». Дзяржсакратар ЗША адзначыў падпісаньне ўрадам Беларусі дамоваў зь Міністэрствам абароны ЗША, Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў і Ўправай па барацьбе з наркотыкамі пры Мін’юсьце ЗША. Ён заўважыў: «Гэта палепшыць сумесную працу ў такіх галінах, як бясьпека межаў, кібэрбясьпека, барацьба зь незаконным абарачэньнем наркотыкаў». За зачыненымі дзьвярыма прайшлі перамовы наконт уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю[3].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць